Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Па ўсіх вольных сьценах галерэі былі разьвешаныя вялікія аркушы паперы, на якіх госьці выставы маглі пакідаць свае ўражаньні ад сьвята і пажаданьні «юбіляру».
Я адкрыў Дзень перамогі ўрачыстай прамовай:
— Кажуць, самае цяжкае — вытрымаць першы год. І мы яго вытрымалі. Вось мы перад вамі, усе жывыя, усе працуюць, ніхто з ТВЛ ня выйшаў. Хоць і прарочылі немагчымасьць існаваньня ў гэтай краіне чаго-небудзь альтэрнатыўнага.
Я казаў хвілін 10-15, як таго й патрабуе фармат урачыстай прамовы на Дзень перамогі.
— Мы будзем непаўторныя і паліфанічныя, як лес, што складаецца з розных раслін, каб застацца шчырымі і натуральнымі ў сваёй творчасьці.
Патасна закончыў я свой выступ, які быў сустрэты бурнымі воплескамі.
Затым была літаратурная частка. Тэвээлаўцы чыталі свае вершы. Натуральна, усе чакалі выступаў Юрыя Гуменюка і Славаміра Адамовіча. Абодва паказалі сябе ва ўсіх сваіх творчых іпастасях — перадусім у паэтычных і акторскіх. Іранічы і дэкадэнцкі Гумянюк чытаў вершы з новай кнігі «Твар Тутанхамона». А вялікі аматар «чорных кашуль, партупеі і галіфэ» Адамовіч упершыню прадэклямаваў на публіцы верш «На стварэньне "Правага реваншу", які потым будзе надрукаваны ў ягонай кніжыцы «Зваротныя правакацыі», што таксама, як і «Зямля Ханаан», неўзабаве пабачыць сьвет у «Полацкай лядзе».
Ня менш цікавай і зьмястоўнай атрымалася музычная частка сьвята. У Полацак прыехалі Лявон Вольскі і Кася Камоцкая, лідарка рок-гурта «Новае Неба». Полацкі рок-клюб прадстаўлялі Алесь Кузьмін, Валеры Вашчанка і Сяргей Анішчанка (Аніса). Культуроляг і журналіст газэты «Культура» Юрась Барысевіч, які асьвятляў падзею для свайго выданьня, назваў гэты склад музыкаў «зборнай Беларусі па року».
Сьвята атрымалася на славу! Затым усіх гасьцей запрасіў да сябе Сяржук Цімохаў. Толькі ў гадзіну ночы пачалі разьяжджацца, поўныя ўражаньняў і сьветлых пачуцьцяў.
* * *
Мы сядзелі зь Юрам у беластоцкай кавярні побач з Чырвоным касьцёлам. З другога паверху кавярні касьцёл быў як на далоні. На наступны дзень зьбіраліся ехаць у Варшаву на прэзэнтацыю майго першага раману «Палімпсэст».
Юра ўжо зусім ня быў падобны да таго ружовашчокага юнака, які натхнёна чытаў вершы ў полацкай галерэі «Рыса». Ён быў задуменны.
— Затое мы ня скурвіліся, — раптам сказаў ён, як нейкі працяг сваіх думак.
— Ты пра што? — спытаў яго я.
— Пра нас, пра ТВЛ. — Юра не любіў казаць пра гэта, але я ведаў: ён перажываў за тое, што жыцьцё выбіла тэвээлаўцаў з мэйнстрыму і выкінула на ўзбочыну. Юра відавочна хацеў яшчэ хоць раз трапіць пад сафіты, якія зазнаў у маладосьці.
— Затое ў нас ёсьць біяграфія, Юра, — пачаў супакойваць я яго. — Доўгі час усе скардзіліся і наракалі, што на Беларусі ніколі не было свайго андэграўнду, чагосьці падпольнага. Мы стварылі гэта, Юра.
— Ну так, але галоўнае, што мы ня скурвіліся, — Юра не пакідаў сваёй ранейшай думкі. Ён нават павесялеў, нібыта штосьці зразумеў і ад гэтага яму стала лягчэй. — Мы пасьпелі гэта зрабіць, — сказаў ён ужо больш упэўненым голасам.
Частка чацьвертая
Запрашэньне на сустрэчу з варожкай Соф’яй я знайшоў у сваёй паштовай скрыні. У адмысловай улётачцы было напісана, што Соф’я дапамагае ў вырашэньні розных сямейных канфліктаў, бароніць ад сурокаў і іншых непамыслотаў. Па шчырасьці, якое-кольвечы варажбіцтва мяне ніколі не цікавіла. Не сачыў я за гараскопамі і не наведваў варожак. Але тут вырашыў схадзіць і зрабіць матэрыял для газэты.
Сустрэча адбывалася ў полацкім Палацы культуры будаўнікоў. Ужо ў фае я пабачыў вялікі натоўп людзей. Увесь гэты людзкі збой нагадваў старыя фільмы Эйзэнштэйна, калі нямоглыя калекі прасілі цудаў. Заля была поўнай.
Нічога дзіўнага падчас выступу варожкі Соф’і не адбылося. Сустрэчу хутчэй можна было назваць лекцыяй пра тое, што ўсё ў сьвеце знаходзіцца ва ўзаемасувязі; што слова і думка маюць магутную сілу, якой, па неасьцярожнасьці, можна нанесьці вялікую шкоду сабе і навакольным; што трэба быць уважлівым і бараніцца ад сурокаў. Асобна Соф’я тлумачыла, як змагацца з алькагалізмам і ратаваць ад зялёнага зьмія сваіх мужоў. Вакол сцэны стаялі тры ладнага целаскладу хлопцы, якія, відавочна, выконвалі ролю целаахоўнікаў. Пасьля лекцыі варожка адказала на пытаньні і на гэтым усё скончылася. Я хуценька выйшаў у фае, каб перахапіць госьцю на выхадзе. Але целаахоўнікі імкліва правялі Соф’ю ў асобны пакой і нікога да сваёй гаспадыні не падпусьцілі. Ахвочых пагутарыць сам-насам зь ёй было шмат. Я падышоў да аднаго зь целаахоўнікаў, паказаў журналісцкае пасьведчаньне і сказаў, што хацеў бы ўзяць у варожкі інтэрвію. Ахоўнік папрасіў пачакаць, зайшоў у пакой. Празь некалькі хвілін ён выйшаў і сказаў, што мне дазволена ўзяць невялікае інтэрвію — маю на тое 15 хвілін.