Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Калі вы жадаеце, мы распавядзем, – паабяцаў Мэры, – але на тое спатрэбіцца час. Мо вы лепей апусьцілі б нас на зямлю? Мы разам з вамі й пасядзім пад сонейкам, пакуль прыгравае. Напэўна, вы стаміліся нас трымаць?
– Хм, стаміўся? Не, не стаміўся. Мяне стаміць няпроста. I сядаць я не сядаю. Я, гэта, ня надта гнуткі, вось. Але сапраўды, сонца хаваецца. Трэба нам пакінуць гэта... гэтую... як жа вы гэта называеце?
– Гара? – прапанаваў Піпін.
– Паліца? Прыступка? – дадаў Мэры.
Дрэвабарод паўтарыў словы задумліва.
– Так, напэўна ж, гара. Гара. Якое пасьпешлівае слоўца для рэчы, якая тут знаходзілася ад пачатку дзён, калі толькі стварылася гэтая частка сусьвету. Ну, няйстотна. Хадзем, трэба рушыць.
– А куды мы пойдзем? – спытаў Піпін.
– Да маёй хаты ці адной з маіх хатаў, – адказаў Дрэвабарод.
– Ці далёка яна?
– Ня ведаю. Вам, мажліва, падасца далёка. Аднак ці ж тое істотна?
– Ведаеце, мы засталіся зусім бяз нашых пакункаў і рэчаў, – патлумачыў Мэры. – І ежы няшмат...
– О! Хмм! Не турбуйцеся. Такі напой вам дам, што будзеце расьці, зелянець яшчэ доўга. А калі ўжо разьвітаемся, дык я данясу вас да любога краю маёй краіны, куды толькі пажадаеце!
Трымаючы хобітаў асьцярожна й моцна, кожнага на згіне даўжэзнай рукі, Дрэвабарод узьняў спачатку адну нагу, паставіў, тады другую – і вось ужо апынуўся на самым краі скальнай паліцы. Пальцы на ягоных нагах чапляліся за камень, як карані. Пакрысе, асьцярожна сыходзіў уніз крок за крокам, пакуль не сягнуў узножжа.
А тады рушыў доўгімі ўпэўненымі крокамі празь лес, усё глыбей і глыбей, не аддаляючыся ад ракі, упарта караскаючыся па схіле. Шмат дрэваў, падавалася, спала й не зьвяртала на энта ўвагі, як і на любое іншае стварэньне, калі б яно прайшло міма. А некаторыя ўздрыгвалі, а іншыя ўздымалі галіны над ягонаю галавою, калі набліжаўся. I ўвесь час, пакуль крочыў, энт размаўляў сам з сабою доўгай мэлядычнай плыньню звонкіх гукаў.
Хобіты ж пэўны час маўчалі. Пачуваліся надзіва бясьпечна й утульна, і было пра што паразважаць, чаму падзівіцца. Нарэшце Піпін наважыўся загаварыць зноў.
– Калі ласка, пане Дрэвабародзе, магу я спытацца? Чаму Келебарн папярэдзіў нас пра небясьпеку вашага лесу? Казаў не рызыкаваць, не сувацца сюды, каб не згубіцца безнадзейна.
– Хмм, насамрэч? – праракатаў Дрэвабарод. – I я мог гэтак параіць, калі б вы абралі іншы шлях. Ня суйся ў лясы Лаўрэліндарэнану. Гэтак эльфы клікалі яго калісьці, а цяпер завуць карацей – Латлорыйн. Можа, і маюць рацыю, бо, напэўна, гэтая зямля не расьце, а гібее. Далінаю Сьпеўнага Золата была яна калісьці, а цяпер – Дрымаквят, сон-трава. Ну, файна. А месца дзівоснае, ня кожны туды патрапіць. Дзіўна, што вы выйшлі адтуль, а яшчэ дзіўней для мяне, што ўвогуле туды патрапілі. Гэткага не здаралася з падарожнікамі шмат-шмат гадоў. Дзівосная зямля, насамрэч. Так, і тут здаралася непрыемнае, сапраўды. Аёй, яшчэ як здаралася. Траплялі падарожнікі, блукалі дый не выбіраліся. Калі тое было! ...Лаўрэліндарэнан ліндэларэндар малінарнэліян арнэмалін, – прамармытаў энт сабе пад нос. – Яны там нібы ў мінулым сьвеце засталіся, – дадаў уголас. – Ані гэтая зямля, ані што іншае па-за межамі Залатога лесу ўжо не такое, як у часіну Келебарнавай маладосьці. Аднак па-ранейшаму:
Таўрэліломея-тумбалеморна Тумбалетаўроя Ломёанор, –
як калісьці казалі звычайна. Сьвет зьмяніўся, але ж там і тут штось засталося па-ранейшаму.
– Што па-ранейшаму? – спытаў Піпін. – Што гэта значыць?
– Дрэвы й энты, – адказаў Дрэвабарод. – Я сам цалкам не разумею й вам наўрад ці адпаведна распавяду. Некаторыя з нас яшчэ сапраўдныя энты, досыць жвавыя паводле нашых разьлікаў, а шмат хто пасаньнеў, адрэвіўся, так бы мовіць. Большасьць дрэваў – проста дрэвы, вядома, але многія – напалову абуджаныя. Некаторыя абуджаныя цалкам, а зь іх той-сёй, бачце, ужо энцее, гэтак вось. I заўжды так адбываецца. А калі такое адбываецца з дрэвам, дык высьвятляецца: асяродак у некаторых чорны. Не, ня ў цьвілі справа, з драўнінай усё ў парадку. Я пра іншае. Ведаў я калісьці старыя добрыя вербы ля Энтуі, шмат гадоў таму. Амаль развальваліся ўжо яны, і асяродак насамрэч выгніў, але ж такія былі лагодныя, ветлівыя, як маладзенькі лісточак. А ў далінах пад гарамі дрэвы ёсьць маладыя й ладныя, але ж дрэнь зьверху данізу. I яно, падаецца, распаўсюджваецца. Калісьці былі небясьпечныя, надта небясьпечныя мясьціны ў гэтым краі. I цяпер яшчэ ёсьць, і там ліха.