Маўчанне травы: Паэма лёсу
- Автор: Зуёнак Васіль
- Год: 1980
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маўчанне травы: Паэма лёсу». Краткое содержание книги:
Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.
Перейти на страницу:
Жарэ пюрэ напоўніцу,
Пакуль, як пук, напоўніцца,
Разморана сапе.
Абкладзены падушкамі,
Дрымоту ўтомна гушкае
Пад патэфонны спеў.
Сваё нутро звярынае,
Сагрэтае пярынамі,
Дзе спаў Абром,
Галінкаю Майсеевай
Штоноч,
Штоноч
Абвейвае
Ваенны аграном.
Пажаднасцю ахоплены,
Высмоктвае па кроплі ён
I кроў, і боль.
Ах мама, мама бедная,
Няма пакут не зведаных,—
Вазьмі з сабой...
— Дык жа трэба ўцякаць... Ці што іншае...
— А куды ж мне? Дзе той парог?..—
На сябе паглядзела сцішана:
Зверху ўніз, ад грудзей да ног.
I Васіль міжвольна вачыма
За яе паглядам правёў,
I прыпухласці страшнай прычына
Раптам выступіла да каранёў —
У нягнуткай, цеснай акругласці
Павузелага паліто,
У прыўзнятай — пад гузікі — пругкасці:
— Мне цяпер не паможа ніхто...
Як былі яшчэ нашы ў жывых усе,
Жах нямеў: «Дзеля ix пацярплю...»
А цяпер — лес да рэшты выкляўся:
Мне ўжо, дзядзечка, толькі ў пятлю...
Тым жа следам дадому ехалі.
Пацясніўшы назад Васіля,
У галоўкі з прыдбанай бабэхалай
Трыхан сеў.
— А чаму кругаля? —
Запытаўся.
— Ды конь баіцца там
Ля гарэлля.
— А як жа нам —
Каменданцкай камандзе з паліцыяй
Вымятаць было гэты хлам?
Бруднавата. Хоць і не клопатна.
От жа племя, ядрона маць:
Аж да ямы вушамі хлопалі —
Ні адзін не пасмеў уцякаць.
Ну а там ужо — енкі з песнямі,—
Гэта моляцца ў ix, як пяюць.
Ды крычы, распінайся, хоць трэсні —
Тут праграму мы зналі сваю.
І ніхто не мяняўся дарогамі,
Не збягаў, як ваш конь-дзівак.
— Коні, бачыш, чацвераногія,
Ды з другой пароды, аднак,—
Больш Васіль ані слова.
А Трыхану
Ўсё карцела вінтоўка, і ён
То рамень мацаваў драцінкаю,
То затворам ганяў патрон.
На вінтоўку, на тую бабэхалу,
Як Васіль ахрысціў маўчком,
Пазіраў гаспадар з уцехаю,
А мужчыны — крадком ды бачком.
Але ўрэшце — язык з каростаю —
Лосік зноў падпёк інтарэс:
— Хоць кароткая, д'ябал, ды тоўстая,
Пэўна, смаліць, як той абрэз.
— Ух, аддача! Якому шыціку,—
Паліцай у раготцы шчырэў,—
У плячо садане — і з капыцікаў!
Трэба ногі стаўлядь шырэй...
Не ўнімаўся і Лосік з гаворкаю:
— Глянуць — ворчык вісіць на гарбе.
I патроны — як ладныя морквіны...
Толькі ж мала ix нешта ў цябе.
— А вось тут — два падсумкі з абоймамі, —
Трыхан раптам аж зазлаваў.—
Хоць французскі трафей, моц забойная —
Вунь да той сасны — напавал.
Зноў аціхлі: заела Лосіка —
Ашчацініўся, нібы тхарок,
Бо якраз ён і быў недарослікам,
Пра якога казаў Трыханок.
17
Міша
Зноўку чэрвень, пара красавання,
Буйства колераў, сонца і траў.
Зноўку чэрвень, пара крыжавання
Над Узбор'ем: чаканне і страх.
У трохкутніку трох гарнізонаў
Сорак хат — астравок на юры:
Стратэгічна-харчовая зона
Ў трохгаловага змея ўнутры.
То з раёна, то з воласці гэтай,
То яшчэ наляцяць і з той,—
І ніхто — ці зімою, ці летам —
Не вяртаўся з фурманкай пустой.
Дралі ўшчэнт, валаклі, вытрасалі,
А найбольш налягалі на «шпэк»:
Не зважалі — надворнік ці сальнік
Кулю ў лоб — і з Узбор'я «авэк».
Парадзела свіное царства:
Ні смалення з дымком ля прысад,
Ні кубёлкаў, ні матак вушастых
З валтузнёй сысункоў-парасят.
У адстаўцы былы галоўны
Ходзіць войска свінога чын,
Ходзіць Міша амаль беспрацоўны
I амаль што галодны, лічы.
Цяжка мрояцца Мішу начамі
То бліны, то з косткаю суп,—
Хоць жыццё і раней з калачамі
Не было, ды не скардзіўся пуп.
Перасельцам — ад вёскі да вёскі,—
Дзе чужыя, а дзе радня:
За паслугу ці ласкаю боскай
Быў накормлены Міша штодня.
Там нарэжа дроў, там наколе,
Там бабульцы вады прынясе.
А ва Ўзбор'і — пагнаў у поле
I на год ля свіней асеў.
Хоць сумненні былі спачатку:
«Ну які з яго, людцы, пастух?..
Нанімай, а следам за статкам
Шлі падпаска, а то і двух...»
Ды адно грамаду суцяшала:
«Не кароў жа яму аддаём.
Хай таўчэцца сабе на галым,
Каб не грызціся з ваўкаўём.
А калі і падваліць шэры
Згаладалы які з кустоў,
Дык ля вёскі і дзеці звера
Не адпусцяць з цэлым хвастом».
Так за гэтым і парашылі.
А каб Мішаў узвысіць чын,
Самым шкодным пранырам на шыі
Пачапілі з палак бічы.
Не паджгаеш бягом з гэтай цацкай:
Чым хутчэй — па каленях ямчэй
Зацымбаліць. I ў шкоду знянацку
Тут ужо не прымервай вачэй.
Ходзіць Міша і пугай сырцовай
Настаўляе свіней на лад,
Квас пацягвае з флягі карцовай,
Заглядаецца на дзяўчат.
Тыя ў поле ідуць на працу
Ці вяртаюцца — кожны раз
Любяць з Мішам пазабаўляцца —
Кавалерам на ўвесь калгас.
То гуртом яго апануюць,
То адну пачынаюць штурхаць,
То пакоцяцца ўрассыпную,
Калі Міша памкнецца абняць.
— Ах, згубачка-загуба,
Прысуха-сухата,
Ах, Мішу дзеўкі любяць!..
Перейти на страницу: