Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Жанчына махнула рукой у бок мужа, бы адганяючы муху, але замаўчала.
Дом, які скарыстоўваў пад дачу загінулы ў начным ДТЗ Андрэй Дылько, ад дарогі быў схаваны вялізнымі кустамі бэзу. Бэз зацвітаў, але дробна, нясмела, быццам і ён чакаў сапраўднага сонца. Гаспадар не надта клапаціўся пра стан дома, нічога не стаў перарабляць, адно ўезд у двор быў цалкам вызвалены ад рэшткаў старога плота, а трава на месцы, дзе ставіўся аўтамабіль, была выкашана трымерам ажно да жоўтых каранёў. Дзверы ў сенцы былі зачынены вялікім вісячым замком, старадаўнім. Відаць, застаўся ад ранейшых гаспадароў. Віктар, наш кіроўца, манціроўкай лёгка выцягнуў прабой, ён хоць і быў загнаны глыбока ў вушак, але ж дрэва састарылася, пабралася глыбокімі трэшчынамі і не трымала моцна жалеза ў сабе.
У першай палове невялікай хаты быў паўзмрок. На падлозе валяліся абрэзкі вагонкі, бярэмца гэтага матэрыялу ляжала на прыпечку печы. Электрычная піла-паркетка, малаток, цвікі на стале, дрыль, шурупы — усё паказвала на тое, дзе рабілася труна для дзіцяці.
Уладзя Калтуневіч застыў ля парога, падпёршы вушак, паказваючы сваім выглядам, што ён не цікавіцца асабліва тут ні чым, але як трэба — то паклічце, падыду. А ягоная Сонька не адступала ад мяне літаральна ні на крок, з прагай галоднага чалавека дзівілася з чужога жытла, вочы яе бегалі, бегалі па хаце, прыкмячаючы і брудныя шыбы акна, і павуцінне ў куце на столі, і засохлы кавалак хлеба, і крошкі на старым халадзільніку. Я не стаў казаць ёй, каб стала побач з мужам, хай насычаецца…
Нічога, што магло б паказаць на знаходжанне тут жывога дзіцяці хоць колькі дзён, не было. Уся вопратка — мужчынская. У халадзільніку — кавалак сала, колькі падсохлых зялёных агуркоў, тушонка ў бляшанках, пачатая пляшка гарэлкі і мінералка. Набор кавалера.
У другой палове дома, справа ад уваходу, за абшарпанай, даўно не беленай грубкай, стаяла канапа, на ёй — складзеныя пасцельныя рэчы. Злева — вялізнае скураное крэсла, чорнае, бліскучае, на выгляд мокрае і ліпкае, да яго быў прыткнуты сучасны часопісны столік. На ім шкляная попельніца з недакуркамі, адкрыты пачак цыгарэт, запальнічка і мабільны тэлефон. Ну вось, адна рэч адшукалася: на месцы аварыі мы тэлефона не знайшлі. Значыць, нябожчык спяшаўся, не ўзяў яго з сабой. Тэлефон працаваў. Апошні званок быў уваходным ад нейкага «Капітана». Я паглядзеў на лічбы. Як і чакаў, гэта быў той жа нумар, што і на тэлефоне Насці. Алесь Федарук, старшы тут.
Круглы стол на крывых нагах, старадаўні, я бачыў такія — стальніца рассоўваецца, у прамежак укладаюцца ўстаўкі — і стол робіцца авальным, вялікім. Цяпер ён быў складзены, не засцелены цыратай. Ляжалі ў беспарадку кнігі, розныя: тонкія, тоўстыя, новенькія і патрапаныя. На сярэдзіне стаяў ноўтбук, адкрыты. Праз роўныя прамежкі часу ўспыхваў светадыёд на тарцы — кампутар быў у «рэжыме сну». Я тыцнуў на кнопку ўключэння, манітор засвяціўся. Браўзер. Фэйсбук. Так і ёсць, устаўлены «трыджык», ноўтбук і цяпер быў далучаны да інтэрнэту. З нудой я падумаў пра тое, як мне зноў давядзецца калупацца ў асабістай перапісцы незнаёмага мне чалавека.
Больш нічога.
Выцягнуты ў даўжыню агарод зарос травой, вішняком, дальні кут — непралазнымі сліўкамі. Адзіная ўскапаная градка, доўгая і вузкая, выглядала тут чужой і яшчэ раз падкрэслівала нежаданне гаспадара ўмешвацца ў прыродны рух. Я абышоў крок за крокам увесь сад, аблазіў слівоўнік, зазірнуў у будку прыбіральні. Нідзе нічога. Ні нейкага клунка, ні свежакапанай зямлі. Быццам дзіця мёртвым прынеслі ў гэты дом, паэт зрабіў труну з прывезеных спецыяльна (відавочна!) дошчачак і павёз. Хаваць, бо Ляўдок не меў сваіх могілак, бліжэйшыя — за пяць кіламетраў на цэнтральнай сядзібе, ён якраз і ехаў туды.
Склаў пратакол, распісаліся панятыя: Уладзя — са сцішанай палёгкай, Сонька — з адчуваннем важнасці сваёй справы. Мы вярнуліся разам да дома Калтуневічаў, прыселі на лаўцы перад хатай — я і цётка Сонька.
— Гэта не допыт, Соф’я Андрэеўна, — патлумачыў я. — Папярэдняе апытанне, размова простая. Я заўважыў, вы нешта ведаеце пра Насцю, дакладней пра яе адносіны з некім, хто мог бы. быць яе ворагам. Раскажыце, калі ласка. Але напачатку: ці ведалі вы, што Насця была цяжарная?
— Здагадвалася! — выгукнула задаволеная цётка. Ёй, зразумела, вельмі імпанавала з’яўленне не абы-якога слухача, яна быццам падабралася ўся, усё адно як збіралася выступаць з трыбуны. — Апошні раз, значыць, як пабачыла, як Насця ідзе — гэтак павольна, асцярожна, не-не ды кране рукой жывата, — і здагадалася. Але ж во ніяк не ўцяміла, што раджаць ёй хутка. От, тут прагледзела.