Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
З Новагародка прыслалі вазок з наказам ад баярына Агапія прывезці ўнучку. Адчуваў ён смяротную знямогу і хацеў развітацца з ёю, бо, па ўсім відаць, Апфія не прыедзе, не паспее пабачыць яго жывым, а значыць, Жывена развітаецца за дваіх… Дзяўчына як чакала гэтай страшнай абвесткі — перад гэтым бачыла, як малады, вясёлы Агапій гахкае сякерай і радуецца новаму цераму, які будуе.
Праязджаючы цераз рэчку, Жывена спынілася на мастку, угледзелася ў ваду, непрыветную, як бы ўжо абыякавую да ўсяго жывога. Плыткая рачулка вірылася дзе-нідзе глыбокімі ямінамі, і дзяўчыне ўбачыўся на імгненне касматы, тоўсты і з'едліва-пасміхасты Вадзянік, а вакол коратка рагатнулі і звіліся клубкамі зялёныя цягучыя водарасці.
З шоргатам, спачатку рэдкая, пасля ўсё гусцейшая, паплыла з неба каламуць, зацягваючы наваколле. Справа ад дарогі, дзе, матляючы галінамі, старыя кашлатыя яліны нібы вартавалі шалом-курган, раздаўся хрыплы крык гругана. Ён нешта кляваў, злобна косячыся чорным вокам на няпрошаных гасцей. Тут, успомніла Жывена, ляжыць багатыр Рагаты Сокал, які знёс вогненнай паліцай галаву Вогненнаму Змею і чый посвіст з коранем выдзіраў магутныя дубы.
— Нядобрай будзе паездка, — ціха прагаварыла ззаду Юрна.
Паездка сапраўды была цяжкай — коні паволі прабіваліся скрозь заслону ветру, нібы бесперастанку дзьмуў насустрач грамозны змей.
Новагародак, які звычайна прыветна свяціўся ў змроку агнямі княжага замка і таўшчэзнымі смалякамі, якімі асвятляліся вуліцы, быў таксама як затулены ў калматы кажух непагадзі, а таму цёмны і непрыветны. Коні нават праехалі былі церам баярына, давялося разварочвацца на вузкай гарыстай вуліцы пад замкам.
Агапій ляжаў у ложку, згаслыя вочы хаваліся за калматымі брывамі, завастрыўся, выставіўся наперад доўгі нос. Абняўшы яго і ўдыхнуўшы знаёмы пах мятнай вады, Жывена адчула, што спакутаванае ад болю цела перайшло мяжу жывога і цяпер дацягвае, напінаецца з апошняга.
— Што, вырабіўся твой дзед у смык? — слаба ўсміхнуўся Агапій, не выпушчаючы ейнай рукі і з любасцю гледзячы на ўнучку.
— О, хай тое на звей-вецер будзе сказана! — прамовіла яна звычайныя ў такіх выпадках словы, але ён перапыніў:
— Не ўжо, вырабіўся. Жыццё маё гарэлага шэлегу не вартае, бо надта замучыўся я. Таму і не шкада пакідаць гэты свет. За цябе толькі і баюся, дзеля цябе хацеў бы пражыць троху, каб уладкаваць цябе, мая шчурачка. Яўлампія маладая яшчэ, ажно праг яе бярэ. Пражыве.
— Але мяне любяць у храме. Клічуць у селішчы. Чаго мне баяцца?
— Шлях твой не просты. Раздумваў я — ці варта табе казаць праўду? Але няма часу на адвалоку*, а з таго свету сюды не прыбяжыш.
* Прамаруджванне.
Ціха адчыніліся дзверы, у пакой праслізнула чалядніца, у драўлянай карчазе прынесла гарачае мятнае пітво для баярына. Яны перачакалі, пакуль яна пойдзе, і тады, перадыхваючы і спыняючыся, расказаў Агапій унучцы пра ейную маці. І пра князя Міндоўга, які забыўся на прыгажуню-жрыцу. І пра тое, што мучыцца віною стары Святазар.
— Значыць, гэта праўда… — раздумліва прагаварыла Жывена. — Чаму ты не казаў пра тое раней?
— Можа, ужо сёння цябе не было б у жывых. Альбо кружыла б галаву, хацелася б таго, што дае ўлада — людскіх лёстачак, пакорлівасці.
