Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Клікалі? — смехам пацікавіўся я.
— Ат, з тых, хто адразу адгукаецца, толку на адзін шкалік гарэлкі. За ёй і бягуць, — Зіначка ад прыкрасці зморшчыла свой невялічкі акуратны нос. — У суседа рукі растуць не з таго месца. Шабацьку ягоная сужыцелька раўнуе, бы законная жонка. А мне — хоць на курсы якія запісвайся!
— Такія пільныя справы, што і мужа не дачакаюцца?
— Той муж. не дуж, калі і з’явіцца праз тры месяцы. Ды рознага хапае. То лямпачка ў люстры стрэліла, святло не запальвалася. То акно адчыніць не магла. Ага, смешна, дробязі, а знаеце, як прыкра, калі нічога зрабіць не можаш і няма каму дапамагчы? Вось учора: тэлевізар не ідзе! Піша: няма кабелю. Я ўжо і там пакратала, і там — няма кіна. Хай мне мой серыял, дык жа дзецям — іхнія мульцікі давай! Замучылі вечарам, а майстроў выклікаць — толькі на аўторак. А сёння ж пятніца..
Я зразумеў, пра «трэцяе», адчуў: вось цяпер Зіначка чакае адказу, зрабіў глыток і бадзёра выдыхнуў:
— Зробім! Дзякуй вялікі, Зіначка! Проста выдатная кава!
Насамрэч я за гэтыя колькі хвілінаў адчуў сябе куды больш бадзёра.
Жыццё падавалася зразумелым дарэшты. Як і запрашэнне на каву з бальзамам, выразнае дэманстрацыя свайго спакушальнага азадка, просьба.
— Дык я тады буду чакаць! Як вызваліцеся, прыходзьце. І замінаць не будзе каму: дзеці сёння да бабы пабягуць, заўтра на лецішча паедуць зранку.
І яна ўсміхнулася мне, гледзячы ў вочы. Там, у яе вачах, я прачытаў тое, пра што не кажуць жанчыны, калі клічуць мужчыну да сябе нібыта па справе. У вачах было абяцанне і чаканне, такое выразнае, што мне стала крыху няёмка. Паспяшаўся адказаць:
— Канечне, ніякіх праблем! Я вольны. Мяне раўнаваць няма каму, і рукі як быццам растуць з патрэбнага месца, — я асмялеў і закончыў ужо гулліва.
Зіначка зноў усміхнулася мне, цяпер як сапраўднаму змоўніку, адказала прыцішана:
— Пабачу, пабачу.
Ну і схаджу, пагляджу, той кабель. Дробязь, відаць, дзеці гуляліся, штосьці шмаргнулі. Вячэрай, мабыць, накорміць. Не трэба будзе вячэру гатаваць. Усё будзе добра.
Я спускаўся па лесвіцы, адчыняў свой кабінет, уключаў кампутар, а ў вачах стаялі высока вызваленыя ад тканіны спадніцы сцёгны Зіначкі і яе знарочыстая марудлівасць, калі яна даставала бальзам для пачастунку. Не задумваўся над тым, ці маю я права лезці да замужняй жанчыны.
Сакратарка не рабіла сакрэтаў, што мужа няма дома па месяцу і больш, і што хутчэй за ўсё, у яго там, у Расіі, ёсць жанчына, што сям’я фактычна не існуе: тыдзень, як муж дома, праходзіць у сварках.
Зіначка далёка не адзінокая ў сваёй бядзе. Заробкі ў Расіі — з’ява звычайная для нашага райцэнтра, бо месцаў, дзе можна нармальна зарабляць, не хапае і на чвэрць жадаючых. Мужыкі з’язджаюць на месяцы два-тры, жывуць там адзіным сваім клопатам: папрацаваў-паеў-паспаў. Вяртаюцца сюды, у сем’і, з грашыма, адчуваюць сябе героямі здабытчыкамі. Іх тут так і прывячаюць жонкі і дзеці, але ж жыццё — не суцэльнае свята. І праз тыдзень даводзіцца мужыку ўпрагацца ў хатнія праблемы, якіх, аказваецца, процьма: тут кран пацёк, тут адвалілася плітка, тут трэба тое, тут — сёе і далей, далей. А ён жа адвык ад падобнага. Яго раздражняе звычайная будзённасць клопатаў, праблемы дачкі ў школе, сына — у садку. Два тыдні вытрымае — і ляціць зноў у тую Расію. А там робіць, да прыкладу, рамонт у якім доме-кватэры, дзе гаспадыня адзінокая, масквічка. Ветлівая ды выхаваная, а галоўнае — па мужчынскай ласцы так засумавала, што ні робы той пакамечанай, зашмальцаванай не бачыць, ні паху рабочага не адчувае. І пры грашах яна. І ўсё ў яе ёсць, усё ў жыцці склалася, вось каб мужчыну яшчэ. Хоць на месяц які. І лёгка згаджаюцца мужыкі на такія прапановы. Бо тут ад іх якраз нічога не патрабуюць, акрамя аднаго занятку, самага мужчынскага — улагодзіць гаспадыню, даць ёй ноч любошчаў ці хоць колькі хвілінаў, але каб пасля — на тваім плячы ёй заснуць, а раніцай табе каву згатаваць з такім нязвычным для цябе амлетам. Няма чаго дзівіцца, калі і распадаюцца сем’і, у каторых мужыкі больш дурныя. Які разумны дык гадамі жыве сабе, лічы, з дзвюма жонкамі. І тых нямала, якія дзяцей нарабляюць і сваёй, законнай, і масквічцы. Пасля выбіраюць, дзе спыніцца. Масква перамагае часцей.
Зінчын мужык не з самых разумных: колькі разоў ужо намякаў ёй, каб была больш лагоднай і падатлівай, а то яму ёсць куды ісці. Неяк, злёгку падпіўшы, Зіначка, не тоячыся, расказвала пра апошнія сямейныя сцэны і храбрылася: «А няхай шагае страявым да тае масквічкі! Я дзяцей выгадую і без мужыка не застануся!» Наўрад ці хто сумняваўся ў праўдзівасці яе намераў у той момант. І падыме, і знойдзе. Толькі па гадах Зіначка за мяне старэйшая, а побач паставіць, дык ніяк не скажаш. Маленькая, мякенькая ўся, бы тая котка.