Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Спадніцу, кохту — усё сарваў, паскідаў, такі юр яго ахапіў, каб ты так піць хапаў, ды не напіваўся. Цалаваў, як ашалелы, усё цела і ці не павіскваў шчанюком, так яго перахапіла. Ганначка білася-баранілася, ды куды ёй. Ды і баба ж, і прызналася яна мне: як абхапіў-ашчаперыў, сціснуў, пакрыў усю пацалункамі, то й свет белы знік. Упадабала яна яго раней, напачатку, от дзе бяда. Да яго ж ездзіла спярша, а ён — сляпак чортаў. Няма чаго доўга казаць. Насцечка як прыбегла, дык і пабачыла, от.
Цётка замаўчала. Маўчаў, некалькі разгублены, і я, бо не мог пакуль зразумець: навошта мне гэтая даўняя гісторыя пра любошчы на лужку ў вербалозе?
— А далей як было? — падахвоціў я цётку, дастаў тэлефон і дэманстратыўна паглядзеў на час, каб паказаць старой, што ў мяне нямала яшчэ пільных спраў.
— Ды тое і было. Ганначцы б адразу ва ўсім Зміцеру прызнацца — ён бы прабачыў, згатаваў адвар які, каб прыйшла яна ў розум. Ды баялася. Мне пераказвала ўсё, плакала-плакала. Кажу: «Ідзі, упадзі на калені, павініся!» Ды во дзе яшчэ бяда: Насцечка ж бачыла ўсё. Казала Ганначка, як скамянела дзяўчынка, трэсла адно яе і мову адняло. К вечару ліхаманка яе біць пачала, Зміцер спалохаўся, хапаўся за свае травы сушаныя, тоўк у ступцы, гатаваў зелле. Тры дні прайшло — дзіця ў гарачцы. Не спалі абое ля дачкі. А потым адпусціла. Ачомалася дзяўчынка, бацьку пазнала.
Ганначка булён звараны астудзіла, нясе Насцечцы, а тая ў крык немы: «Не кранайся мяне!» То ўжо Ганначка застыла слупам. Бачыла я, як ішла яна да той канавы вечарам. Без нічога ішла. Пайшла за ёй. Счарнела яна тварам, выла, траву грызла, па зямлі качалася. Хоць ты за руку яе бяры ды вядзі, а не будзеш жа мяшацца. Ды і сам знаеш: Зміцер мог такое ўтварыць — зажыва б згніў Падлужны. О, гэта не жартачкі — ведзьмаку дарогу перайсці, жонку яго ссільнічаць. То етага й баялася Ганначка: каб грэх цяжкі на сябе Зміцер не ўзяў. От і засілілася назаўтра.
— Як засілілася? — я ажно прыўстаў ад нечаканасці. — Памерла ж яна! І быццам Зміцер яе пабіў. — выклаў я сваю дасведчанасць перад цёткай.
— Засілілася яна, — ціха, з пякучым жалем у вачах паўтарыла цётка. — У хляве на бэльку вяроўку завязала, ды кароткая была вяроўка, а бэлька высока. Дык услончык узяла з сабой і яшчэ табурэтку. Зміцер у час спахапіўся, як яна ў хляве зачынілася, ён праз хвіліну і выскачыў з хаты. І з нажом у руках. Ці то па-свойму, па-вядзьмарску ён пра ўсё даведаўся, ці то Насцечка яму паспела расказаць, аж во пайшоў цікаваць за жонкай.
Яна ў яго на вачах з услончыка ступіла. Зміцер як скочыў уверх (адкуль той спрыт і сіла) і нажом па вяроўчыне. Перасек. Ды ж наканавана было ўсё, нічога не паробіш. Ганначка сарвалася, упала на табурэтку, а тая табурэтка ўверх ножкамі ўпала. От і ўдарыла пячонку, адбіла. Кровазліццё ўнутранае, не ўратавалі. Пакуль хуткая ехала, яна яшчэ жыла, мяне заклінала напрамілы Бог: не казаць нічога Зміцеру. Нічога-нічога. Не знаю, як там Зміцер у міліцыі казаў, бо пыталіся ў яго многа, і Насцечку пыталі, сама бачыла. Мімаходзь ішла, а яны якраз у двары яе дапытвалі.
— Дык Зміцер так і не даведаўся? — уражаны, спытаў я.
— Мабыць, здагадаўся. Ну, што было ў Ганначкі з Падлужным. Толькі не ведаў, што віны Ганначчынай адна макавінка. Не чапаў ён Падлужнага. А той дурань быў напіўся (ета як сталі казаць, быццам Ганначка памерла ад удару, быццам Зміцер яе выцяў моцна) і давай да Зміцера, біцца. І напраўду, ударыў з-за вуха. Мужыкі побач стаялі, схапілі, а то б забіў нагамі. А Зміцер і змаўчаў. Дзівіліся ўсе, і я во дзівілася. Ніяк у яго злосці не было — ні ў вачах, ні ў руках.
— Дык а Насця? — падагнаў я старую.
— Гадоў дзесяць таму Зміцер усю сваю сілу Насці перадаў.
Я хмыкнуў. Але сцярпеў, не стаў нічога казаць. Цётка ўздыхнула глыбока, быццам набірала паболей паветра ў грудзі і працягнула:
— Вяселле гулялі ў нас, у адных тут, яны ўжо даўно з’ехалі. Насцечцы ці не шаснаццаць было. Падлужны жыў з жанчынай адной ужо гады два, праўда, дзяцей нешта не заводзілі. Гуляў з ёй на вяселлі. І Насцечку пазвалі: сябравала яна з нявестай. А Насцечка, я табе скажу, рана паспела. Клубы шырокія, пругкія. Падлужны падпіў добра, ведама ж, чаго мужыкі на гулянкі ходзяць. На двор стол вынеслі ды стоячы ў карты гулялі. Насцечка міма ішла з дзяўчатамі. Ён і ляпнуў ёй услед: «Бач, вядзьмарскае семя паспела, хутка хлопцы ў чаргу станавіцца будуць!» Ды заржаў. Не любіў ён яе, на дух не пераносіў. А я во побач была якраз, прыпынілася. Насцечка павярнулася. Тварам страшная стала. Бы не яе твар, такі. не скамянелы, а як жалезны, шэры, крывіначкі няма. І вочы прымружыла, так глянула — ажно вусцішна ўсім стала. Мужыкі і на карты забыліся. А Насцечка ўсміхнулася так нядобра і гавора: «Дзякуй за пажаданне. Хай сабе стаіць чарга. І вам таго ж — няхай у вас стаіць і не падае». І адкуль кветка ў яе руках узялася, далібог не бачыла. Рамонак. Яна і кінь той рамонак Падлужнаму. Ён і спаймаў, так во выйшла. А праз месяц ці меней яго жанчына ўпрочкі пайшла. Падлужны пасля пачаў да адной нашай мясцовай, развядзёнкі, старэйшай намнога, падыходзіць. Яна і не супраць была: чаго адной векаваць? І быццам пачалі жыць разам, ды разбегліся хутка. Яна збегла. От тады і пайшлі пагалоскі і сталі казаць на Падлужнага Стаяк…