Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
– Ну, прывітанне, маманя. Як ты тут пажываеш?
– Ды так нічога, у мяне усё добра, сынок, – радасна прамовіла Міхайлаўна і пяшчотна дакранулася да сынавай левай рукі. – А як у цябе справы – рука не баліць?
– Ды што ты, маманя, усё прыстаеш з гэтай рукой, – злёгку абурыўся сын.—Ты ж бачыш, які я здаровы. Хоць зараз у воз запрагай! – пайграў ён пругкімі мускуламі.
– Ну і дзякуй Богу, сынок, – з палёгкай уздыхнула Міхайлаўна.
Пасля таго, як Петрусю зрабілі ў Маскве ўдалую аперацыю, яна яшчэ цэлыя чатыры гады вазіла хлопца туды на нагляд за прыжыўленай донарскай косткай. Потым сын падрос, паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, але пасля яго заканчэння пайшоў у гандаль – адкрыў у Мінску на кірмашы некалькі кропак. І цяпер у сына ўсё слаўна: уласны катэдж пад Мінскам, замежная машына, маладая прыгожая жонка… Праўда, бацькоўскую хату Пятрусь наведваў не часта, але Міхайлаўна не крыўдавала на яго. У сына ж столькі клопатаў на гэтым кірмашы – з раніцы і да позняга вечара кожны Божы дзень на ім! Таму была вельмі радая кожнаму ягонаму прыезду…
Прайшоўшы з сынам у хату, яна хуценька накрыла на стол. Счакала, пакуль сын уволю пачастуецца хатняй ежай, спыталася з надзеяй у голасе:
– Ты мо пераначуеш, сынок? На дварэ ж ужо шарэе…
– Не, я ненадоўга, маманя. І са справай да цябе, – выцер аб працягнуты маці ручнік Пятрусь рукі і, устаўшы з табурэта, палез у чорную скураную барсетку, якую прывёз з сабой, выцягнуў адтуль нейкую паперу, паклаў яе на чысты ўскраек стала.
– Хопіць табе, маманя, тут ужо адной гараваць, – вымавіў ён. – Дом прададзім. Мне якраз грошы патрэбны. Хачу новы шапік на кірмашы паставіць. Я ўжо і пакупніка на дом знайшоў. Падпішы вось гэтую паперу, – выцягнуў сын з кішэні пінжака залацістую ручку.
– Як скажаш, сынок, – схіліўшыся над аркушам, паставіла ў падказаным месцы Міхайлаўна сваю нязграбную закавыку.
Разагнула паволі старую спіну, запыталася:
– А я куды, сынок, да цябе ў Мінск?
– Ды не, маманя, – хутка адказаў Пятрусь, падхапіўшы са стала паперу. – Ты ж ведаеш, мы ж з жонкай усе дні на рабоце. А за табой нагляд патрэбен. Я дамовіўся ў райвыканкаме, каб табе выдзелілі месца ў інтэрнаце пад Мінскам. Там добра кормяць, даглядаюць, урачы заўсёды на месцы… На днях заеду за табой, адвязу. Ну ўсё, мне ўжо трэба ехаць. Тавар новы прывязуць вечарам, – зашпіліў сын сваю скураную барсетку.
Міхайлаўна пайшла следам за сынам на двор, праводзіць яго.
– Ты толькі хутка не гані машыну, – папрасіла яна, калі Пятрусь усеўся за руль.
Счакала, пакуль сынава машына схаваецца за паваротам, вярнулася ў хату, акінуўшы яе, бы тую сіраціну, жалобным позіркам, скрушна глянула ў акно на хмарнае неба, што пачынала ўжо налівацца чарнатой на ўсходзе. Яе агортвалі самотныя думкі. Не, не прыме яна прапанову сына – не паедзе ў гэты інтэрнат для старых. Навошта жыць сярод незнаёмых чужых людзей без усялякай справы? Няхай сын, калі яму так патрэбны грошы, прадае дом. А яна знойдзе дзе–небудзь сабе прытулак… Вось толькі шкада было развітвацца з тым кутком, дзе прайшло ўсё яе гаротнае жыццё. Міхайлаўна, азірнуўшыся на пакой, ражком белай хустачкі выцерла на вачах слёзы. І, узняўшыся з табурэта, прыбрала посуд са стала ўжо не свайго, а чужога дома…
Раніцай, перахрысціўшы асірацелую хату, яна з невялічкім клункам за спінай пакінула назаўсёды родны падворак…
Больш у вёсцы пра Міхайлаўну нічога не чулі, толькі аднойчы сярод вяскоўцаў прайшла чутка, што падобную на яе жанчыну нібыта бачылі ў адным далёкім жаночым манастыры. Стоячы на каленях перад абразком Маці Боскай, сівая манашка з раніцы і да вечара бесперапынна малілася – прасіла ў нябеснай заступніцы здароўя і дабрабыту для свайго заблукалага дзесьці ў свеце сына…
РАПСОДЫЯ СТАРЫХ ПАЛАЦАЎ
навела
Чырвонае вока сонца ўжо схiлiлася на пажухлым восеньскім даляглядзе, адкiдваючы ружовую пасму–цень на сiняватыя азёрныя хвалі, што неспакойна ўздыхалi пляскамі перад велiчным замкам, які, бы той непрыступны бастыён, узнiмаўся на пакатым узвышшы.
Панна Ядвiга, прапынiўшы белую кабылу, спрытна саскочыла з потнай спіны жывёлы на жоўтую пляму сцяжыны. Яська перахапiў у панны ляйчыну, i яны паволi пад прыцiшанае ржанне за спiнамi стомленных коней рушылі ўздоўж векавых дрэваў, што падступалі да замка з ўсходу. Парывiсты паўночны вецер шапацеў сухiм пажоўклым лiсцем. Зрываючы яго з магутных дрэваў, ён вiхурай уздымаў лёгкія залатыя манеты ўгору, потым акуратна апускаў iх унiз, слаў тонкай коўдрай на сцяжыну. Панна Ядвiга зашпiлiла каўнер свайго прыталенага кажушка. Было прахалодна. Ноччу, падобна, надарацца замаразкi. Параўняўшыся з дзяўчынай, Яська пакасiў вочы на ейную статную фігуру. Прыгожы бялюткi твар панны Ядвiгi сёння быў задуменным, у вялікіх выразных вачах адбівалася занепакоенпсць. Амаль усю вячэрняю прагулку панна ехала па пералеску моўчкi. Яна час ад часу нервова падганяла кабылу ў трывожную рысь – яе яўна штосьцi турбавала. Яська быў насцярожаны. Калi маладая панна надта рэзка скакала ў гушчар зялёных прысадаў, ён моўчкi падсцёўбваў свайго Русака, даганяў і асаджваў нервовы парыў белай кабылiцы. Спытацца ў Ядвігі аб прычыне дрэннага настрою хлопец адважыўся толькi зараз, калi яны наблiжаліся да радавога гнязда маладой панны. Ён вельмi моцна кахаў панну Ядвiгу, i ўжо больш за год тая адказвала яму ўзаемным пачуццем, але Яська нават на хвiлiну не забываўся, што ён – толькi просты сялянскi хлопец, служка князя, а панна – знакамiтага на ўсю Еўропу роду…