НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Так як і ў БССР, сярод беларусаў, пражываючых у польскай дзяржаве, пераважную большасць складала сялянства. Адсотак беларускага насельніцтва ў гарадах быў у восем разоў меншы за такі ж паказчык у вясковым асяроддзі. У сапраўднасці беларускіх жыхароў гарадоў было ў сорак разоў менш чым сялян, якія размаўлялі на такой самай мове. Больш за 90 % беларускага насельніцтва ўтрымлівалася з працы на зямлі. Для 7 % крыніцай утрымання была наёмная праца. Рабочыя беларускай нацыянальнасці працавалі на пасадах, якія не патрабавалі кваліфікацыі — у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, лесаводстве, або ў якасці хатняй службы. Наглядальных пасад, лепш платных і патрабуючых кваліфікацыі, беларусы наогул не атрымлівалі. У некаторых галінах гаспадаркі, асабліва кантраляваных дзяржавай, напрыклад, у камунікацыі, транспарце, сувязі, публічнай службе — беларусаў не прымалі на працу па палітычных прычынах, паколькі адміністрацыя баялася з іх боку сабатажу або дыверсійных дзеянняў.
Вытворчасць на тэрыторыі чатырох паўночн-аўсходніх ваяводстваў была цесна звязана з сельскай гаспадаркай. Працавала тут 149 спіртзаводаў, 8 бровараў, 27 крухмальных заводаў, 44 смалакурні, 87 цагельняў, 34 малочныя заводы, 298 млыноў, 82 тартакі. Былі гэта невялікія прадпрыемствы, у якіх сацыяльнае заканадаўства прымянялася толькі ў сімвалічных памерах. Формы працы і аплаты рабочым вызначаліся паводле меркавання работадаўца.
Беларусы складалі самую вялікую групу рабочых у памешчыцкіх маёнтках. Найчасцей працавалі там цэлымі сем’ямі. Жонка даіла кароў, даглядала жывёлу, дзеці пасвілі свіней або выконвалі іншыя хатнія і палявыя работы. Узамен уладальнік маёнтка даваў ім прыстанішча, адпускаў кавалак зямлі для вырошчвання бульбы і гародніны ды плаціў у натуры малаком і свойскай птушкай. Ва ўмовах адсутнасці іншай працы беззямельныя сяляне найчасцей былі поўнасцю залежныя ад работадаўца.
Большасць палявых работ, на сенажацях, у лясах выконвалі сезонныя рабочыя, найчасцей навакольныя сяляне, якія ў такі спосаб зараблялі грошы, каб заплаціць падатак, або адраблялі пазычаную ў двары муку, збожжа, бульбу, якіх нястача, асабліва напрадвесні, была паўсюднай з’явай.
Рамеснікі і дробныя купцы беларускага паходжання гуртаваліся галоўным чынам у пасёлках і малых мястэчках. Рамяство звычайна папаўняла ім даходы з невялікай гаспадаркі. Таксама ў кожнай вёсцы была група сялян, якая, апрача працы на сваёй гаспадарцы, выконвала кавальскія, сталярскія, цяслярскія, кравецкія, ткацкія, шавецкія паслугі.
Беларуская інтэлігенцыя на абшары чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай была нешматлікай. Не было таксама ўмоў, якія садзейнічалі б росту гэтай грамадскай групы. Па палітычных прычынах беларусы вельмі рэдка прымаліся на працу ў адміністрацыю і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Беларускае школьніцтва існавала толькі ў сімвалічных памерах. Магчымасці паступаць у польскія сярэднія школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы былі для беларускай моладзі абмежаваны фінансавымі абставінамі. Таму гэтая грамадская праслойка з цягам часу скарачалася. Частка беларускай інтэлігенцыі шукала паратунку ўладкоўваючыся на працу ў гандлі і дробнай вытворчасці, або выконваючы працы, характэрныя для найніжэйшых слаёў грамадства. Многія займаліся палітыкай, звычайна імкнучыся звергнуць лад, які давёў іх да ўніжанай сітуацыі. Уздзеянне беларускай інтэлігенцыі на сялянства было невялікае. Не было разбудаваных інструментаў такога ўздзеяння ў выглядзе школ, друку, культурных устаноў.
Беларускія памешчыкі складалі зусім нешматлікую групу. На тэрыторыі чатырох паўночна-ўсходніх ваяводстваў 84,4 % маёнткаў належалі палякам, а толькі 4,1 % — беларусам. У Беластоцкім ваяводстве беларускія памешчыкі складалі толькі 2,4 % уладальнікаў маёнткаў (звыш 50 га), Віленскім — 8,2 %, Навагрудскім — 8,2 %, Палескім — 17,8 %. Памешчыцкая ўласнасць складала значную частку ў аграрнай структуры згаданых ваяводстваў. У Палескім ваяводстве займала яна 50,8 % плошчы зямлі, Навагрудскім — 35,1 %, Віленскім — 32 %, Беластоцкім — 18,1 %. Самыя вялікія маёнткі налічвалі па некалькі дзесяткаў тысяч гектараў.