Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Нарасталі супярэчлівасьці й унутры сяброў ТВЛ. Праблема палягала ў тым, што тэвээлаўцы акрамя сваіх ідэяў і мараў нічога ня мелі, у адрозьненьні ад сяброў СП, арганізацыя якіх падтрымлівалася дзяржаўным фінансаваньнем. Надзея на тое, што мы выдадзім свае кнігі і пэрыёдыкі, прададзім іх і атрымаем нейкія сродкі на нашую дзейнасьць, ня спраўдзілася. Рынак беларускай літаратуры быў мізэрны. Хоць мы і рупіліся, каб нашыя кнігі можна было вольна купіць у любой кнігарні Полаччыны і шмат дзе ў Менску, Гародні і Берасьці. Першымі пачалі аддаляцца сталічныя тэвээлаўцы. У прынцыпе ідэалягічныя падмуркі ТВЛ — нонканфармізм і рэгіяналізм — былі для іх далёкімі і неактуальными Іх паклікала ў ТВЛ галоўным чынам жаданьне надрукавацца ў «Полацкай лядзе». Мінкевіч і Туровіч хутка адчаляць у рух Бум-Бам-Літ, які запачаткуюць разам са Зьмітром Вішнёвым. Выключэньнем быў, бадай, толькі Славамір Адамовіч, які старанна імкнуўся не пакідаць тэвээлаўскі рух. Ён нават каардынаваў распаўсюд выданьняў ТВЛ у Менску, але яго ўсё больш завабліваў палітычны эпатаж і ўльтраправыя ідэі, што нэгатыўна адбівалася на іміджы ТВЛ.
І толькі мы з Мудровым не адчувалі на Полаччыне ніякага супрацьдзеяньня. Праўда, ніхто й не імкнуўся дапамагчы, за выключэньнем некалькіх мясцовых бізнэсоўцаў. Якраз у гэты пэрыяд пачаўся масавы адток літаратараў зь берагоў Дзьвіны — хто перабіраўся ў Менск, хто наогул зьяжджаў за мяжу.
«Галоўнае — пратрымацца першы год», — гэтая думка шматкроць паўтаралася ў нашай перапісцы з Гуменюком. Каб неяк зноў усё аб’яднаць у нешта цэльнае, я прызначыў сьвята на 8 траўня 1994 года — першыя ўгодкі ўтварэньня ТВЛ. Сьвята атрымала назву «ТВЛаўская рэтраспэктыва» і павінна было адбыцца ў полацкай галерэі «Рыса».
* * *
Выпадкова сустрэў на аўтобусным прыпынку Алеся Кузьміна. Быў ён нейкі агаломшаны. На мае роспыты, як справы, адказаў пэсымістычна і крыху разгублена:
— Надакучыла біцца галавою аб сьценку. Паспрабуем запісаць яшчэ адзін альбом. Калі ад яго будуць такія ж дывідэнды, як ад «Нашай ускраіны», то ўсё — звальваю за мяжу. Я ўжо пачаў хадзіць на курсы нямецкай мовы, бо ў школе нямецкую вывучаў.
— І кім ты там будзеш? — спрабуючы апусьціць сябра на грэшную зямлю, запытаў я.
— Кім заўгодна, але горш ня будзе, чым тут. — Адчувалася, што ён цьвёрда прыняў рашэньне і наўрад ці яго можна ў нечым пераканаць.
Вось і канец маёй «музычнай кар’еры», з гумарам падумаў я. Але перадусім узьнікла крыўда за такіх таленавітых людзей, як Алесь. Нікому яны тут не патрэбныя! Нікому!
* * *
Першыя ўгодкі ТВЛ мы адзначалі як Дзень перамогі ў Савецкім Саюзе. Гэты Дзень перамогі мы набліжалі як маглі. У новым прасторным памяшканьні галерэі «Рыса» на ўваходзе гасьцей вітаў вялікі транспарант, на якім было напісана «Няхай жыве беларуская літаратура!». Гэта была мая ідэя, каб чалавек адразу пры ўваходзе пранікся настроем выставы. Намаляваў транспарант Сяржук Цімохаў. Напярэдадні сьвята я зьвярнуўся амаль да ўсіх тэвээлаўцаў, каб яны даслалі свае карціны і малюнкі. Шмат хто адгукнуўся, балазе некаторыя мелі мастацкую адукацыю, як той жа Лявон Вольскі. Тое-сёе намаляваў і я. Гэта былі графічныя кампазыцыі з розных рысаў, стрэлак і маланак. Калі я гэтыя «творы» паказаў Цімохаву, ён спытаў: хто аўтар? І Сяржук на поўным сур’ёзе пачаў гадаць: Вярэніч... Не? Можа, Салаўёў... Не? Ладзісаў?.. Ну ня ведаю. Кажу: я! І мы гучна рагочам і з маіх мастацкіх здольнасьцяў, і з сучаснага выяўленчага мастацтва.
Пачыналася экспазыцыя зь вялікага стода Вялеса, якога мы зь Сержуком выклеілі з вокладак выданьняў «Полацкай ляды». Сярод іншых твораў, якія складалі выставу, былі малюнкі Лявона Вольскага, Рыты Цімохавай, Алеся Аўчыньнікава, Леры Сом, «рысасловы» Людкі Сільновай, афішы і рэклямкі да спэктакляў Ігара Сідарука.
На імпрэзу ўдалося сабраць значную частку тэвээлаўцаў. Ня здолеў прыехаць на «сьвята перамогі» толькі Ігар Сідарук, які даслаў «урадавую» тэлеграму: «Вітаю высокі сход у калысцы новай беларускай літаратуры!» На тэвээлаўскае сьвята прыехаў нават старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Аляксандар Ніякоўскі, якога вылучыла на гэтую пасаду грамадзкае аб’яднаньне наваполацкіх выбаршчыкаў «Дэмакратычны форум».