Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Значыць, дачнікі між сабой сяброўства водзяць? І нехта старшы ў іх ёсць?
— Ёсць, як жа без галоўнага? Федарук прозвішча, Алесь Тарасавіч. Вучоны. Усё піша нешта. На зямлі працаваць дык я яго і не бачыў, жонка шчыруе, худзенькая, невялічкая. Ім абаім за пяцьдзясят. Дачка ёсць, замужам, прыязджае іншы раз з мужам. Прыгажуня, скажу. Валасы льняныя, доўгія. У мінулым годзе дзівіўся: у сукенцы белай, з вяночкам на галаве з кветак, а валасы распушчаныя па плячах, ідзе лугам босая пад тую дуду, а з бакоў дзецюкі з паходнямі запаленымі. Бы тая русалка ці яшчэ хто. Прыгожа. Хай бы ўсе так во святы спраўлялі. А то.
— Федарук. Федарук. — я дастаў нататнік са сваімі запісамі. Вось ён — Федарук А. Т. Той самы, хто тэлефанаваў Насці і каму тэлефанавала яна. Ну так: працуе ва ўніверсітэце, гісторык. — Дзякуй, Пятровіч, ужо лягчэй. Слухайце, вы казалі, Насця ў вёсцы была. якой?
— Ды нармальна яна жыла. Паважалі яе. Ну, як пагалоскі пайшлі раней, дык глядзелі скоса, а пасля пабачылі, што чалавек яна спагадлівы, добры. Ды яшчэ ў бальніцы робіць.
— Ці былі канфлікты ў яе з кім-небудзь?
— От не скажу. Здаецца, не было.
Мы пачакалі яшчэ хвілінаў дзесяць, і Тамара зазірнула ў кабінет, павіталася.
— Усё, можаце ехаць. Машына сёння нікому не трэба, то хай кіроўца дзе паспіць там у цяньку, бо не спаў жа ноч. Васіль, вось табе дадзеныя на ўчарашняе ДТЗ. Андрэй Янавіч Дылько, трыццаць два гады, разведзены, дзяцей няма. Веб-журналіст (сам разбярэшся, дзе ён там журналіст), паэт. Жыў адзін, дачу набыў два гады таму. Пятровіч, дзе гэты паэт жыў, ведаеш?
— Дык можна паглядзець, я тут у сельсавеце. значыць, замаляваў. — Тумар заспяшаўся, стаў расшпільваць сваю планшэтку.
— Мне не трэба, — спыніла яго Тамара. — Пачынайце з яго хаты. І каб панятыя былі спачатку, а не пасля таго, як у хату зойдзеце.
9.
Нават калі зусім няма чаго чакаць, ёсць дзень і ноч, хмары і сонца, зіма і лета.
Мы каторы тыдзень чакаем тут сонца. Здаецца, дачакаемся: ранішнія хмары распаўзліся па ўсяму небу, і яно цяпер зацягнута нечым густым, але не шэрым, а белым. Сонца высвечваецца вялікай круглай плямай, зыркай ужо. Такое ўражанне, што нас тут накрыла вялізным купалам, пад які напусцілі нейкага белага газу, ён узняўся ўверх, і там, уверсе недзе гарыць магутная белая лямпачка.
— Панятымі возьмем давайце Калтуневічаў, — прапанаваў Тумар, і я моўчкі згадзіўся.
Уладзіслаў, ці Уладзя, як звярталася да яго жонка, — мужчына каржакаваты, гадоў сямідзесяці, але відавочна яшчэ моцны. Спакойны, позірк адкрыты і амаль абыякавы. «Вам трэба — шукайце. Трэба — пабуду», — чыталася ў вачах, і амаль тое ж ён выказаў услых:
— Як трэба, дык трэба. Час ёсць, пільнай справы няма.
Ягоная жонка Сонька выглядала маладзейшай за мужа гадоў на дзесяць. Невысокая — па плячо мужу, вяртлявая, нават крыху мітуслівая, яна сустрэла нас з участковым на сваім двары амаль з радасцю:
— Заходзьце, заходзьце, Пятровіч, я кваску прынясу, папіце. А то нешта задуха сёння. Вой, можа, хоць нешта зменіцца. Каб даў Бог добры дождж ды сонца нарэшце. Што ж ета робіцца цяперака? — і ўжо знікла ў сенцах, праз момант з’явілася на парозе з вялікім пластыкавым кубкам і двумя шклянкамі. — Піце, піце на здароўе, тут нічога-нічога, толькі бярозавік і хлеб. Во нарабілася ў нас, хто ж ета думаў, жылі ціха. А Насці ж як шкада, такая прыгожая дзеўка, і добрая, не адмовіць ніколі, уколы мне рабіла, і лепш за фельчара ў медпункце, не балела зусім. От, звялі са свету, звялі! Каму яна замінала? Ды ж во, знайшоўся злыдзень. Бач, чакаў моманту, чакаў. — часціла Сонька, пакуль налівала нам у шклянкі і мы з Тумарам пілі халодны бярозавік, які біў у нос густым пахам хлеба.
Не было цяжка зразумець, чаму цётка ўзбуджана-радасная: такая падзея для яе — падстава для размоў на год і болей. А вось Насці ёй зусім, здаецца, і не шкада, бо кажа яна пра яе без жаночага нават спачування, так, быццам трымаецца традыцыі. І распірае яе ўсю — ёй падаецца, ведае яна многа-многа, і толькі адна ведае, і даўно ведае, — і вось выдалася нарэшце нагода, цяпер яе веданне станецца самым галоўным для следства, яна ў гэтым упэўнена. Бач, нават не сумняваецца, што гвалтоўнай смерцю памерла Насця.
— Сарока, не верашчы, — без злосці спыніў Соньку муж. — Будуць пытаць людзі — тады будзеш адказваць.