Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 174
Перейти на страницу:

– Як у Старой пушчы на поўначы, так? – спытаў Мэры.

– Ну, так, нешта падобнае, але нашмат горшае. Не сумняюся, на поўначы яшчэ застаўся цень Вялікай Цемры, і чорныя ўспаміны ажываюць час ад часу. А ў гэтай зямлі ёсьць глыбокія долы, якія Цемра аніколі не пакідала, і дрэвы там старэйшыя за мяне. Аднак мы робім, што можам. Утрымліваем вандроўнікаў ды неразумных, вучым ды прывучаем, сочым ды лечым. Бо мы – пастухі дрэваў, старыя энты. Няшмат нас засталося цяпер. Кажуць, пастух з статкам робяцца падобнымі. Але ж тое адбываецца павольна, а ні пастухам, ні статкам звычайна не даецца шмат часу ў гэтым сусьвеце. З энтамі й дрэвамі тое хутчэй, дый побач яны доўгімі стагодзьдзямі. Энты падобныя да эльфаў: не такія зацікаўленыя сабою, як людзі, і разумеюць іншыя стварэньні нашмат лепей. Але ж і да людзей падобныя ў тым, што больш зьменлівыя за эльфаў, хутчэй падладжваюцца пад сьвет, так бы мовіць. Мо нават і лепей за людзей, бо энты ўпартыя й пасьлядоўныя ў намерах і зьдзяйсьненьнях.

– Сёй-той з маіх суродзічаў цяпер зусім нібы дрэва, адно нешта незвычайнае абуджае іх, і прамаўляюць яны толькі шэптам. А некаторыя з маіх дрэваў ужо рухаюць галінамі й размаўляюць з мною. Вядома, усё пачалося з эльфаў, яны абуджалі дрэвы, навучылі размаўляць і спазналі іхнюю гаворку. Гаманіць з усім у сусьвеце – такія былі эльфы спрадвеку. А прыйшла Вялікая Цемра, і яны ўцяклі за мора ці схаваліся ў патаемныя даліны ды склалі песьні пра дні, якія болей аніколі ня вернуцца. Аніколі. Але, але, калісьці адсюль да гор Люйну цягнуўся адзіны лес і Фангарн быў толькі ўсходнім ягоным краем. Вось былі часы прасторы! Тады я мог бадзяжыць, і сьпяваць цэлымі днямі, і чуць у адказ толькі рэха свайго голасу ў долах. I пушча была падобная да лорыйнскага гаю, толькі гусьцейшая, мацнейшая, маладзейшая. А як духмяніла паветра! Тыднямі наўсьцяж я толькі дыхаў і ня мог надыхацца!

Дрэвабарод змоўк, шырока, амаль бязгучна перастаўляючы вялізныя ступакі. Тады зноў пачаў напяваць, і ягонае вуркатаньне паціху гучнела. Паступова хобіты ўцямілі, што ён сьпявае ім:

Сярод вербаў у лугах Тасарынану ішоў я вясною. О, хараство й водар вясновы ў Нан-Тасарыёне! I казаў я: добра тое было! Вандраваў я ўлетку па вязавым лесе Асырыянду. О, сьвятло й летнія сьпевы Сямірэчча Асыру! I думаў я: найлепш тое было! Да нэлдарэцкіх бярозаў прыходзіў я ўвосень. О, золата, барва йуздыхі лістоты ўвосень на Таўр-на-нэлдары! I больш, чым сэрца маё жадала, тое было! Да соснаў высокіх Дартаніёну я падымаўся ўзімку. О, вецер і белая коўдра на чорных зімы галінах у Орад-на-Тоне! Высока ўзьнімаўся мой голас і ў нябёсах плынеў. А цяпер хвалі бягуць над усёю гэтай зямлёю, І я крочу сумна па Амбароне, у Таўрэморна, у Альдаломе, Па ўласнай свай зямлі, па Фангарне краю, Дзе карані даўжэйшыя за гады, I гады леглі шчыльней ад палага лісьця У Таўрэмарналомё.

Ён скончыў сьпяваць і ішоў моўчкі, і ва ўсім лесе, куды толькі сягаў слых, панавала бязгучча.

Сутонела, змрок абгортваў ствалы дрэваў. Нарэшце хобіты пабачылі, як наперадзе ўздымаецца стромы цьмяны схіл – сягнулі ўзножжа гары, зялёных каранёў волата Мэтэдрасу. Па схіле скакала ад далёкіх вышынных крыніцаў маладая Энтуя, гаманіла на каменных сходах. Праваруч ад струменю падымаўся доўгі пагорак, зарослы травой, шэрай у вечаровым паўзмроку. Дрэвы на ім не расьлі. Ён ляжаў адкрыты нябёсам, а ў азёрах-прарэхах між хмарамі ўжо міргалі зарчаняты.

Дрэвабарод рушыў па схіле нават не запаволіўшы кроку. Зьнянацку хобіты пабачылі перад сабою шырокі праход. Два вялізныя дрэвы стаялі пааберуч яго жывымі брамавымі слупамі, але аніякай брамы не было, апрача аркі іхніх пераплеценых, перакрыжаваных сукоў. Калі стары энт наблізіўся, дрэвы ўзьнялі галіны й лісты на іх затрапяталі й зашамацелі. Бо тое былі вечназялёныя дрэвы, і лісты іхнія – цьмяныя, глянцавыя – адблісквалі ў вечаровым сьвятле. За імі адкрывалася шырокая роўная прастора, быццам вялізная заля бяз даху, вычасаная ў схіле гары. З кожнага боку скальныя сьцены ўздымаліся, пакуль не сягалі вышыні з паўсотню ступакоў або нават болей, і ўздоўж кожнай сьцяны цягнуўся шэраг дрэваў, якія таксама рабіліся вышэйшымі, чым больш аддаляліся ад уваходу.

Дальні край залі замыкаўся стромым скальным адхонам, але ўнізе цямнела нешта накшталт неглыбокага гроту, і скала навісала над ім аркай – адзінай стольлю, калі не лічыць галінаў. Тыя ж паблізу гроту цалкам зацянялі залю, пакідаючы толькі сьцягу пасярэдзіне. Маленькая ручаіна адгаліноўвалася ад струменю, які зьбягаў па схіле побач і спадаў, пазвоньваючы на адхоне, высочваўся срэбнымі кроплямі – выкшталцонай завесаю перад гротам. Вада зьбіралася ў каменнае азерца між дрэвамі, а адтуль выбягала струменьчыкам, перавальвалася празь верх і бегла ўздоўж сьцежкі, каб далей далучыцца зноў да Энтуі на шляху празь лес.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)