Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Падняўся на другі паверх — там кабінеты Тамары і яе намесніка, Антона Шабацькі, мужчыны пяцідзесяці гадоў, сівога як лунь, але падцягнутага, сухарэбрага нават. Цікавы чалавек: ведае процьму ці то анекдотаў, ці то сапраўдных кур’ёзаў. Як ні збяромся, так бы мовіць, у неафіцыйных абставінах, ад яго абавязкова гісторыя, і да месца. Апавядальнік ён адмысловы: паўзу вытрымае, голас бясстрасны, сам не ўсміхнецца нават, калі іншыя хапаюцца за бакі ад рогату. Тры гады таму ў яго памерла жонка — рак страўніка. Калі выявілі, было ўжо позна, ажно чацвёртая, апошняя стадыя. Са скаргамі на жывот яна не адзін раз звярталася ў бальніцу, але там ставілі дыягназ «запушчаны гастрыт», што часткова і было праўдай… У нейкі момант малады ўрач, які ўсяго год як працаваў, адправіў яе на абследаванне мэтанакіравана на рак. Паўгода пасля гэтага яна толькі і пражыла. Шабацька, казалі, хворую апошні месяц насіў на руках, даглядаў цалкам сам, бо яна ўжо ляжала дома. У іх трое дзяцей, усе дарослыя, як кажуць тут, прыпучаныя: два сыны ажаніліся, дачка замужам. Прычакалі і ўнукаў. Сорак дзён пасля пахавання жонкі Шабацька прыходзіў на працу пакамечаным, з моцным перагарам, які стараўся прыхоўваць, пырскаючы на сябе раз-пораз адэкалонам (парфума была ў шуфлядзе ягонага стала). У другой палове дня ён піў купленую ў час абеду бутэльку гарэлкі і іншым разам засынаў за сталом. Але так працягвалася менавіта сорак дзён. Пасля іх ён аднойчы працверазеў і стаў такім, як і быў да смерці жонкі.
Мінуў год і адзін дзень пасля пахавання — і Шабацька прывёў у сваю кватэру жанчыну. Мяне вось гэта і здзіўляла ў Антоне: ён у жыцці кіраваўся дакладнымі правіламі, агульнапрынятымі нормамі, быццам не меў свайго асабістага стаўлення. Вось кажуць, што трэба мужу жонку дагледзець, — дагледзеў, трэба вытрымаць сорак дзён жалобы і год аднаму пажыць, — вытрымаў і пажыў.
Мажліва, менавіта штучнасцю паводзінаў, якую я падазраваў у Шабацьку, ён і быў мне несімпатычны. А яшчэ немаведама чаму ён лічыў, быццам Зіначка — яго асабістая сакратарка. Нават Тамара сама сабе часцяком гатавала каву, ці мыла свае зялёныя стограмоўкі, а Шабацька ў пяць хвілінаў на дзевятую штодня чакаў, калі Зіначка, цокаючы абцасікамі, прынясе яму каву. Калі нехта бачыў, як яна выходзіла з яго кабінета пасля, то не мог не здагадацца па запунсавелых Зіначчыных шчоках і іскрынках у вачах, што жанчына ў знак падзякі атрымала паляпванне па клубах і двухсэнсоўны камплімент наконт яе шыкоўных цыцак.
Я ўзняўся наверх у прыёмную-канцылярыю. Чайнік якраз забулькатаў.
— Зараз-зараз, — сустрэла мяне такой яскрава-лагоднай усмешкай Зіначка, аж мне стала трошкі ніякавата, але адначасова і прыемна. — Сядайце во! — запрасіла.
Я прысеў да сцяны — тут стаялі крэслы для наведвальнікаў. Зіначка заліла кіпнем кубак з кавай, але толькі напалову, пабоўтала лыжачкай, пасля прысела ля вялікай канцылярскай шафы. Яе сцёгны адкрыліся высока, быццам вынырнулі з-пад спадніцы — тугія, у тонкай тканіне празрыстых калготак. Зіначка пакорпалася ў ніжняй шуфлядзе (ох, як доўга яна корпалася!) і, не ўстаючы, павярнула галаву да мяне, трымаючы ў руцэ ля свайго амаль аголенага цалкам сцягна невялічкую бутэльку. Па-змоўніцку прымружыла вочы, падміргнула мне знізу ўверх, і я гатовы быў ісці ў заклад, што змоўніцкі агеньчык у яе вачах тычыўся не толькі бальзаму, які яна дастала.
— Выдатна лечыць! — Зіначка даліла да поўнага цёмнай вадкасці ў кубак, падала мне: — Бярыце і на здароўе!
Заварыла кавы сабе і таксама дадала, але з напарстак усяго, бальзаму. Бутэлечку закруціла, цяпер ужо чыста па-жаночы, ахайна і хутка, прысела і схавала яе.
Яно і праўда: пасля першага глытку пахучай вадкасці я адчуў, як мне палепшала, хоць галава не была цяжкай ці мяне нудзіла. Лягчэй рабілася на дуты. Прасцей.
— Ой, дзякую, ці то напітак чароўны, ці то ад сэрца згатавалі, — падзякаваў я, зрабіўшы трэці глыток, парушаючы трохі няўтульную цішыню.
— І тое, і другое, і трэцяе, — выпаліла Зіначка.
— А што трэцяе? — здзівіўся я.
— А я на ўдзячнасць разлічваю, — прызналася яна без усмешкі. — Бабе без мужчыны ў хаце як без рук. Столькі ўсяго за дзень здараецца — хоць у акно вылазь ды крычы, кліч мужыкоў.