Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
Якраз напярэдадні «вялесаваньня» Алесь Касьцень перадаў мне сыгнальны асобнік часопіса, яшчэ бяз вокладкі. Выданьне было надрукавана прымітыўным лінатыпным друкам, гэта калі тэкст набіраецца са сьвінцовых літарак і затым адбіваецца на адмысловых прэсах. У гэткі ж спосаб рабілі нам кніжакі ў Наваполацкай друкарні. Нейкім падобным чынам выдаваў свае кнігі і Францыск Скарына.
Але і гэтаму мы былі рады. Па чарзе гарталі адзіны асобнік як нейкі эсклюзыўны рарытэт.
* * *
Зарэгістраваць ТВЛ у мін’юсьце так і не атрымался. Адамовіч стаміўся абіваць рэдактарскія парогі і здаўся.
Добры дзень, калега!
Пішу коратка. Я так нічога і не зрабіў для рэгістрацыі Статуту. Энтузіязм і цярпеньне выйшлі пшыкам. Ды калі шчыра, то й жаданьньне гэтым займацца зьнікла на хер! Бяры на сябе. Я ня здатны займацца ўсім гэтым выдыганьнем — занадта дзікі, ідэёвы і наіўны. Трэба рабіць, што можаш.
Цяпер пра сумесную з мастакамі вечарыну ў Віцебску. Яна павінна адбыцца. Быў у Алеся Пушкіна, пра ўсё дамовіўся. Ён будзе рыхтаваць неабходнае: афішы, памяшканьне і г.д. Думаю, што на першую палову сакавіка трэба рыхтавацца. Я падаў для афішы 7 прозьвішчаў: я, ты, Пацюпа, Гумянюк, Вольскі, Сідарук, Патаранскі.
Так што жыву я цяпер чаканьнем сустрэчы ў Віцебску. Дарэчы, у мурах у Пушкіна — файная атмасфэра, певень кукарэкае за сьцяной...
Трымайцеся!
Slavamir
13.02.94 г. Менск
* * *
Некалькі разоў запар сьніўся Павал Іванавіч. Ён стаяў на нейкім узгорку і махаў мне рукою. Ці то вітаўся, ці наадварот — разьвітваўся. Ён нешта мне казаў, але вецер зносіў ягоныя словы і я нічога ня чуў. Але па рухах вуснаў я, здаецца, зразумеў тры словы: памятай... заўжды... спытаецца...
* * *
Дарагі Алесь!
Яшчэ раз дзякуй за дасланае «Калосьсе», зь якім я «днюю і начую». І гэта не прыгожая мэтафара, а самая праўда. Часопіс ляжыць ля майго ложка, калі сплю, а калі сяджу за пісьмовым сталом, — ён таксама побач. Ну чым не рамантычны матыў?
Пацюпаву рэакцыю не магу табе апісаць, бо дагэтуль так і не ўдалося зь ім спаткацца. Юрась ад’яжджаў у свае родныя Азёры. Я табе казаў, што бачыўся адно з Анэляю. Яна апошнім часам захапілася «праваслаўным брацтвам». Магчыма, гэткім чынам Анэля ратуецца ад акаляючай рэчаіснасьці. Мне шкада і яе, і Юрася, бо яны такія далёкія ад жыцьця! Дый жывуць у жудасных умовах савецкага інтэрната...
Зрэшты, хто з нас блізкі да гэтага брудна-атрутлівага жыцьця? У пэўнай ступені ліставаньне адыгрывае карысную ролю. Самое адчуваньне, што твае карэспандэнцыі нехта чытае, што твае лісты некаму патрэбныя, дадае аптымізму. З аптымізмам, дарагі Алесь, у мяне заўсёды праблемы... То ўздым, то дэпрэсія, часам непатрэбныя перажываньні. Што зробіш — творчая натура й павінная быць уражлівая... А ліставаньне нас фактычна аб’яднала, зрабіла вельмі блізкімі людзьмі. Сяброўства — надзвычай каштоўная рэч у сёньняшні час. Яно й павіннае быць падмуркам ТВЛ. Мо некаторыя з нас і не ўсьведамляюць той місіі, якую мы маем гонар несьці ў літаратуры. Аднак я ўпэўнены, што ТВЛ войдзе ў гісторыю. Таму нам проста неабходна як мага больш пратрымацца на арэне. Самае галоўнае, вядома, выдавецкая справа.
Вось тутака й перайду да разгляду «Калосься».
— Файная папера, арыгінальны фармат, няблага падабраныя шрыфты... Але вокладка, шчыра кажучы, ня надта атрымалася. Вокладка — гэта ж твар выданьня! Павінна быць строгая графічная кампазыцыя, прычым сталая, як фірмовы знак!
— Збудаваны нумар, здаецца, добра. Насуперак маім хваляваньня, артыкул А.Майсяёнка й успаміны з рыпам упісаліся ў часопіс. Варта працягваць рубрыку ўспамінаў (тетогіа), дзе друкаваць таксама ўласныя ўспаміны і г.д. З паэзіяй, эсэістыкай, часткова літаратуразнаўствам і крытыкай у нас, здаецца, няблага выглядаюць справы. А вось нармалёвае прозы бракуе. І тут мы не ўратуемся «прыколамі» Кастуся Гаманца (Лявона Вольскага), не прыкрыем голыя месцы эпатажнымі зьліваньнямі Ігара Сідарука. Як я ўжо абяцаў — дам на «Калосьсе» №3 трошку прозы. Вітак Чаропка абяцаў даслаць мне сваю мікрааповесьць «На кругі свая». Ты казаў, што трэба далучыць да ТВЛ яшчэ 3-4 актыўныя асобы. Дык калі каго запрашаць, так асобаў з добра накатаным іміджам і безумоўным талентам. Гэта вельмі важна. Вось з найноўшых хацелася б адзначыць Сяргея Шыдлоўскага. Файны хлопец!
— Аб’ём часопіса можна крышку павялічыць (у залежнасьці ад матэрыялаў). Пра здымкі ты мне, здаецца, казаў, што гэта вельмі дарагая рэч. Вядома, ня варта друкаваць фота кожнага аўтара, але пару агульных цікавых і прафэсійных здымкаў можна было б і зьмясьціць. На апошняй старонцы можна і трэба друкаваць рэкляму спонсараў ТВЛаўскіх выданьняў і месцаў распаўсюджваньня, як у апошнім нумары «КБ». Потым удакладнім. Трэба, відаць, як жабрацкія манаскія ордэны, пачынаць зьбіраць ахвяраваньні на «Калосьсе». Што паробіш, заварылі кашу — трэба рэгулярна выдаваць. Прозьвішчы ахвяравальнікаў надрукуем. Так робяць шматлікія выданьні на захадзе. У нас — «Наша Ніва». Сам ведаеш.