Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 90
Перейти на страницу:

А ты? Ты ведаеш, чым яна жыве?

Яна ж для цябе гандлярка з рынку днём, хатняя гаспадыня вечарам і каханка ўначы. Усё! Ты хоць раз пацікавіўся яе турботамі? Спытаў, як справы? Ага, табе прыкра пытацца пра тавар ды грошы. А ты ведаеш, якімі бываюць дарогі ў Маскву па тавар? Ведаеш, як жанчыне двое сутак абыходзіцца без выгод і гарачай вады? Гідзяць цябе такія сітуацыі? А новыя майкі на лета, якія яна табе прывезла — вось такая брудная і смярдзючая, — не гідзяць?

…Я не разумеў, што са мной адбываецца. То быў нейкі акт мазахізму, я адчуваў ці не салодкі боль ад жорсткіх пытанняў самому сабе. Мо першы раз за сваё жыццё я ацэньваў свае паводзіны без адзінай спробы апраўдання. О, я б знайшоў апраўданне ўсяму, я б запярэчыў. Але не сёння.

— Падкіньце мяне да «Дзяжурнага», — папрасіў я.

«Дзяжурны» — магазін на прывакзальнай плошчы, які працуе кругласутачна.

Развітаўся з пракурорам і кіроўцам, перабег плошчу. На ганку магазіна стаялі два маладзёны, мабыць, некага чакалі. У магазіне было гулка і пуста, ззяла плітка толькі што памытай падлогі. Прадавачка ўзнялася аднекуль з-за вітрыны і глянула на мяне незадаволена, імгненна вызначыўшы: пакупнік у сціплай вятроўцы і ношаных джынсах возьме адно цыгарэты. Хіба сумка ў яго скураная, быццам не танная.

Я і насамрэч спытаў пачак цыгарэт, пасля — дзве шакаладкі і толькі потым — бутэльку белага віна і бутэльку каньяку. Дзяўчына заўсміхалася, рухі яе сталі ветліва-папераджальнымі, нават прамармытала нешта кшталту «калі ласка».

Віно паклаў у сумку, каньяк нёс у руцэ.

Ранейшыя маленькія кроплі нябачна віселі ў паветры, ліплі да твару. З асветленага ганка я ступіў у цемру за рог магазіна, і дарогу мне перакрылі двое.

Тыя самыя маладзёны. «Пэтэвэшнікі», — адзначыў я для сябе. Прыязджаюць з суседніх райцэнтраў, будучыя трактарысты і зваршчыкі, нахабныя, дурныя, не хочуць нікога ведаць у твар.

— Мужык, накінь на бутэльку піва, — сказаў адзін, амаль ветліва сказаў.

— Заўтра аддамо, — рагатнуў.

Я перахапіў бутэльку ў руку, у якой трымаў і сумку, палез па партманет.

— І колькі табе? — спытаў з усмешкай. А чаму б і не даць? Няхай п’юць, такіх ужо не перавыхаваеш.

— Пяцёрку, — гыгыкнуў другі і насмешліва, але нервова працягнуў: — Кашалёк давай, доўбня.

Убаку пачуўся шоргат, я глянуў — у двух кроках быў трэці. Ён стаяў увесь у цемры, толькі вузкая палоска святла падала на яго грудзі і жывот. Ён трымаў рукі прыўзнятымі і вастрыём нажа ляніва калупаў пазногці. Твар было не разгледзець, але ўся пастава яго — спакойная, упэўненая і адначасова наструненая — казалі пра тое, што ён галоўны. І яшчэ пра многае. Я спыніў руку ў кішэні, прыглядаўся.

— Аглух, мужык? — запсіхаваў першы маладзён. — Усё давай, і сумку сваю… патрымаем.

На што яны разлічвалі? Я не запомню ні твараў, ні постацяў? Не, хлопчыкі, памыліліся.

— Не трэба крыўдзіць маладых, — здзекліва-павучальна працягнуў раптам трэці, рухі яго рук спыніліся, і я заўважыў тое, што і чакаў пабачыць — пяць кропак на руцэ, татуіроўка. «Я і чатыры вышкі».

