Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 90
Перейти на страницу:

Я не змог не перапыніць цётку, бо помніў пра тыя характарыстыкі, якія даваў мне раніцай Тумар на ляўдокцаў і на яе ў тым ліку:

— Выбачайце, я вас хачу спытаць…

Сонька зіркнула на мяне, падціснула вусны, быццам я перапыніў яе на самым цікавым месцы маналогу, з якім яна выступала перад гледачамі.

— Пытайся. Я ж усё па парадку кажу.

— Не, я трошкі не па тэме, можа быць. Дык вось, я ведаю: вы былая камуністка, былы савецкі работнік.

 — І білет свой парцейны нікому не здавала і з партыі не выходзіла! — з гонарам хутка перапыніла мяне цётка.

— Ну вось, тым больш. — Я пастараўся схаваць свой сарказм і спытаць як мага мякчэй: — Вы ж камуністка, а тут кажаце пра ведзьмака нейкага так, быццам пра. урача-хірурга, і цалкам верыце ў яго здольнасці.

Цётка нейкі час глядзела на мяне, а ў вачах яе (надзіва чыстага васільковага колеру) збіраўся лёгкі сум і дакор.

— От, хлопча. А хіба калі я ў партыю ўступіла, дык Зміцер перастаў ведзьмаком быць? Якая яму розніца: я парційная ці не? Ён ведзьмаком быў, ім і заставаўся. І карова мая не глядзела на мой парцейны білет, як захварэла. Лекам тым ці ёсць розніца з чыіх рук у каравячы рот ліцца: з парцейных ці з непарцейных? Ці камуністка я, ці ў Бога веру — Богу ўсё роўна, ён быў і будзе. Так і Зміцеру: хай бы ўсё сяло парцейным стала, яго сілу які чалавек адбярэ?

Шчыра кажучы, я разгубіўся. Мне не было чым крыць вось гэтую на першы погляд наіўную, але ж цалкам здаровую логіку. І насамрэч: верым мы ці не ў тых марсіян, факт іх існавання ад гэтага не залежыць.

— Выбачайце, расказвайце далей, — сур’ёзна папрасіў я, перагарнуў старонку нататніка, на якім больш дзеля прыліку нешта крэсліў час ад часу. Хай цётка нацешыцца.

— Ага. Падзівіліся напачатку: бо ці не ўдвая Зміцер старэйшы за Ганначку, ды скрыпучае дзерава доўга стаіць, а яны наўздзіў гэтак ладна жыць сталі. Тут Ганначка і панесла хутка. Цяжарнай пакруглела ўся, адкуль і нарасло — і клубы, як у бабы, а не хлапчука, і цыцкі спраўныя. І я табе прама скажу: от з таго часу і стаў сачыць Падлужны за Ганначкай. Вочы яму засцілі крутазадыя, а цяпер угледзеў, што на характар дзівіцца трэба, а не на нешта там.

Ага. Добра жылі Ганначка і Зміцер, Насцечка нарадзілася харошанькая, расла такім ужо дзіцяткам цікаўным, але ж паслухмяная была. І вот што ета з Падлужным зрабілася, адзін чорт ведае. Стаў ён Ганначку прама праследаваць. Я з ёй пасябравала, нас жа тут баб, каторым даверыцца можна, дзве на тры хлявы. Дык мне жалілася Ганначка: перастрэне яе на дарозе адну, схопіцца за адзежу, на калені ўпадзе: «Кідай Зміцера, ідзі да мяне!» Во найшло, каб яму не адышло! А Падлужны палюе ды палюе, усё выгадвае, каб хоць на хвіліначку з вока на вока сустрэць дзеўку. І такія словы кажа, глядзі, зараз грудзіну разарве, дастане сэрца, адно спытай.

А я табе так скажу: бабе як? І дай — абгавораць, і не дай — абгавораць.

Ты сабаку добрае слова скажы — хвастом завіляе, а тут чалавек… Ганначка дзе смехам дзе спехам, вырывалася, уцякала. Ну, і не будзеш жа чалавека ганіць ды клясці, які на цябе так запаў, во гатовы ногі табе мыць і ваду тую пасля піць. То й усміхнецца яму Ганначка, пакпіць дзе жартам. Хто ж ета думаў, што да таго дойдзе?

І вот у адно лета (а было Насці акурат дзесяць гадкоў) Зміцера старшыня калгасны на ферму павёз — тамака нешта з каровамі зрабілася, на ногі ўпалі, цэлы хлеў. Бо як бяда, прыйдзеш і да ведзьмака. Дык я табе скажу, адпаіў Зміцер тады каровы, адно на тое поле схадзіў, дзе ім траву касілі, усё скеміў. Ага. А Ганначка з Насцяй дома была, якраз бялізну мыла. Во як маім агародам ісці, там такая канава невялікая, мой Уладзя месца адно пашырыў-паглыбіў, кладку зрабіў — так добра паласкаць мытае. Зацішна, берагі вербалозам абраслі. Яшчэ табе скажу перад етым: Насцечка з рук Зміцера мо гадоў да трох не сходзіла. Як дачка побач — так і хапае на рукі. Любіў ён яе сказаць няма як. І яна, як яго пабачыць: «Татачка, татачка!» Кветкі яму збірала, вяночкі пляла. А той Зміцер з ёй быў сам бы дзіця малое. Ага.

Дзень тады спякотны быў, а калі баба бялізну палошча, сам знаеш: тут спадніцу падтыкне, каб не мокла, ногі голыя, ліфіка не кладзе. А вада пырскае, усё да цела ліпне. От. Упільнаваў Падлужны — хай на яго чэрці палююць — Ганначку, як Насцечка да дому пайшла. Прыйшоў, пачаў зноў казаць сваё казанне. А Ганначка што ж. Не пагнала яго адразу, пасмейвалася, падначвала, бялізну паласкала. Адны быццам на свеце, кусты стаяць вакол, загарадзілі ад людзей і ад розуму. Нагнецца над вадой, дык хоць спераду паглядзець — цыцкі амаль голыя, хоць ззаду — азадкам свеціць. Падлужны і не ўцярпеў. Здаровы ж, ды яшчэ дурніца ў галаву стрэліла. Схапіў Ганначку з кладкі, на плячо закінуў і пацёг у кусты вербалозу. От етага яна ніяк не чакала. А можа, і чакае кожная баба над сабой вось такога гвалту.

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)