Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Дрэвабарод, ірвануўшыся, узьняўся з ложка й пляснуў даланёю па стале. Келіхі зь сьветлазарнай вадкасьцю ўздрыгнулі, выкінулі ўгару струмяні палымянага сьвятла. I ў вачох энта бліснула зялёнае полымя, а барада ўстапырылася.
– Я гэта ўсё спыню! – загрукатаў ён. – А вы пойдзеце з мною. Мо й дапаможаце. I сваім сябрам паспрыяеце гэткім чынам, бо калі Сарумана не спыніць, дык у Рохану з Гондарам ворагі будуць і наперадзе, і ззаду. Цяпер наш шлях разам – на Ізенградак!
– Мы з вамі, – пацьвердзіў Мэры. – Зробім, што здолеем.
– Так! Хацелася б пабачыць, як гэную Белую Руку разьнясуць ушчэнт! – выклікнуў Піпін. – Я пайду, нават калі зь мяне ня будзе там аніякай карысьці: аніколі я не забудуся на Ўглука й дарогу праз Рохан.
– Файна, файна! – адгукнуўся Дрэвабарод. – Але ж я прамовіў пасьпешліва. А сьпяшацца ня трэба. Раззлаваўся я. А трэба прахаладзіцца, спакойна памеркаваць. Бо ж лягчэй гукаць "Спыню, спыню!", чымся зрабіць крок.
З тым падышоў да аркі ўваходу й прастаяў колькі часу пад кропельнаю завесаю. Тады засьмяяўся, атросься, і кроплі вады з блішчынкамі зьляцелі зь яго на падлогу, зазіхацелі чырвонымі й зялёнымі яскраўкамі. Тады вярнуўся, лёг на ложак зноў і змоўк.
Неўзабаве хобіты пачулі, як ён знову замармытаў. Падавалася, лічыў на пальцах.
– Фангарн, Фінглас, Фладрыф, так, так, – энт уздыхнуў, – бяда, няшмат нас засталося, – павярнуўся да хобітаў. – Толькі тры з тых, што крочылі па лясох да Вялікай Цемры: я, Фангарн ды шчэ Фінглас з Фладрыфам – гэта калі па-эльфску называць, а па-вашаму, калі хочаце іх так клікаць, Лістун з Караскурам. Прычым ад Лістуна з Караскурам амаль няма карысьці. Лістун прыспаў, амаль адрэвіўся, так бы мовіць. Стаіць сам сабе ўсё лета, і трава лугавая навокал ажно па калена. Увесь зарос валасамі-лістамі. Звычайна ўзімку прачынаўся, але апошнім часам быў надта сонны, каб рухацца. А Караскур жыў на схілах на захад ад Ізенградку. Там сталася найгорш. Яго паранілі оркі, пазабівалі й панішчылі шмат радзіны й дрэваў. I ён сышоў высока ў горы, жыве сярод сваіх найулюбёнейшых бярозак і ўніз ужо ня спусьціцца. Аднак, мяркую, я мог бы сабраць якіх маладзейшых, калі б толькі здолеў пераканаць іх, растлумачыць патрэбу й узьняць. Бо мы – зусім не пасьпешлівае племя. Як шкада, што нас так мала!
– А чаму ж мала, калі вы столькі часу жывяце тут? – спытаў Піпін. – Многія памерлі?
– Не, не! Аніхто знутры не памёр, як вы сказалі б. Зь некаторымі здаралася якое ліха, усё бывае цягам доўгіх гадоў. Большасьць адрэвіліся. Але ж нас аніколі не было шмат, і колькасьць нашая не павялічваецца. Бо ў нас няма энцянятаў – малых, па-васкаму, – даўно, надзвычай даўно. То ж бо, гляньце, энтавак з намі няма.
– Як сумна! – выклікнуў Піпін. – А як жа гэта яны ўсе загінулі?
– Яны не загінулі! Я не казаў: памерлі. Яны згубіліся, сышлі ад нас. А мы ня здолелі іх знайсьці. Калісьці шмат песьняў сьпявалі й эльфы, і людзі ад Гондару да Ліхалесься пра тое, як энты шукалі энтавак. Ня можа быць, каб на іх цалкам забыліся.
– Баюся, тыя песьні не дабраліся праз горы да Шыру, – сказаў Мэры. – Мо вы нам распаведзяце болей ці прасьпяваеце якую песьню?
– Так, чаму ж не распавесьці, чаму не сьпяяць? – пагадзіўся Дрэвабарод, відавочна задаволены просьбай. – Але ж адпаведна распавесьці ня здолею, толькі коратка, бо раніцою мушу склікаць раду, і выконваць шмат працы, і, мажліва, пачаць нашае падарожжа.
– Дзівосная й сумная гэтая гісторыя, – пачаў энт, крыху падумаўшы. – Калі сусьвет быў малады й лясы стаялі паўсюль, дзікія й неабсяжныя, тады энты й энтаўкі жылі разам і разам працавалі. Ах, і маладзіцы, і дзяўчаты гулялі тады! Якая прыгожая была мая Фімбрэтыль, Галіначка мая легканогая, у дні маладосьці! Але ў сэрцах нашых па-рознаму расла любоў да жывога: бо энты любілі тое, што сустракалі ў сьвеце, дзікія, вольныя рэчы, а энтаўкі – зусім інакшыя. Энты любілі вялікія дрэвы, дзікія лясы, схілы высокіх гор, пілі з горных струменяў, а елі толькі паданкі, насыпаныя дрэвамі да іх ног. Энты перанялі навучэньне ад эльфаў і размаўлялі з дрэвамі. А энтавіцы болей упадабалі малыя дрэвы, сонечныя лужкі за ўзьлескамі, замілоўваліся цёрнам у гушчары, дзікімі яблыкамі й вішнямі ў веснавой квецені, зеленатраўем на летніх панізьзях ды ўрадлівай восеньскаю травою, якая сыпле буйным дасьпелым насеньнем. З гэтымі рэчамі яны не размаўлялі. Хацелі толькі, каб тыя слухалі іх і выконвалі загаданае. А загадвалі ім – расьці, як энтаўкам хацелася, ды пладнець, бо энтавіцы любілі парадак, заможнасьць і спакой (а пад ім разумелі, што ўсё павінна заставацца менавіта такім, як яны ўладкавалі). Таму энтавіцы зрабілі сабе сады дый жылі ў іх. А мы, энты, бадзяжылі й толькі зрэдку наведвалі іхнія сады. Потым на поўнач абрынулася Цемра, энтаўкі перайшлі Вялікую раку, і зладзілі сады там, і абаралі новыя палі... а мы бачыліся шчэ радзей. Калі Цемру адолелі, зямля энтавак буйна расквітнела, іхнія палі поўніліся зернем. Шмат хто зь людзей вучыўся ў энтавіц, і шмат было ім пашаны, а мы зрабіліся паданьнямі, змрочнай таямніцай лясных гушчароў. Але ж тут мы й засталіся, а ўсе сады энтавіц ужо спустэчаныя. Людзі клічуць іх цяпер Бурыя землі.