— А цяпер ты не баішся за мяне, дзядуля?
— Баюся. Але толькі абставін. За тваю душу я ўжо спакойны. Адчуваю: ты вышэйшая за той парог, аб які спатыкаецца большасць. Таму я бязмерна ўдзячны храму і Святазару. Тут, пры мне, ты, можа, была б іншай. Бо грэшны я: падабалася мне літасць Міндоўгава, хаця дбаў я найперш пра Новагародак. Табе адно магу завяшчаць: любі нашу зямлю, аддай ёй лепшыя сілы душы…
Зняможаны, адкінуўся на ўзгалоўе. Боль праходзіла па ім сутаргамі, па твары прабягалі цені, нібы баярына неслі ўздоўж дрэваў, а святло клалася збоку. Стыла пітво ў карчазе.
Абое яны не чулі, як, стоячы за дзвярыма, уважліва слухала чалядніца шчырае прызнанне Агапія. Пасля яна лоўка слізганула па калідоры і далей — за браму, у замак, дзе ўсё пераказала даверанаму чалавеку Войшалка. Не ведаў Агапій, калі жонка яго прымала тую чалядніцу на працу, што княжацкая рабыня павінна была атрымаць адпушчэнне на волю, калі раскрые тайну баярына. Не забываўся Войшалк ні на што, таму, злавіўшы неасцярожнае слова, што вылецела неспадзявана і бойка, як верабей, некалі з вуснаў баярына, пастараўся ўлавіць мудрага Агапія ў сплеценыя ім цянёты. Таму, занатаваная на бяросце, назаўтра ж у торбе ганца пырхнула таямніца Жывенінага нараджэння шукаць Войшалка, — і знайшла яго ў Палонінскім манастыры, дзе смірэнным манахам Елісеем перапісваў ён святыя кнігі і працаваў у садзе. Хрысціўся Елісеем у гонар забітага язычнікамі духоўнага настаўніка, і, каб застаўся жывым, нарадавацца не мог бы на яго Елісей: колькі ні віравала вакол віжаў-даносчыкаў, ніводзін так і не змог адпісаць Данілу праўду: што пільна сачыў смірэнны манах за ўсім, што дзеецца ў Новагародку. Вось і зараз, калі сустрэў ганца-новагародца брамнік, і, пакуль той ставіў каня ў стайню, абгледзеў ягоную сумку, пабачыў ён толькі пергамент, у якім паведамлялася, што спакойна ў горадзе і шануюць новагародцы Данілавага сына, які па волі Войшалка і з ягонай згоды атрымаў княжанне. Калі ж манах Елісей застаўся адзін, нагрэў ён ліст на агні і прачытаў іншае: прагна глядзіць Раман Данілавіч на захад, на герцагства аўстрыйскае, а жонка ягоная Гертруда ўводзіць пры двары парадкі нетутэйшыя, ад таго праваслаўная царква ў занядбанні, а primi proceres* спадзяюцца вярнуць князю спадчынны стол. Калі ж прачытаў пра споведзь Агапія, доўга хадзіў па прасторных сваіх пакоях ціхмяны ўдзень манах-князь, раздумваў і прыкідваў. Як пры гульні ў варцобы, расстаўляў ён постаці князёў нальшчанскага і дайноўскага, жамойцкага і новагародскага, а бацьку свайго Міндоўга то адстаўляў убок, то зноў пасоўваў наперад. Пакуль малыя зводныя браты Рэпік і Рукля, сваё адыграе на палітычнай дошцы і Міндоўг, толькі вось на чыім баку? Многа думаў ён і пра Жывену. Танклява-юная, як маёвая сцяблінка, дзяўчынка магла, нечакана для сябе і для Войшалка, павялічыць ягоныя шанцы ў дакладны час адразу дапяць да каралеўскага стала, абышоўшы ўсіх сапернікаў і недружалюбцаў. І ён ставіў яе то на адно, то на другое месца, нібы і сапраўды яна была паслухмянай касцяной фігуркай, якую проста перастаўляюць, як таго захоча ўладар-князь. І неяк забывалася, што яна — сястра яму, і бацькава кроў у ёй можа клекатаць гэтак жа, як яна струменіць у ім — штуршкамі, выбухамі, нечаканасцямі, і даводзіцца ціхамірыць яе то пастом, то чаканнем, то халодным, цвярозым розумам…