Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 90
Перейти на страницу:

Старая замаўчала. З хвіліну я думаў пра пачутае. Нічога карыснага. Канечне, цікавая гісторыя. Насця магла пранесці праз усё жыццё нянавісць да чалавека, які знішчыў яе шчасце. Тут няма сумненняў. Але не прымаць жа сур’ёзна яе нібыта вядзьмарства, ды яшчэ такое. фізіялагічнае.

— Дзякуй вам вялікі, — я закрыў нататнік. — Калі нешта яшчэ ўспомніце, звяртайцеся.

— Ды не ўсё яшчэ, куды ты? — заспяшалася цётка. — Гэтае, з бабамі, мо й перажыў бы Падлужны. Насця ж яму ніяк жыць не давала!

 — І як? — без цікавасці ўсміхнуўся я.

— А вось так! Ты думаеш, з-за спрэчак якіх сястра з сям’ёй з бацькоўскага дому з’ехала? Яны ж столькі грошай уклалі, каб прасторна было ўсім жыць! Яны ж разам, як можна стала, кароў пачалі трымаць, цэлы гурт! Апарат гэты купілі для даення, швагер Падлужнага трактар набыў. Ферма цэлая была, зямлі многа. На капейку выбіліся. Ды ўсё абы-як ісці стала.

— Насця ўмяшалася? — не змог я схаваць сарказму.

— А ты не смейся, — зіркнула на мяне амаль злосна Сонька. — Ведзьме малако ў каровы забраць — як майму Ўладзю самакрутку звярнуць.

 — І як? — больш з-за ветлівасці спытаў я, бо мне, па праўдзе, стала шкада часу.

— А во прыйдзе кубак малака папытаецца — і ўсё забярэ. Даёнку папросіць, збанок, лазінай карову сцебане. У ведзьмы штукарстваў хопіць, каб чалавека звесці, не тое што карову.

— Зразумела.

Я ўстаў з лаўкі, цётка таксама падхапілася, кранула мой рукаў, прытрымала:

— Паджлужны гэта… — зашаптала яна таропка. — Месяц таму ён адну за другой чатыры свае лепшыя каровы (самыя малочныя, казала работніца з яго фермы) на мясакамбінат мусіў здаць. Напіўся тады. Як вярнуўся, дык крычаў: «Закалю суку! Патрапіць на вілы!» І закалоў от!

— Вы самі чулі?

— Чула! Са шчаўя вярталася, на канаве збірала, ужо адскочыў першы, маладзенькі, а Падлужны на двары сваім крычаў!

— Ясна. Разбяромся, — аўтаматычна адказаў я. — Дзякуй, вы мне вельмі дапамаглі!

Хата Міхася Падлужнага ад вуліцы была агароджана высокім плотам, шчыльным, у дзе дошкі, уваходная брамка не была зашчэплена знутры. З участковым мы зайшлі на двор. Забрахаў сабака, прывязаны ў куце на доўгі ланцуг. На сенцах вісеў замок. Яшчэ адзін уваход у хату, куды мы прайшлі пад раз’юшаны сабачы брэх, таксама быў зачынены, на ўнутраны замок.

За домам быў шырокі двор, стаяў просты воз без пярэдніх колаў, пад невялікім навесам — адмысловая брычка, амаль новая, на сапраўдных рысорах. Вялізны хлеў пуставаў, яшчэ адна гаспадарчая пабудова была зачынена на замок. Далей — агарод з роўненькімі радамі парасткаў буракоў, якія цягнуліся далёка, да самага ўзлеску. З правага боку агарод таксама межаваў з лесам, у які ў далёкім канцы глыбока ўразалася паляна. На ёй пад разгалістым, не вельмі высокім дубам стаялі два леташнія рудыя стажкі, ужо і не пазнаеш — сена ці саломы. Між імі — нейкая гаспадарчая тэхніка.

— Мабыць, з каровамі на пашы, — выказаў думку Тумар. — А работніца, якая кароў доіць, вечарам прыходзіць.

— Сам пасе?

— Пакуль сам. Пачнуцца ў дзяцей канікулы — іх наймае. Мясцовым п’яніцам няма даверу.

Мы завярнулі назад. Позірк мой зноў зачапіўся за стажкі, дакладней за тое, што было між імі. Я пазнаў гэтую прыладу — конныя граблі. Два вялізныя колы, сядзенне, аглоблі. І ззаду — шэраг паўкруглых металічных зубоў.

— Стой! — усхвалявана гукнуў я, пацягнуў за сабой Тумара. — Глянем.

Граблі былі даўнішнія, метал добра паела ржа. Праўда, аглоблі нядаўна памянялі на новыя. Я абышоў ззаду. Металічны паўкруглы шэраг быў падобны на стары хворы рот — тут не хапала больш за трэць зубоў.

Няўжо гэта? Усхваляваны, я ўшчыльную падышоў да драпежна ўзнятага раду. Вось адзін асобны. З гэтага боку няма трох, з гэтага — двух. Якраз хапае, каб умясціцца чалавеку. На тым канцы — а граблі метры на тры — яшчэ такі ж асобны зуб. Не вельмі востры на канцы, з сантыметр ці трохі больш у дыяметры, паўкруглы.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)