Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Ці бачылі вы Насцю і гаспадара дома, дзе мы толькі былі, разам? Якія ў іх адносіны былі?
— От гэтага не было, дакладна. Той дзівак адзін жыў. Насця яго цуралася.
— Па чым было заўважна?
— А неяк я бачыла, як яна ішла, а ён — насустрач (малако нёс, купляў у Падлужнага), то Насця і дарогу перайшла, хоць там сцежкі няма. Быццам да Марылі павярнула, а не зайшла ж да яе. От.
— А з кім з дачнікаў Насця сябравала, сустракалася?
— Ды яна зналася з імі ўсімі, яны яе мінулым годам у сваё свята ўзялі, восенню. Апранулі так дзіўна, абкружылі з усіх бакоў, стужкамі абвязалі і вялі ў лес. Там гулялі.
— А ні з кім канкрэтна не бачылі яе?
— Не, не бачыла. Ды гэтыя дачнікі ні пры чым! — упэўнена, але напаўголасу, павярнуўшыся да мяне, адказала Сонька.
— А хто пры чым? — не мог я схаваць здзіўлення.
— Нашы! Яны Насцю са свету звялі, я ўсё ведаю!
— У чым яна вінаватая так? Давайце па парадку, Соф’я.
— Якая я табе Соф’я, Сонька я, такой і памру. Усё жыццё Сонькай прабыла, нат калі грамату давалі, дык старшыня так і казаў — Соня. Адна я тое ведаю і паклялася была маўчаць да смерці, ды во смерць Насці мне рукі развязвае. Ты слухай, я табе ўсё расказваць буду, а ўжо сам маракуй, тое табе трэба ці іншае.
— Ну, давайце так, — не змог я схаваць сваёй цікавасці ў голасе.
— Дык от. Ганначка, ета колішняя жонка Зміцера, сама не наша, з суседняга нават раёна. І яна сябравала з сястрой Міхася-Стаяка.
— Чакайце, чакайце, — перапыніў я цётку, хоць напачатку сабраўся яе толькі слухаць, не перабіваць, бо вопыт падказваў: чым менш пытанняў задаеш такім людзям, тым больш кароткі і змястоўны іх аповед.
— Ну дык ета мы так Падлужнага клічам. Сорам казаць маладому, але ж во скажу, — перайшла на хуткі шэпт Сонька. — Казалі, кара яму — цяпер як з жанчынай надараецца яму спаць, дык стаіць і стаіць. Ну, мужчынская сіла такая, ніяк не падае.
Я не змог стрымаць усмешку.
— Дык якое там пакаранне? Узнагарода.
— Ага. — прыкусіла пакрыўджана вусны Сонька, мабыць, ёй было крыўдна, што адну з яе таямніц, такую простую ісціну, я не змог зразумець ці зразумеў няправільна. — Ён жа і сам мучыцца, і жанок мучыць! — акрэсліла яна праблему Міхася Падлужнага. — То колькі ні было баб — ніводная не сцярпела. От цяпер думай: кара ета ці дарунак.
— Так, зразумела, — мусіў я згадзіцца, — канечне ж, пакаранне. Дык а далей?
Сонька пакоўзалася на лавачцы, бы выбіраючы сухім азадкам больш мяккае месца, хоць лаўкай была адна шырокая цёмная ад часу дошка.
— Перапыніў ты мяне. Ага, Ганначка сябравала з Міхасёвай сястрой. Да Падлужных яна прыязджала, а заадно каб да Зміцера схадзіць, бо Ганначка была слабаю зусім, з твару бледная, худзенькая, бы дошка, нат цыцкі віселі. Бачыла я, мыліся дзеўкі за хлявом, як бульбу прапалолі. Вось Зміцер і пачаў лячыць Ганначку: травянымі настоямі паіў, голую прымушаў па расе качацца. Ой, я от раз зусім незнарок пайшла. Іду сабе і бачу: сарамата якая — голая дзеўка качаецца вар’яткай па лузе! Але, брахаць не буду, стала Ганначка папраўляцца. Месяц яна тут прабыла. Шчыравала на агародзе разам з сястрой Міхася і ім самім, траву каровам рвала, даіла. І от праз месяц больш жвавая стала, паружавела крыху.
А я табе яшчэ во скажу: Міхась тады якраз нежанаты быў. І хай бы от тады ён на Ганначку паглядзеў на поўныя вочы. А то толькі крывіўся: які з тае дзеўкі толк — скура ды косці, такую пад сабой прыдушыш і не заўважыш, казаў. Ага. Ганначка прыязджала яшчэ разоў колькі, на дзень — другі. Увішная, на работу здатная. І ля печы гаспадыня — квасок хоць з трасок. А Падлужны сабе бабу прывёз гэткую. торбу. Сядзе ля каровы — сама карова, расцячэцца па зэдліку, ажно да зямлі ляжкі.
Паўгода Ганначка ездзіла, ноч-другую начавала ў Падлужных, хата ж, бачыце, во, дзе груша-дзічка, на самым краёчку леса? Вялікая хата, на два трысцены, хапала месца. І я знаю: сястра Міхася, Анюта, надта ж хацела, каб Ганначка засталася ды за Міхася пайшла. Яны якраз па гадах у пару сходзіліся, а Ганначка характарам мяккая, добрая душа. Ага. Але Міхась нос вярнуў, пасмейваўся. Праўда, тую торбу ці то выгнаў, ці то сама збегла.
От, значыць, Зміцер Ганначку лячыў-лячыў, а потым сам злёг, два тыдні на людзях не было. Ачомаўся, папрасіў у Падлужнага коніка, запрог і паехаў. І што ты думаеш? Прывёз Ганначку. Аказваецца, сірата яна круглая засталася, жыла зусім адна. Малакроўе ў яе было. Чым яе Зміцер ратаваў, то ён адзін знае. Казалі, як прывёз ён Ганначку і ўзяў сабе за жонку, нельга ўжо яму стала лячыць. А я другое скажу: усю сілу сваю ён на Ганначку патраціў, от і не мог больш нічога, таму і сам лёгма ляжаў два тыдні.