І толькі цяпер я зразумеў: мяне, следчага пракуратуры, «бяруць на гоп — стоп» два маладзёны. Якіх нацкоўвае раней судзімы. Нож у яго руках — не запалохванне, а папярэджанне. Цяпер каля дзвюх гадзінаў ночы, плошча пустая, нават таксі няма: цягнік пройдзе толькі раніцай. Не, наўрад ці спрацуе нож. Двух маладых на мяне аднаго — дастаткова. Дзыбатыя, дужыя. А калі я адпушчу зараз сумку, бутэлькай каньяку агрэю аднаго, вось тады можа спрацаваць і нож. Калі былы зэк вывеў на паляванне сваіх маладых ваўкоў, ён павінен давесці справу да канца, прычым такога, у якім ён будзе пераможцам.

Закрычаць: «Я — следчы пракуратуры!»? Дзяцінства, дарэмна. Сорамна. Не спрацуе, яны не пабягуць уцякаць.

А недзе на далёкай адгэтуль ціхай вуліцы ў маім пакоі ў крэсле спіць Надзея. Зачакалася мяне, заснула. Ці не спіць? Сядзіць і глядзіць у цемру вуліцы — раптам там з’явіцца мая постаць?

Як жа гэта далёка.

Я не даставаў руку з кішэні. Да мяне пацягнуўся адзін з маладзёнаў, ён стаяў блізка, я бачыў яго твар: напружаны, застылая ўсмешка перакрывіла вусны. Нос бульбінай, вочы крыху пукатыя, скулы невыразныя, шырокія надброўныя дугі, вострае падбароддзе.

— Рукі!

З такімі трэба размаўляць жорстка. Яны разумеюць толькі тую мову, у якой загад і папярэджанне.

— Даўно адкінуўся? — я крыху павярнуўся ў бок таго, трэцяга, пытаўся ўпэўнена, нават з выразнай перавагай. — Пацаноў на гоп-стоп нашпігоўваеш? Не занадта маладыя? Глядзі.

Юнакі разгубіліся, азірнуліся на свайго настаўніка. Я скарыстаў момант, спакойна дастаў партманет, выцягнуў купюру, здаецца, дзясятку, працягнуў у бок маладых:

— Трымай на сваё піва. Заўтра да абеду прынясеш, знойдзеш мяне ў пракуратуры.

— Атас, — ціха, але жорстка прагучала каманда ад трэцяга, нож знік з яго рук, яны апусціліся ўздоўж ног. — Выбачай, начальнік, памылка, просім прабачэння.

І раптоўна знік у цемры, ступіўшы назад, бязгучна, бы здань.

Маладзёны сарваліся з месца, гучна тупаючы, пабеглі чамусьці да асветленага ўваходу ў магазін, потым крута звярнулі ўбок.

Толькі цяпер мяне затрэсла. Паставіў сумку і пляшку на зямлю, закурыў. Вось дык маеш: следчага пракуратуры маглі абрабаваць нейкія пэтэвэшнікі. Заўтра ж падыду туды — у мяне выбітная памяць на твары. Аднаго я запомніў — ноччу пазнаю. Выпаўзкі, гадзяняты.

Дом сустрэў мяне чорнымі вокнамі і закрытымі дзвярыма. Адчуваючы, як пуста і холадна робіцца ўнутры, я адамкнуў дзверы сваім ключом, знарок не стаў глядзець, ці ёсць другі ў схованцы, уключыў святло і ціха зазірнуў у пакой.

Не было Надзеі.

Было чыста, усё прыбрана, нават пасцель на канапе перасцеленая.

Сеў у крэсла, пацягнуў на сябе попельніцу. Глядзеў на бутэлькі з віном і каньяком і думаў: навошта я браў іх? Што я збіраўся сказаць Надзеі? А можа і лепш, што яна пайшла? Не трэба нічога тлумачыць. І годзе саплівых думак! Выпіць зараз? Аднаму, нагбом, з рыльца?

Не, мне раніцай трэба ў Ляўдок…

Курыў, глядзеў на бутэлькі.

І раптоўна прыйшла з ніадкуль упэўненасць у тым, што Надзея ніколі больш сюды не прыйдзе. Ніколі.

І ці прыходзіла ўвогуле?

Не, з рыльца я піць не буду. У мяне ёсць ажно шэсць кілішкаў. Надзея прынесла.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)