Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
Юнакі разгубіліся, азірнуліся на свайго настаўніка. Я скарыстаў момант, спакойна дастаў партманет, выцягнуў купюру, здаецца, дзясятку, працягнуў у бок маладых:
— Трымай на сваё піва. Заўтра да абеду прынясеш, знойдзеш мяне ў пракуратуры.
— Атас, — ціха, але жорстка прагучала каманда ад трэцяга, нож знік з яго рук, яны апусціліся ўздоўж ног. — Выбачай, начальнік, памылка, просім прабачэння.
І раптоўна знік у цемры, ступіўшы назад, бязгучна, бы здань.
Маладзёны сарваліся з месца, гучна тупаючы, пабеглі чамусьці да асветленага ўваходу ў магазін, потым крута звярнулі ўбок.
Толькі цяпер мяне затрэсла. Паставіў сумку і пляшку на зямлю, закурыў. Вось дык маеш: следчага пракуратуры маглі абрабаваць нейкія пэтэвэшнікі. Заўтра ж падыду туды — у мяне выбітная памяць на твары. Аднаго я запомніў — ноччу пазнаю. Выпаўзкі, гадзяняты.
Дом сустрэў мяне чорнымі вокнамі і закрытымі дзвярыма. Адчуваючы, як пуста і холадна робіцца ўнутры, я адамкнуў дзверы сваім ключом, знарок не стаў глядзець, ці ёсць другі ў схованцы, уключыў святло і ціха зазірнуў у пакой.
Не было Надзеі.
Было чыста, усё прыбрана, нават пасцель на канапе перасцеленая.
Сеў у крэсла, пацягнуў на сябе попельніцу. Глядзеў на бутэлькі з віном і каньяком і думаў: навошта я браў іх? Што я збіраўся сказаць Надзеі? А можа і лепш, што яна пайшла? Не трэба нічога тлумачыць. І годзе саплівых думак! Выпіць зараз? Аднаму, нагбом, з рыльца?
Не, мне раніцай трэба ў Ляўдок…
Курыў, глядзеў на бутэлькі.
І раптоўна прыйшла з ніадкуль упэўненасць у тым, што Надзея ніколі больш сюды не прыйдзе. Ніколі.
І ці прыходзіла ўвогуле?
Не, з рыльца я піць не буду. У мяне ёсць ажно шэсць кілішкаў. Надзея прынесла.
8.
Раніцы, як і жанчыны, бываюць непрадказальнымі.
На небе былі аблокі. Я нават прыпыніўся на ганку, зачыняючы дзверы, задраў галаву. Так, аднастайная шэрая пахмурнасць неба цяпер была разарваная на цямныя і светлыя аблокі, якія насоўваліся адно на другое, плылі ў розныя бакі: нізкія, больш цёмныя і калматыя, — у адзін, светлыя, нейкія плоскія, — у процілеглы. І хоць сонца па-ранейшаму не было відаць, у рэдкіх і невялікіх разрывах праглядвала баязлівая, хваравітая сінеча.
Не мог не зірнуць на дом Надзеі. Ён падаўся мне змярцвела-маўклівым. «Усё прэч», — загадаў я сабе. Так, усё прэч. Не дачакалася, не патэлефанавала. Няхай сабе, па меркаванні Тамары, я і праваліў тэст. Надзея абавязана была прамовіць хоць слова. Абавязана!
Вартавы на вышцы, бомж ля сметніц, стужка шашы. Чорныя купалы царквы. Чаму яны мне падаюцца такімі злавеснымі? А як неба вызваліцца цалкам ад аблокаў, ці стане ўрачыста-блакітным? Хто прыдумаў пакрываць купалы меддзю, якая імгненна чарнее і надае будынку такую неверагодную вусцішнасць? Які бог згодзіцца жыць у храме пад чорным дахам?
Ды навошта яно мне?! Пра што я думаю? Здаецца, хмель ад выпітага каньяку не прайшоў. Я выцадзіў палову бутэлькі. Спаў у крэсле, цяпер баліць шыя. Колькі спаў? Чатыры гадзіны, не болей. Нават на гадзіннік не глядзеў, усё чакаў хоць эсэмэскі.
Ну і няхай. няхай ідзе на ўсе чатыры бакі! Быццам цяжка тут знайсці каго. на ноч! Вось жа д’ябальшчына: чаму я думаю пра Надзею? Нейкі месяц больш-менш разам. Грызе мяне самалюбства, бо не я, а яна пайшла без тлумачэнняў? Хіба так. Не вельмі прыемна быць кінутым. Нічога. Яшчэ пабачым.
Ля дзвярэй пракуратуры сустрэўся з сакратаркай Зіначкай.
— Нешта выгляд у вас, Васіль, не вельмі, — пасля вітання паспачувала мне яна. — Зайдзіце на каву. спецыяльную, — з загадкавай усмешкай дадала, падзячыла кіўком галавы за тое, што прытрымаў дзверы, упускаючы яе ў будынак.
Мне падалося, ці яна спецыяльна з асаблівым імпэтам віхляе сёння азадкам, абцягнутым заўсёднай чорнай кароткай спадніцай? Прываблівы ён у яе. Акуратны, не апушчаны ўніз, сцёгны не тоўстыя, клубы бы жывуць асобна ад цела. У свае трыццаць тры Зіначка ззаду ўдае падлеткам. Рухавая, гнуткая. Зрэшты, і спераду яна нічога, хіба грудзі вялікія, здаецца, вызвалі са станіка і расплывуцца пад пахі, як ляжа на спіну. Ці не расплывуцца, а выставяць дагары спакуслівыя смочкі?
Уяўленне было незвычайна моцным, у нейкі момант мне захацелася, каб Зіначка павярнулася і я змог пабачыць яе схаваныя цяпер пад тканінай грудзі і пераканацца: яны не павіслыя, яны пругкія, прахалодныя.
І яна азірнулася:
— Дык заходзьце!
Муж Зіначкі на заробках у Расіі, тое ў пракуратуры ведаюць: яна ці не штотыдзень расказвае пра свае няўдалыя спробы справіцца з побытавымі праблемамі, якія патрабуюць мужчынскіх рук. Часам вызвоньвае па тэлефоне камунальную службу: то ёй электрык патрэбны, то слесар. Кватэра ў старым доме, жанчына збірае грошы на капітальны рамонт, бо ўсё, пачынаючы ад праржавелых труб і заканчваючы аблупленай столлю, патрабуе працы і грошай. А тут яшчэ двое дзяцей, школьнікі, дай і дай. Нейкае імгненне я вагаўся: мо гатаваць самому каву? Але ж Зіначка запрасіла, і я не адмовіў. Значыць, згадзіўся. Ну, няхай пачастуе яна, не першы ж раз.