Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Хмм, дайшлі! – абвесьціў Дрэвабарод, парушаючы доўгае маўчаньне. – Пранёс я вас прыблізна семдзесят тысячаў энцкіх крокаў, але колькі тое будзе паводле вымярэньняў вашых земляў, ня ведаю. Гэтак ці інакш, мы цяпер з вамі ля караніскаў Апошняй гары. Частка імя гэтай мясьціны, калі перакласьці на вашую мову, – Крынічная заля. Мне яна даспадобы. Тут мы й застанемся на ноч.
Спусьціў хобітаў на траву паміж шэрагамі дрэваў, і малыя пабеглі за ім да аркі гроту. Хобіты толькі цяпер заўважылі, што крочыў энт амаль не згінаючы каленяў, але надта шырока. Найперш кранаў зямлю вялікімі пальцамі (пенцюхі й насамрэч былі надта вялікія й шырокія), абапіраўся на іх, а тады ставіў і ступак цалкам.
Дрэвабарод хвіліну пастаяў пад дожджыкам крынічных кропляў ля ўваходу. Удыхнуў глыбока, а тады засьмяяўся й рушыў усярэдзіну. Там стаяў вялізны каменны стол, і аніякіх крэслаў побач. Дальні край гроту зьнікаў у цемры. Дрэвабарод падняў два высокія каменныя келіхі й паставіў на стол. Тыя келіхі напаўняла вада. Але энт правёў над імі рукой – і вада адразу засьвяцілася ў адным келіху залатым, у другім сакавітым зялёным сьвятлом; зьмяшаўшыся, сьвятло заліло грот, нібы летняе сонейка зайграла праз вэлюм маладога лісьця. Азірнуўшыся, хобіты пабачылі, што дрэвы ў залі таксама засьвяціліся – спачатку слаба, а тады ўсё зырчэй, пакуль краі кожнага лісточка не зазьзялі: той зелянявым, той залатым, а іншыя медна-чырвоным, ствалы ж выглядалі, як калёны зь сьветланоснага каменю.
– Цяпер можна й пагаманіць, – абвесьціў Дрэвабарод. – Сасьмяглі, напэўна? Дый стаміліся таксама. Зараз прынясу пітво!
Рушыў да дальняй сьцяны гроту, да некалькіх высокіх каменных скрыняў зь цяжкімі накрыўкамі. Зьняў адну, зачэрпнуў з скрыні глыбокім апалонікам і разьліў напой у тры куфлі – два маленькія й адзін вялізны.
– Гэта энцкае жытло, і крэслаў ці лаваў, на жаль, тут няма. Але вы можаце сядзець на стале.
Падхапіў хобітаў ды пасадзіў на стол, за шэсьць ступнёў над зямлёю, і там яны матлялі нагамі ў паветры й пацягвалі напой з куфляў.
Пітво смакам было падобнае да звычайнай вады, той самай вады Энтуі на ўзьлеску, якой надоечы наталялі смагу. Але ж прысутнічаў нейкі невыказны смак ці водар – слабы, ён нагадваў пах далёкага лесу, прынесены халодным начным ветрам. Напой разьліўся па целе – і ад пальцаў на нагах уверх, да самых кончыкаў валосься пацякло пачуцьцё ажыўленьня й бадзёрасьці. Насамрэч, хобіты адчулі, як валасы на галовах прыўзьняліся, заварушыліся, закучаравіліся, вырастаючы. Дрэвабарод спачатку вымыў ногі ў азерцы за аркаю, а тады выжлукціў свой куфаль адным доўгім, павольным глытком. Хобіты думалі: аніколі ня скончыць піць.
Урэшце паставіў куфаль на стол.
– Во-ох, – уздыхнуў задаволена. – Хмм, ху-умм, цяпер лягчэй размаўляць. Вы на падлозе прысядзьце, а я прылягу, каб пітво не дайшло мне да галавы. Бо тады засну.
З правага боку гроту стаяў вялізны ложак на нізкіх ножках, не вышэй за пару ступнёў, пакрыты тоўстым грудам сухой травы й папараці. Дрэвабарод павольна й асьцярожна апусьціў сябе туды (толькі ледзь прыкметна сагнуўшыся ў поясе) і лёг, склаўшы рукі за галавою, паглядаючы на столь, дзе праблісквалі белыя блікі, нібы адбіткі летняга сонца на гладкім лісьці. Мэры й Піпін паселі побач на падушках з травы.
– Дык распавядайце, што маеце, і не сьпяшайцеся! – загадаў Дрэвабарод.
I хобіты пачалі расповед пра ўсе свае авантуры з таго часу, як пакінулі Хобіцак. Гісторыя атрымалася ня надта ладная, бо апавядальнікі штохвіліны перабівалі адзін аднаго, дый Дрэвабарод часьцяком прасіў вярнуцца крыху назад ці скокнуць наперад, пытаючыся пра пазьнейшыя падзеі. Хобіты пра пярсьцёнак не сказалі нічога, як і пра тое, навошта выправіліся ў вандроўку й куды кіраваліся, а энт і не пытаўся.
А ўсім астатнім цікавіўся вельмі: і Чорнымі Вершнікамі, і Эльрандам, і Долым Ярам, і Старой пушчай, і Томам Бамбадзілам, і Морыяй, і Латлорыйнам, і Галадрыельлю. Прымусіў зноў і зноў апісваць шырскія мясьціны. I спытаў дзівосную рэч:
– Вы там часам, хм, энтаў ня бачылі, не? Ну, ня энтаў. Энтавак, калі ўжо дакладней.