Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Людзі імянітыя (лац.).
* * *
На хаўтуры ў дом баярына Агапія прыехаў вялікі князь новагародскі Раман Данілавіч.
Толькі селі мужы імянітыя за памінальны стол, як унізе, ля брамы, усчалася мітусня. Баярыня Яўлампія, у сваёй карычневай сукні і чорнай намітцы падобная да тоўстага хрушча, жвава патрусіла па лесвіцы, вокамгненна, з кішэні дастаўшы маленькае люстэрка, зіркнула ў яго, азірнуўшыся, каб не пабачыў хто ейнай слабасці. У вялікай стольніцы, дзе сцены былі размаляваныя фрэскамі, лавы абцягнутыя чырвоным сукном, а вялікія вітыя свечы ў сярэбраных падсвечніках былі ў тон талеркам, на якіх па сталах раскладзены быў багаты пачастунак, усё змоўкла, і ў паветры павіс урывак размовы паміж стогадовым старцам Аленем і васьмідзесяцігадовым ягоным сынам:
— …раней такіх людзей хавалі з канём і рабамі, а побач клалі рысіныя і мядзведжыя кіпцюры, каб на Шкляную гару, на суд багоў, лацвей было караскацца, а зараз што? Апусцілі ў дубовай калодзе дый ручнік з грабянцом толькі і паклалі…
Хрысціяне ж былі задаволены тым, як хавалі Агапія: адпяванне ў царкве ішло амаль дзве гадзіны, на магіле быў пастаўлены вялікі крыж, зрублены з моранага дуба. Аднак жа пасвяціў магілу ўслед за праваслаўным епіскапам і біскуп Хрысціян, якога некалі пасвячаў у сан папскі легат Альберт і які старанна пашыраў межы каталіцкага біскупства. Адбылося ж тое па жаданні Яўлампіі, якая сталася блізкай і пры двары Гертруды. Таму моўчкі гадалі прысутныя, каго прывядзе на памінкі князь Раман — самога біскупа ці, можа, каго з заморскіх паслоў?
Аднак за Раманам ішоў толькі малады крыжак у кароткім ордэнскім плашчы з нашытым на ім чорным крыжам. Жывена амаль не звярнула на яго ўвагі: стоячы ля дзвярэй, яна разам з родзічамі схілілася перад князем Раманам, паспеўшы заўважыць насцярожаны позірк і моцна высунутыя сківіцы, а таксама рэдкія русявыя валасы, што віліся па шчоках. Ён упэўнена прайшоў на пачэснае месца, побач пасадзіў крыжака, і Яўлампія, віючыся ўсім сваім мажным целам, пачала частаваць знатнага госця.
Пасля, калі добра нагаварыліся пра нябожчыка і стол напалову апусцеў, а на двары падняўся брэх з-за аб'едкаў зайчаціны, вепручыны, дзічыны, якія выкінулі гончым і вартавым сабакам, князь, заядаючы кіпрскае віно мігдалавымі бубкамі, пачаў распавядаць пра нядаўні паход разам з бацькам на Апаву, дзе атрымаў перамогу над войскам чэшскага караля Пшэмыслава ІІ Атакара, жанатага з пляменніцай герцага брандэнбургскага. Той таксама аспрэчваў правы на аўстрыйскае герцагства, аднак на гэты раз адступіўся.