Гэта самотная зорка Венера
- Автор: Аляшкевіч Аляксандр
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Гэта самотная зорка Венера». Краткое содержание книги:
А дзевятай гадзіне – з дзвумя перасадкамі – Міхайлаўна нарэшце дабралася да інстытута. Шматпавярховы, шырачэзны, з вялікімі прамавугольнымі вокнамі, ён стаяў на рагу дзвюх шумных вуліц, бы той велічны статуй. Яна не адразу адшукала сярод мноства празрыстых шкляных дзвярэй патрэбны ўваход. Але імя прафесара, якое яна назвала пажылому падцягнатаму вахцёру, падзейнічала на таго магічна, і мужчына паказаў на доўгі шырокі бакавы калідор…
Прафесар Ліманаў прыняў яе па запісе толькі пасля абеду. Высокі, хударлявы, з маленькімі і чорнымі, як смала, вусікамі, у караткаватым белым халаце, ён доўга свідраваў глыбока пасаджанымі вачыма здымак, які прывезла Міхайлаўна, нарэшце, зморшчыўшыся, перавёў на вясковую жанчыну свой задуменны позірк.
– Дарэмна вы, шаноўная, прыехалі ў такую далеч, – сумна сказаў ён. – Наш інстытут не робіць пацыентам падобныя аперацыі. Пакуль па гэтай хваробе мы ставім доследы толькі на жывёлах, і не вельмі ўдалыя…
Ён хвіліну памаўчаў, задумліва разглядаючы здымак, пасля скрушліва дадаў:
– Таму, на жаль, нічым не магу дапамагчы вашаму сыну. Дарэмна вы ехалі…
Прыкусіўшы да болю і крыві ніжнюю губу, Міхайлаўна ацяжэлымі нагамі пакінула інстытут. Яна доўга ў скрусе ішла па вуліцам, размаўляючы сама з сабой. На вакзал прыехала ўжо ў прыцемках. Доўга выглядала ў раскладзе зваротны цягнік на Мінск. Той ішоў толькі раніцай. Яна апусцілася ў шумнай зале чакання на пластмасавую лаўку і адразу, знясіленая, правалілася ў нейкі неспакойны трывожны сон…
На досвітку, падхапіўшыся, рушыла на перон да цягніка і раптам, павярнуўшыся, пайшла да аўтобуснага прыпынку. Не, не для гэтага яна ехала ў такую далеч, каб вярнуцца дамоў да сваёй гаротнай крывінкі з нічым. Не для гэтага…
Даехаўшы да інстытута, Міхайлаўна цярпліва стаяла на ягоным пляцы перад уваходнымі дзвярыма, абмацваючы вачыма людскі натоўп, які спяшаўся ў будынак, пакуль нарэшце не прыкмеціла ў ім знаёмую хударлявую фігуру прафесара, і тут жа апусцілася перад ім на калені…
Устала яна з прахалоднага каменя толькі ўвечары, калі гучны людскі струмень, раўнадушна абцякаючы яе, прасунуўся міма… Назаўтра, неяк агораўшы ночку на цвёрдай вакзальнай лаўцы, яна зноў прыехала да інстытута…
Прафесар Ліманаў пасля завяршэння аперацыі ў аддзяленні хірургіі падняўся на ліфце ў свой кабінет, спаласнуў рукі і спацелы лоб, выцерся мягкім ручніком, з палёгкай уздыхнуў, узняў вочы на медсястру, што сядзела за сталом і штосьці пісала ў тоўсты сшытак.
– Стаіць тая беларуская жанчына? – ціха пацікавіўся ён.
Мажная маладая жанчына адарвала вочы ад паперы, па ейным круглым ружовым твары прабёг цень спачування і жалю.
– Стаіць, Аляксандр Мікалаевіч! Ужо сёмы дзень, – з раніцы да поздняга вечара. І адкуль толькі ў яе бяруцца сілы? Ці гэта мацярынскае сэрца іх так надае?
Прафесар Ліманаў павесіў рушнік, ступіў да акна, адсунуў рукой рог фіранкі, зірнуў на вуліцу. Жанчына сіратліва стаяла на каленях пасярод шэрага інстытуцкага пляца. Позірк ейных стомленых вачэй быў скіраваны ў бок ягонана кабінета. Парывісты вецер кудлаціў на галаве доўгія русыя валасы, што выглядалі з–пад лёгкай цёмнай хустачкі…
– Ідзіце, прывядзіце гэтую жанчыну сюды, – задумліва сказаў прафесар.—Толькі адагрэйце яе спачатку кавай…
– Вы вырашылі ўзяцца за аперацыю? – спытала медсястра. – Але ж яна вельмі складаная, і ў гэтай вясковай жанчыны не будзе чым заплаціць…
– Аформім за кошт інстытута, як першы добраахвотны эксперымент на чалавеку. Руку яе малому сыну мы ж у любы час паспеем адняць. А раптам што і атрымаецца? Завіце жанчыну. Няхай едзе, вязе свайго хлопца…
Калі праз прыадчыненае акенца пачуўся гук матора, Міхайлаўна, пакінуўшы завіхацца ля печы з чыгунамі, у якіх гатавала вячэру, з затоенным дыханнем выбегла на двор. Каля веснічак стаяла вялікая чорная сынава машына. З яе вылез Пятрусь – высокі, статны, з мужным загарэлым тварам, у прыгожым цёмным касцюме.