Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Зверху акна выглядвала поўня. Толькі ражком напачатку паказалася, а потым і ўся выпаўзла – стаілася між фіранак. Гэта нядобра, ведала Ева, калі месяц свеціць прама ў твар – для галавы кепска, дурной яна тады робіцца, незразумелае пачуццё ахоплівае чалавека, губляецца кантроль над думкамі і паводзінамі...
Але не адварочвалася ад акна і ад поўні, – глядзела, насуперак сваёй жа прасцярожлівасці, на круглы сланечнік, як бы знарок падстаўляла твар пад халодныя месячныя промні... Ды што ёй баяцца і асцерагацца цяпер, калі апусцілася яна на самае дно жыцця, упала з вышыні свайго прыдуманага шчаслівага палёту ў такі бруд, у такое пекла, што і дарогі назад няма, – і цяпер ужо ніхто не выбавіць яе з яго, нават і сам Бог... Бо найперш перад Богам яна правінавацілася, найбольш перад Ім...
“Божа, Божа, навошта Ты аддаў мяне на такі здзек і знявагу, на такія пакуты і паслаў мне такія выпрабаванні? Для чаго? Ты ўсё адабраў ад мяне, пазбавіў усяго... З-за чаго? Не перашкодзіў, не абярог ад ганьбы, ад пакут... Ведаю, што Ты даў мне крылы, і неба, і шчасьце... Але ці то я сама ўсё адрынула ад сябе, забыўшыся на Тваю перасцярогу і папярэджанне, ці Ты перадумаў і вярнуў назад? Не ведаю, Божа, не ведаю... А цяпер ці то Ты караеш мяне, ці то я сама караю сябе, не разабраць...”
Не, яна не шкадавала сама сябе, але слёзы міжволі скатваліся на падушку. На душы холадна і абыякава, і таму слёзы не апякалі вочы, а цяклі самі па сабе, як капяжы вясной, калі прыходзіла цяпло...
Эх, Ева, Ева, прыгажуня Ева!
Якой ты была, а якой стала, якой прыйшла ты да свайго чарговага выпрабавання? Жах! Была прынцэсай, а стала кім? Бамжыхай? Чалавекам без душы і без жаданняў. І хто вінен у тым, з чыёй ласкі так усё сталася? Выпадак? Нешчаслівы збег абставінаў? Сатана ножку падставіў? Нікога не вінаваціць Ева, тольку самую сябе.
Эх, каб вярнуць усё, пачаць жыццё спачатку!.. Ды напісана, на вялікі жаль, частка кнігі яе жыцця, на чысты аркуш перапісана, а чарнавікі ўсе спалены ў печы бяздумнасці. А шкада, ой як шкада!.. Якім шчаслівым магло б наладзіцца жыццё, мог напаткаць яе шчаслівы лёс, мару магла ператварыць у казку і цуд, – і мела яна для таго ўсе магчымасці і ўмовы. Ды выпусціла з рук Еўка свой адзіны шанец, прагледзела яго, не сышла своечасова з поезда на патрэбнай станцыі, праехала яе. Хаця ж, перад гэтым, нешта ці нехта штурхаў яе пад бок, гаворачы: “Сыйдзі, дзяўчынка, сыйдзі... Далей ехаць небяспечна, пад адхон ідзе дарога, ды і рэйкі пад коламі крывыя, ды і шпалы пад імі гнілыя, хісткія...”
Не пачула таго слабога і ціхага поклічу, не ўздрыгнула сэрца, не ёкнула нават, наадварот, зажмурыўшы вочы, уздыхнула, сама сабе праказала з незразумелай абыякавасцю: “А, будзе, што будзе!..” І паплыла па цячэнні, немаведама на што спадзеючыся, – нават і вясла ў рукі не ўзяла, каб сваю лодку да берага прыгнаць, ды і прывязаць ланцужком да бетоннага слупа, каб ніякі ўраган не занёс той човен на глыбіню і не раструшчыў важкімі хвалямі...
Цякуць слёзы ў Еўкі, не спыняюцца, а на душы ў яе пуста, маркотна і горка...І поўня, як і яна, стала маркотнай, і, каб не паказваць свайго твару, за шэрае воблака схавалася...
Вечары адпачынку ў медвучылішчы ладзілі як не кожную суботу.
Танчылі пад радыёлу, пад акардэон, на якім імпэтна іграў выкладчык фізкультуры Зміцер Драбук.На скокі прыходзілі і мясцовыя хлопцы – з Кармы. Заглядвалі ў вучылішча і халасцякі з міліцыі, нават са сваімі сябрамі пракурор раёна, чарнявы і ўвішны, з кучаравай чупрынай.
Аднойчы, калі ён зірнуў ёй у вочы, адчула, як яе абдало гарачынёй, – позірк пранізаў наскрозь. Еўка тады з некім танчыла, і ён, абдымаючы адну з прыгожых студэнтак, кружыўся ў цэнтры залы. Іх позіркі перакрыжаваліся выпадкова. Зірканулі адно на аднаго з-за спінаў нейкае імгненне, але і яго хапіла, каб апаліць свае крылы аб пякучае полымя яго позірку... Ева паспела заўважыць вочы пракурора – чорныя, агністыя, вясёлыя... Ён нават падміргнуў ёй, жартуючы, каб крануць яе ўвагу, зачапіць, прымусіць адрэагаваць на яго пагляд... А далей ужо Еўцы думаць – адказваць на яго зачэпку, ці не звярнуць на яе ўвагу.
А ён і сам, не падазраючы таго, крануўся яе душы... Пракурор тое зрабіў міжволі, сам таго не хочучы, пажартаваў, не патрабуючы нават ад яе ніякага адказу... Яна і сама яшчэ на пачатку не здагадвалася, што ён, як крапівой, апёк яе душу. Нарадзіўся амаль нячутны, па ўсім целе, сверб...
Яна не ведала яго прозвішча, як і не падазравала нават, што ён пракурор. Усе ведалі, што яны, самаўпэўненыя ў сабе, гарадскія юнакі, старэйшыя за іх па ўзросце, належалі ці то да раённага начальства, ці мелі нейкія пасады на нейкай працы...