Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
І яшчэ пару момантаў, на якія хочацца зьвярнуць увагу, не адрываючыся ад гарадзенскае тэматыкі. Гаворка пра часопіс «Сьвіцязь», які стаў чарговаю падставаю спрэчкі з Ю.Пацюпам. Я адразу зразумеў, што «Сьвіцязь» ня будзе нашым, нонканфармісцкім выданьнем. Бо арганізавалі яго старыя саўдэпаўскія структуры. Большасьць маіх прапаноў адхілілі, хаця я шмат зрабіў, дапамог часопісу «адбыцца», як сумленны чалавек. Падзяка сьмехатворная — 22.000 зайцоў за 3 месяцы! Хаця ня ў грошах справа, а ў адносінах да «рэдакцыі» як супольнасьці людзей, жаданьні прыкрыцца нашымі імёнамі. Я празь некаторы час заняў пасіўную пазыцыю, зразумеўшы, у чым тут справа. А вось Ю.Пацюпа надта ўжо даверыўся афіцыёзнай структуры, якой зьяўляецца цяперашні Фонд культуры, загарэўся, захапіўся рубрыкаю «Беларускі шлях». І, зразумела, забыўся, што мусіць нарэшце «здаваць» «КБ-6». Нават «адкрыты ліст» да цябе адносна «Калосься» ня кінуў у паштовую скрыню! (Цікава, як ты адрэагуеш на зьмест гэтага «адкрытага ліста», калі ён урэшце трапіць да цябе?) Дык вось, шаноўны Юрась нядаўна мне заявіў, што я мала ўвагі надаю «Сьвіцязі». Я яму адказаў, што гэты часопіс не нонканфармісцкі, мала цікавы шырокаму чытачу, таму й ня варта «бисер метать», нават друкавацца зь людзьмі, якія аплёўвалі беларускі незалежніцкі рух у 80-я гады. Кажу, што лепш заняцца «Калосьсем», ТВЛаўскімі справамі, хоць будзе нейкі плён і сапраўдная радасьць ды сатысфакцыя. Не, ён спадзяецца на «Сьвіцязь»! Што ж, хай сабе! Я вось пагляджу, чым усё гэта скончыцца. Баюся, што вялікім пшыкам, таму й самаўхіляюся ад «Сьвіцязі» — нецікава, сумна, афіцыёзна. Дый не абяцаюць ужо выдаць мой другі зборнік вершаў, які я хацеў прымеркаваць да свайго 25-годзьдзя ў верасьні. На жаль...
Вось такія, братка, справы. І пішу я ўсё гэта, бо хвалююся за свайго сябра і паплечніка Ю.Пацюпу, які аддаляецца ад мяне і ад ТВЛ з «Калосьсем». У мяне ў гасьцёх Юрась быў апошні раз у 1991-м (!). Шкада таксама й Анэлю, якая лётае зараз па нейкіх праваслаўных брацтвах, заглыбляючыся ў рэлігійных ілюзіях. Я паважаю вернікаў, але крытыкую фанатызм. Юрась з Анэляю крытыкуюць мяне за «багемнасьць», «ніцшэанскі іммаралізм». Яны ж маралісты! А я раю Юрасю не пісаць ліст у «Нашу Ніву». Але для яго найперш не дыпляматыя, а маральнасьць. Маўляў, трэба правучыць «інжынэраў нафта-газаправодаў», якія бяруцца разважаць пра філялёгію! Маўляў, калі мае патрабаваньні Аркуш ня ўлічыць, я анічога ня дам на «Калосьсе» №3. Ну навошта гэткая катэгарычнасьць? Хаця я згодзен, сябры павінны быць шчырымі ў адносінах, казаць заўсёды ў вочы праўду, якая б яна ні была. Таму вось я зараз сяджу глыбокае ночы за пісьмовым сталом і разважаю, дзялюся з табою перажытым. Спадзяюся, што ты прымеш гэты ліст як пасланьне глыбока асабістае і д ы с к р э т н а е, г.зн. не для розгаласу...
А зараз колькі навінаў.
1) Вітак Чаропка кінуў «Спадчыну», паспрачаўшыся з К.Тарасавым. Зараз ён «самы вольны літаратар» (яго азначэньне) і, магчыма, «фармалізуе» з ТВЛ адносіны, што, безумоўна, радуе.
2) Маю пасаду ў тэатры скарачаюць, але я працую да чэрвеня. Зрэшты, разьмяркоўваюся і застаюся выкладчыкам ва ўнівэрсытэце на катэдры польскае філялёгіі і культуры. Больш салідная пасада.
3) Андрэю Пяткевічу далі другую групу інваліднасьці. Ён вельмі ўсьцешаны.
4) Ад І.Сідарука ні слыху, ні дыху.
Трэба, бадай, ужо класьціся спаць. Чатыры гадзіны ночы (ці раніцы?). Як-небудзь патэлефаную, дружа. Прывітаньне жонцы і Вінцэсю.
Заўсёды Твой.
24.03.1994
Гародня
Р.S. А Адам Міцкевіч, між іншым, ніякі не нэарамантык, а р а м а н т ы к чыстае вады, спачатку байранаман, потым прапагатар мэсіянізму. Польскія н э а р а м а н т ы к і — Леапольд Стаф, Баляслаў Лесьмян. Казімер Пшэрва-Тэтмайер, Ян Каспровіч і г.д. Часам яны выступаюць прадстаўнікамі чыстага сымбалізму ды імпрэсіянізму.
* * *
Праект ТВЛ аказаўся больш франдэрскім, чым мы сабе ўяўлялі ад пачатку. Пісьменьнікі з СП убачылі ў нас свайго магільшчыка (хоць мы ў кожным артыкуле пісалі, што няўхільна насоўваюцца іншыя часы, якія перапыняць шчасьлівае, бесклапотнае жыцьцё савецкага пісьменьніка, трэба да гэтага рыхтавацца і неяк пераабсталёўваць на сучасны лад сваю літаратурную гаспадарку). Вельмі хутка мы адчулі непрыязнае стаўленьне і нават непрыхаваную варожасьць па ўсіх франтах. Юры Гумянюк аказаўся паміж двух лягераў — уласна традыцыйнага гарадзенскага літаратурнага асяродзьдзя і сябраў з ТВЛ. Спачатку ён спрабаваў улагоджваць і адных, і другіх. Але хутка зразумеў, што ўседзець на двух крэслах не атрымаецца — трэба канчаткова прымаць нейкі адзін бок. Згубіўшы Юрася Пацюпу, ён застаўся ў Гародні практычна на самоце (Пацюпа неўзабаве ўвогуле пераедзе ў Менск). Гумянюк спрабаваў шукаць падтрымкі ў іншых мастацкіх асяродках — сярод мастакоў, актораў, выкладчыкаў ВНУ журналістаў. Але ўсё гэта было часовым і нетрывалым.