НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Вялікую частку плошчы на гэтай тэрыторыі — звыш 40 % — займалі неўраджайныя землі, пашы, лясы, балоты. Існуючай аграрнай структуры спадарожнічалі архаічныя метады гаспадарання. У сялянскіх гаспадарках зямлю апрацоўвалі такімі спосабамі як і стагоддзі таму. Памешчыкі значную частку сваёй зямлі здавалі ў арэнду ўзамен за частку плёну. Грошы рэдка ўжываліся пры такога тыпу здзелках. Рэліктам мінулага былі таксама сервітуты. Аднак для мала- і беззямельных сялян давалі яны шанц пратрымаць некалькі штук свіней ці быдла. Таму іх ліквідацыяй былі зацікаўлены толькі больш заможныя сяляне і ўладальнікі фальваркаў. Для гэтых апошніх вартаснымі былі галоўным чынам лясныя сервітуты, па прычыне магчымасці продажу драўніны.
Узровень тэхнікі і плён на Заходняй Беларусі — як звычайна называюць гэтую тэрыторыю ў беларускай пісьменнасці — былі самымі нізкімі ў Польшчы. Па вёсках панавала амаль натуральнае гаспадаранне. Сяляне большасць неабходных у штодзённым жыцці артыкулаў выраблялі саматужна: бялізну, вопратку, абутак, сельскагаспадарчыя прылады, хатняе абсталяванне, посуд. Льняное палатно — асноўны матэрыял для пашыўкі вопраткі — выраблялася амаль у кожнай хаце. У якасці летняга абутку паўсюдна выкарыстоўваліся лыкавыя лапці. Асноўнымі харчовымі прадуктамі былі капуста, бульба і хлеб, які пяклі з мукі змеленай у жорнах. Прымянялася соль найгоршага гатунку, а цукар быў рэдкасцю ў сялянскай хаце і паўсюдна замяняўся сахарынам, які кантрабандысты перапраўлялі ў Польшчу цераз літоўскую граніцу. Папаўненнем сялянскага меню былі рыбы, якія ў вялікай колькасці вадзіліся ў адносна шчыльнай сетцы вадаёмаў. Ураджай з 5–10-гектарнай гаспадаркі з цяжкасцю дазваляў пратрымацца звычайна мнагалікай сялянскай сям’і. Голад на гэтай тэрыторыі, асабліва ў пераджніўны час, пастаянна спадарожнічаў насельніцтву.
Грошы ў тадышняй гаспадарцы не адыгрывалі істотнай ролі. Патрэбны яны былі для аплаты падаткаў і куплі неабходных тавараў — запалак, газы, солі. Свайго роду капіталаўкладаннем была жывёлагадоўля. Калі сялянам патрэбны былі грошы, тады прадавалі яны каня або карову, у крайнім выпадку — кавалак зямлі.
Прагматыкі і партызаны
Грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нацыянальныя адносіны на тэрыторыі чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў стваралі атмасферу калоніі. Спосаб польскага праўлення на землях, населеных беларусамі, ад самага пачатку не спрыяў усталяванню карэктных адносін паміж дзяржаўнай уладай і мясцовым насельніцтвам. Разам з замацаваннем дзяржаўных структур пачаліся ліквідацыя беларускага школьніцтва, разбуранне або адбіранне цэркваў, праследаванне падазроных у спрыянні камунізму. Паколькі ў Польшчы перамагла нацыянал-дэмакратычная канцэпцыя нацыянальнай палітыкі, на практыцы сталі ажыццяўляцца найгоршыя і самыя брутальныя метады асіміляцыі славянскіх меншасцей. Ва ўмовах парламенцкага кіравання (1921–1926) не рэалізавалася аднак ніводная кампактная праграма нацыянальнай палітыкі. Гэтыя пытанні належалі кампетэнцыі чатырох ведамстваў: міністэрствам унутраных, ваенных і замежных спраў ды міністэрству веравызнанняў і публічнай асветы. За гэты перыд урады змяніліся дзесяць разоў, а кіраўнікі названых ведамстваў змяняліся значнай часцей. Таму палітыка на паўночна-ўсходніх крэсах вызначалася перш за ўсё лакальнай адміністрацыяй, якая беларусаў лічыла элементам ніжэйшай катэгорыі, адсталым, прымітыўным, якога лёгка можна апалячыць. Адміністрацыйныя кадры папаўняліся чыноўнікамі з цэнтральных ваяводстваў. У Беларусь часта прысылаліся людзі, якія не праявілі сябе на папярэдняй пасадзе або скампраметаваліся. Гэтая адміністрацыя ажыццяўляла перш за ўсё такую палітыку, якой чакалі мясцовыя памешчыкі і якая не заўсёды адпавядала інтарэсам польскай дзяржавы.
Тым часам для змякчэння грамадскіх напружанняў патрэбна была аграрная рэформа. Аднак кожнае дзеянне ў гэтым напрамку давяло б да змяншэння ўласнасці, якая заставалася б у польскіх руках. Таму на аснове закона ад 20 снежня 1920 г. сюды былі прывезены пасяленцы з цэнтральнай часткі Польшчы. Перасяляліся галоўным чынам былыя жаўнеры і афіцэры, якіх надзялялі зямлёй і падтрымоўвалі крэдытамі на асваенне гаспадаркі. Асаднікі мелі ўздзейнічаць на беларускае асяроддзе ў напрамку яго асіміляцыі, быць апорай мясцовай адміністрацыі і тым фактарам, які тармозіў бы антыдзяржаўныя выступленні. Асаднікі найчасцей выконвалі абавязкі солтысаў, войтаў, лаўнікаў (засядацеляў), ставаліся ніжэйшай ступенькай улады. Часта на новае месца жыхарства прыязджялі яны з пісталетам або вінтоўкай. У выпадку патрэбы абавязаны яны былі дапамагаць войску, паліцыі, лясной ахове, прымаць удзел у аблавах на партызан.