Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 90
Перейти на страницу:

— Ого! — я здзівіўся з дасціпнасці Тумара. — Інфармацыя адкуль? Бы побач жылі.

— Ды распытаў трохі. Маці мая жывая, у памяці, хоць і не ўстае. Мы ў суседняй вёсцы жывём, аграгарадок цяпер. А вядзьмак жа заўсёды навідавоку. Так, значыць, суседка Зміцера — Сцёпчыха. Адзінокапражываючая, ёй каля васьмідзесяці. Дзеці раз’ехаліся, мужык памёр даўно. Усё жыццё ў калгасе, звычайная такая цётка. На яе агародзе знайшлі Насцю. Далей жыве адзінокая Марыля, такога ж узросту, як і Сцёпчыха, бадай. Манашкай мы яе клічам, яна пры царкве ўсё была, зараз слабая, далёка хадзіць не можа, ногі баляць. Замуж не выйшла, дзяцей не нарадзіла. Пенсія мізэрная ў яе была, з агарода адно і жыла. Ну, людзі нечым дапамагалі, бо раней жа і папоў не было нідзе, а яна хоць колькі малітваў ведала, кнігі ў яе гэтыя былі. То як паміраў хто — Марылю клікалі. Яна хоць нейкі парадак падтрымлівала, ноч усю малітвы ды яшчэ там якое трэба чытала над нябожчыкам. Цяпер гоніць самагонку, дачнікам. Але толькі сваім прадае, чужым ніяк. Добрая самагонка. Ну і далей трохі па вуліцы — хата Калтуневічаў, пенсіянеры: ён, Уладзіслаў і яна, Сонька. Дзеці, двое сыноў, на сядзібе жывуць, свае сем’і. Уладзіслаў раней у міліцыі працаваў, пакуль не пакалечыўся п’яны на матацыкле, цяпер кульгае. А Сонька яго партыйнай была, дэпутаткай нават выбіралі. Язык падвешаны дай бог, але і розум мае. на свой манер. Маё даведачнае бюро — усё пра ўсіх ведае, ранак пачынае з таго, што суседзяў аббяжыць, распытае-раскажа навіны. На другім краі, таксама пад лес, стаіць хата Міхася Падлужнага. Яму, здаецца, пяцьдзясят пяць ці болей трохі. Жыве бабылём. Колькі разоў прывозіў жанок сабе — не ўжываліся з ім, з’язджалі. То зараз на лета наймае з горада зазвычай дзвюх жанчын: у яго гаспадарка вялікая, трымае ці не два дзясяткі галоў гавяды. Хлявоў наставіў, суседні ўчастак яму сельсавет аддаў, плошчу пад пашу выдзелілі. Вось жа лёс які ў чалавека: і працавіты, не п’яніца, спакойны нібыта, а з жанчынамі ніяк, сям’і няма. Раней з сястрой жылі, тая замужам была, дзіця мела. Жылі разам, хата вялікая, яшчэ прыбудавалі трысцен. Нешта не склалася, кажуць, надта ж характарам няпросты Міхась. Ну, сястра з мужам і дзіцём з’ехала на сядзібу. А той застаўся. Упарты. Днюе і начуе на сваёй «ферме». Трактарок мае, бабулькам тут падможа, зноў жа — дачнікі і гной купяць, і па малако прыйдуць. Але нейкі няўдачлівы, ніяк яму не шчасціць: цяляты дохнуць, каровы на мастыт захворваюць ці яшчэ якая трасца, малако перастаюць даваць, ён тых прадае, купляе новых. Круціцца без продыху, а няма толку. Вось, усе свае.

— Зразумела, — я прачытаў запісанае, — сваіх сямёра… было, з Насцяй. Пяць хат. Значыць, астатнія хаты — дзевяць — і астатнія людзі — шаснаццаць — тыя самыя дачнікі?

— Ну, хто дачнік, а нехта жыве стала ўвесь год, — згадзіўся Тумар.

— Чым жа іх, дачнікаў, Ляўдок прывабіў?

— Ды месца, мабыць, ціхае, зручнае. — падумаў уголас Тумар. — Траса недалёка. А лес побач надта на грыбы шчодры, нават на агародах баравікі растуць. А крыху далей — арэшнік стары. Яшчэ я малым быў, дык штогод мы па арэхі туды хадзілі. Гэта цяпер прысмакі магазінныя якія хочаш, а тады ляшчыну сушылі — ого, якое смакоцце было ўзімку! Ды і як на Каляды без арэхаў?

— Зразумела. Пятровіч, а дачнікі гэтыя хто? Як яны? Не турбуюць?

— Ды прыстойныя! — упэўнена пахваліў участковы невядомых мне людзей. — Мінчане ў асноўным, інтэлігенты. Ад вясны да самай позняй восені Ляўдок ажывае. З дзецьмі, унукамі прыязджаюць. Дамы падрамантавалі, якія куплялі, нехта і новы паставіў. Між сабой дружныя.

— Сябруюць?

— Так. Яны розныя гулі ладзяць, з сядзібы моладзь у Ляўдок калі — нікалі збіраецца.

— Якія гулі? — здзівіўся я. — Дыскатэкі?

— Ды не, — усміхнуўся Тумар. — Нядаўна во гулялі. Дзяўчаты адны, маладзіцы: у вянках, сукенках прыгожых, песні спявалі. Там сцэнарый цэлы, мне то не асабліва цікава, але ж прыгожа. Тады многа прыехала было народу, нашы мясцовыя ў Ляўдок прыходзяць кожны раз, ім цікава. От на Купалле прыгожа робяць: у іх там і музыкі ёсць — на дудах іграюць. Значыць, жанчыны строі апранаюць, бы з музеяў, мужчыны — кашулі вышываныя, падпяразаныя, як некалі хадзілі. І ідуць вечарам ад вёскі на выган з паходнямі пад музыку. Там вогнішча запальваюць, спектакль цэлы ладзяць. І сур’ёзныя такія, бы не дзіцячая забаўка, а справа важная ў іх. Помніцца, у пазамінулым годзе людзей шмат прыйшло, дык іх там папярэдзілі: мерапрыемства атрымліваецца, значыць, трэба ўсякія моманты арганізацыйныя забяспечыць. То ў мінулым годзе мяне запрасілі. ну, для аховы парадку. І медычка была, як патрабуецца. Але вельмі акуратна там усё. Ні п’яных, ні дурных.

1 ... 30 31 32 33 34 35 36 37 38 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)