Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— А можа, Ашвіны не прылятаюць да нас таму, што мы забыліся на іх запаветы? — пыталася Жывена.
— Можа, і таму. Мы страцілі жывую радасць ад жыцця — проста жыцця, здрабнелі ў жаданнях і забыліся, што мы лісты аднаго дрэва. А яшчэ, — горка дадаў Святазар, — нават мы, жрацы, спрабуем дагадзіць сіле, аднак жа князі — гэта ўсяго толькі маленькія чалавечкі, якія падскокваюць, каб вышэй паказаць сябе.
Жывая радасць жыцця ажно перапаўняла ў той лета маладую дзяўчыну, яе нібы несла над зямлёю, як, бывала, падхоплівае шаўковы каснік ласкавы вецер. Свет раскрываўся ў незлічоных сваіх загадках — чаму пахнуць кветкі, што кіруе дрэвам ці раслінаю, калі яны з пупышак расхінаюцца ў раз і назаўсёды вызначаных формах, што рухае сок у зёлках і надае ім жыццядайную сілу. Ці праўда, што валошка альбо сіноўнік — гэта хлопец, які не захацеў пакінуць зямлю і пайсці за прыгажуняй-русалкай у ваду, у бездань, за што і быў ёю пакараны? А чарнічнік — куст, які адзіны згадзіўся схаваць пад сабою барздукоў*, на якіх палявалі зайздросныя да іх багаццяў людзі? А ясянец, які не згарае ў агні і застаецца зялёным? Яны лечаць хваробы, а жрацы звяртаюцца да душаў, таму што любая хвароба — гэта расплата за парушаныя законы, па якіх трэба жыць чалавеку. Як ёй хацелася адчуваць прысутнасць багоў, якія дапамагаюць у імгненне зразумець неспазнавальнае: той карэньчык зла, які прарастае нядужасцю і нядошласцю!
* Гномы (бел.).
…Неяк уначы Жывена прачнулася ад таго, што за акном нешта ценькнула, нібы праляцела страла.
Месячык-сход, падобны на акрайчык хлеба для магутнага цара багоў — Перуна, ільсніўся амаль на мяжы неба і зямлі, бляклае жоўтае святло не даставала да зямлі, расплывалася наверсе, над дубамі; цемра была пагрозлівай, трывожнай, а на вершалінах дрэў бесперастанна вібравала лісце.
Пахі напаленай гарачым днём зямлі, калі дзяўчына выйшла з церама, здаліся гаркавымі: скошаная пожня, раструшчаны колам колас, вырваныя з зямлі і завялыя чараты, пахкі балігалоў. У такую ноч, выходзячы на раздарожжы, чараўніцы шэпчуць закляцці і пырскаюць крывёй чорнага пеўня на чалавечы след, каб навесці на ўладальніка цёмныя сілы. След дастаюць з-пад парога альбо на пыльнай дарозе, дзе мякка ступаць босай назе. Дастаюць пасмы валасоў, зрэзаныя рагавінкі пазногцяў, каб шаптаць над імі нялюдскай чарнечай напоўненыя словы. Непамерную сілу мае Слова! Яно спыняе кроў і наводзіць сон, авалодвае ветрам і насылае градабой, знаходзіць у нетрах клад і насылае процьму злыдняў, а таксама, бывае, выклікае нябожчыкаў. Ёсць Слова вешчае і Слова нядобрае, якое, сказанае ў пэўны час, абернецца няшчасцем. О, як іх вучылі ў храме адчуваць час для дзеі і для прамаўлення! Але вучылі не шкодзіць, а дапамагаць, адводзіць зло. І Жывена зашаптала ў ноч замову, каб перабіць нейчую чорную сілу, якая нясецца блізка-блізка на сваіх чорных крылах, несучы некаму смерць альбо калецтва:
— Пайду я ў чыстае поле, пад чырвонае сонца, пад светлы месячык, пад частыя зоркі, пад палётныя аблокі; стану я ў чыстым полі на роўнае месца, аблокамі аблачуся, нябёсамі пакрыюся, на галаву пакладу чырвонае сонца, падпаяшуся светлымі зараніцамі, абтычуся частымі зоркамі, што вострымі стрэламі — ад усялякай злой немачы…
Не паспела дашаптаць апошняе слова, як вострымі іголкамі закалола ў грудзі, замлелі каленькі. «Як жа я? — мільганула думка, — не памыўшыся, не памаліўшыся Зары-зараніцы і Ашвінам? Таму зло не спаліла, а на сябе прыняла…»
На яе крык падхапілася Юрна, спрасонку ніяк не магла запаліць смаляк, пасля стала хутка расціраць дзяўчыну маслам з ружовага каменнага сасуда.
— Што ты, зярнятка маё, — дапытвалася лятонка, — што ты не так сатварыла? Маленькая ты яшчэ, а сілы нячыстыя ой якія моцныя!
— Ніколі шчэ такі ўдар не атрымлівала, — прамармытала Жывена. — А Настаўнік не раз папярэджваў, што хаця і перапаўняе жаданне перамагаць чорную сілу, трэба добра да таго рыхтавацца…
— Блага гэта, ой, блага! Чараўніца чуе, як трава расце, а ты гэткую яруху* пакуль што не супыніш…
* Раз'ятраная жанчына (стараж.).
— На сходзе замовы не шапчы, — засынаючы, успомніла Жывена, а сход струменіўся і струменіўся на заціхлую зямлю, і пагрозліва несліся скрозь ноч вядзьмарскія злыя заклёны…
Перад самымі Дзядамі бесперапынныя абложныя дажджы скончыліся, бог маразоў Зюзя лёгенька прыклаўся сваёй ледзяной паліцай да дарог, да тужлівых самотных палёў, і яны застыглі, заледзянелі. Тонкімі шклянымі нітамі зазвінелі пад ветрам чараты, шэрань, як малако, папаўзла па дарогах, і начны снег, растаючы на полі, усё гусцей залягаў пад ялінамі.