Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Энтавак? – паўтарыў Піпін. – Ці падобныя яны да вас хоць бы крыху?
– Хм, так... ці не: мне цяпер сказаць цяжка, – задумаўся Дрэвабарод. – Падаецца мне, ім спадабалася б вашая краіна.
Дрэвабарода надта цікавіла ўсё што да Гэндальфа, найвялікшую цікавасьць выклікалі зьвесткі пра Сарумана й ягоныя дзеі. Хобіты пашкадавалі, што ведалі гэтак мала пра іх – толькі зь няўцямнага Сэмавага расповеду-пераказу таго, што казаў Радзе Гэндальф. Але ж сумневу не было: Углук з бандаю зьявіліся зь Ізенградку й казалі пра Сарумана як пра свайго гаспадара.
– Хмм, ху-ум! Файна, файна! – прагуў Дрэвабарод, калі хобіцкі расповед нарэшце прыблукаў доўгім і пятлястым шляхам да бітвы оркаў зь вершнікамі Рохану. – Ну й куча навінаў, навіны дык навіны! I колькі ж вы мне не распавялі, вох, шмат чаго не распавялі. Не сумняюся: гэтак Гэндальф і загадваў вам калісьці – не балбатаць. Бачу: нешта надта вялікае рухаецца. Можа, і вызнаю пра тое ў свой час, добры ці ліхі. Ох, гальлё-караніскі, знаходзіцца малы народзец, якога няма ў старым сьпісе стварэньняў, і – пабач ты! – дзевяцёра пазабытых вершнікаў-прывідаў зноў тутака, каб гнацца за малымі, Гэндальф бярэ малых з сабою ў вялікае падарожжа, Галадрыель дапускае іх у Карас Галадхан, оркі бягуць за імі праз усё Дзіказем'е. Анягож, у вялікую ж буру вы патрапілі! Спадзяюся, вы яе здужыце.
– А як ваша? – спытаў Мэры.
– Ху-умм, хм, мяне гэныя Вялікія Войны ня тычацца, – адказаў Дрэвабарод. – Гэта справа эльфава ды людзкая. Справа чараўнікоў: тыя заўсёды турбуюцца пра будучыню. А мне чаго клапаціцца? Я аніколі цалкам не на чыім баку, таму што ніхто цалкам на маім, калі вы мяне разумееце. Бо ніхто цяпер не клапоціцца пра лес гэтак, як я, нават цяперашнія эльфы. Аднак да эльфаў я стаўлюся лепей, чым да каго: калісьці эльфы абудзілі нас ад нематы, і на гэты вялікі падарунак нельга забыцца, хоць нашыя шляхі й разышліся з тых часоў. I ёсьць, вядома, тыя, на чыім баку я ані ў якой ступені: гэныя бурарум, – энт зноў праракатаў глыбока й абурана, – гэныя оркі й іхнія гаспадары. Я занепакоіўся, калі Ліхалесьсе азмрочылася. Калі ж цень сышоў да Мордару, уздыхнуў з палёгкаю, бо Мордар далёка. Адылі, падаецца, вецер дзьме з усходу й набліжаецца час вынішчэньня лясоў. Тут ужо старому энту анічога не зрабіць, каб адхіліць тую навалу: ці вытрываць, ці зламацца. Але ж Саруман, ён жа найбліжэйшы сусед! На яго хочаш ня хочаш, а зьвернеш увагу. Нешта трэба рабіць. Я часьцяком разважаў апошнім часам, што рабіць з Саруманам.
– Хто ж такі Саруман? – спытаў Мэры. – Ці вы ведаеце што пра яго?
– Ён чараўнік. А болей ня ведаю. Я ў гісторыі чараўнікоў не абазнаны. Зьявіліся яны, калі Вялікія караблі прыплылі з-за мора. Ці тыя караблі прынесьлі іх, ці не – мне невядома. Саруман лічыўся найвялікшым між імі. Пэўны час таму – паводле вашага адліку, даўнютка – ён перастаў бадзяжыць ды совацца ў людзкія й эльфавы справы й пасяліўся ў Ангрэнасьце, ці Ізенградку, як клічуць яго людзі Рохану. Спачатку быў такі ціхі, а слава ягоная ўсё расла. Яго абралі ачольцам Белай Рады, так казалі, але ж тое абярнулася ліхам. Цікава, ці не тады пачаў ён і сваё шкодніцтва. Але ж суседзям клопатаў не чыніў, не. Я часьцяком размаўляў зь ім. Быў час, калі ён любіў шпацыраваць па маім лесе. Быў заўжды ветлівы, прасіў у мяне дазволу (вядома, калі сустракаў мяне), слухаў з ахвотай. Шмат я распавёў яму, чаго ён сам аніколі не знайшоў бы, а ён мне, як цяпер згадваю, – нічога. I сам усё болей замыкаўся. Прыгадваецца цяпер – хоць я яго ўжо даўно ня бачыў, – твар ягоны стаў падобны на вакно ў муры – самотнае, зачыненае знутры.
Цяпер мне зразумела, што ў яго ў галаве. Хітруе, хоча моцным зрабіцца, уладаром. Розум ягоны – нібы з рычагоў ды мэталёвых колаў, а да жывога й зялёнага клопату яму няма, хіба што пакарыстацца хвіліну. Цяпер цалкам ясна: ён здраднік, чорны агідны здраднік. Зь мярзотай павёўся, з оркамі! Бррм, хумм! Горш за тое: нешта ён зь імі робіць, нешта няправільнае. Бо вашыя захопнікі болей падобныя да злосных людзей, чым да оркаў. Прыкмета ўсялякага ліха, што нарадзілася падчас Вялікай Цемры, – яно не выносіць сонца, але ж Саруманавы оркі прыцярпеліся, хоць і ненавідзяць яго. Што ж Саруман вычварыў? Ці гэтак папсаваў людзей, ці памяшаў людзей з оркамі? Вось жа найчарнейшае ліха!
Дрэвабарод бурчэў пэўны час, быццам клянучы Сарумана нейкім глыбокім, падземным, пракавечным энцкім праклёнам.
– Колькі часу таму я дзівіўся: чаго оркі гэтак дзёрзка пнуцца праз мой лес? Толькі апошнімі днямі высьветліў: тое Саруманава віна, здаўна ён выведваў шляхі ды сьцежкі, вынюхваў мае таямніцы. А цяпер з сваімі злыднямі чыніць гвалт. На ўзьлесках загубілі колькі дрэваў – добрых дрэваў. Некаторых проста павалілі й пакінулі гнісьці – брыдкая оркава звычка, – але большасьць пасеклі й зьнесьлі ў Ізенградак, у тамтэйшыя печы. Цяпер над Ізенградкам заўсёды слупы дыму. Вох, сукі-караніскі, трасца на яго! Там загінула столькі маіх сяброў, я ведаў іх ад жалуда, ад насеньнейка. Шмат хто й абуджаны, меў адметны голас – і яны загубленыя назаўсёды. Пусткі з пнямі й цернем цяпер на месцы сьпеўных, ладных гаёў. Не, надта доўга я цярпеў. Запусьціў усё. Цяпер – час адказу!