Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:

Аўтар разглядае гісторыю беларускай нацыі ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Ён сцісла перадае асаблівасці кожнага з этапаў гістарычнага шляху, які прайшлі беларусы за гэты час, шукае адказ на пытанне, чаму лес народа стаўся менавіта такім, а не інакшым.
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 110
Перейти на страницу:

Становішча рабочага класа ў СССР у перыяд індустрыялізацыі — адна з найменш вывучаных тэмаў гісторыі гэтай краіны. За вялікім прапагандысцкім матэрыялам амаль не відаць праўды. Нізкія заработныя платы рабочых у БССР прымушалі жанчын таксама паступаць на працу. Прапанаваліся ім перш за ўсё месцы ў галіне машынабудавання і металаапрацоўкі. Камуністычная прапаганда стварыла асаблівую мадэль раўнапраўя і эмансіпацыі савецкай жанчыны, якая працуе ў традыцыйна лічаных мужчынскімі прафесіях. Жанчына з кавальскім молатам або за рулём калгаснага трактара мела сімвалізаваць роўнасць савецкіх грамадзян у доступе да ўсіх прафесій. У такі спосаб рыхтаваліся таксама кадры для прамысловасці ў выпадку аб’яўлення ўсеагульнай мабілізацыі.

Раптоўны наплыў вясковага насельніцтва ў гарады ў трыццатых гадах выклікаў узнікненне вялікіх жыллёвых праблем. Новых рабочых пасялялі ў бараках, дзе ў адным памяшканні найчасцей кватараваліся па дзве сям’і. Пры разбудаванай сістэме пастаяннага нагляду за грамадзянамі забяспечвала гэта органам НКУС поўны кантроль рабочага асяроддзя.

У трыццатых гадах, у перыяд сталінскай мадэрнізацыі савецкай гаспадаркі, найбольш пацярпела сялянства. Калектывізацыя стала другім этапам грамадзянскай вайны, якая ў гэтым выпадку вялася супраць самай вялікай групы ўладальнікаў. У Беларусі калектывізацыя пачалася напрыканцы 1929 г. Большасць беларускіх камуністаў, у тым ліку народны камісар сельскай гаспадаркі Дзмітрый Прышчэпаў, не была прыхільнікамі сталінскай сельскагаспадарчай рэформы. Па гэтай прычыне калектывізацыя дасягнула тэмпаў толькі пасля іх арышту і прыгавору за добразычлівасць да «нацыянал-дэмакратызму». У палове 1929 г. толькі 1,4 % сельскагаспадарчых угоддзяў належала калгасам і саўгасам. Да канца года гэты паказчык павялічыўся да 10 % — у выніку добраахвотнай перадачы сялянамі зямлі ў саўгасы, якім мадэрную інфраструктуру прыдбала дзяржава. На працягу некалькіх месяцаў савецкая прапаганда пераканала частку сялян у тым, што праца ў саўгасах будзе лягчэйшай і больш прыбытковай чым на сваіх уласных гаспадарках.

Ад пачатку 1930 г. новыя камісары БССР, якімі былі прысланыя з Масквы дзеячы або павышаныя правінцыйныя партыйныя актывісты, шчыра выконвалі найбольш абсурдныя дырэктывы Крамля. У лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б вырашыла калектывізаваць да веснавой сяўбы 80 % сялянскіх гаспадарак. Быў гэта адказ правячых Беларуссю бальшавікоў на пастанову ЦК ВКП(б) «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву». Новыя ўлады БССР намерваліся за месяц поўнасцю змяніць структуру зямельнай уласнасці на тэрыторыі рэспублікі і дасягнуць такія тэмпы калектывізацыі, якіх нават не чакаў маскоўскі цэнтр. Шляхам насілля і тэрору да сакавіка 1930 г. канфіскавана было 58 % сялянскай зямлі. Разам з зямлёй канфіскаваўся ўвесь інвентар — коні, каровы, свінні, і нават свойскія птушкі. Натуральнай рэакцыяй сялян сталі масавы зарэз жывёлы і хаванне запасаў мяса. Улады неўзабаве такія паводзіны прызналі праявай кулацкай контррэвалюцыі, што пацягнула за сабой усе паслядоўнасці, якія вынікалі з прынятых уладамі надзвычайных мер.

Рэквізаваная сялянская жывёла ў саўгасах і калгасах таксама падвяргалася масаваму зарэзу па прычыне адсутнасці корму і адпаведных будынкаў. У першых трох месяцах 1930 г. БССР страціла чвэрць усяго пагалоўя коней, кароў і свіней. Шэсць тысяч сялян, якія пратэставалі супраць калектывізацыі, былі сасланы ў Сібір. Далейшае фарсіраванне палітыкі калектывізацыі ў намечаным тэмпе пагражала развалам савецкай гаспадаркі і таму на пачатку красавіка 1930 г. у маскоўскай «Праўдзе» з’явіўся артыкул Сталіна, у якім партыйныя актывісты абвінавачваліся ў «здрадзе бальшавіцкім прынцыпам па аграрным пытанні». Сталін асуджаў прымус і адсутнасць усведамлення сялян у мэтазгоднасці калектывізацыі. Крыху пазней, спасылаючыся на павучэнні Сталіна, да памылак і перагібаў прызнаўся Цэнтральны Камітэт ВКП(б). Кампанія асуджэння метадаў і людзей, якія нанеслі ўрон сельскай гаспадарцы на пачатку 1930 г., выклікала чарговую, непрадугледжаную бальшавікамі з’яву. Сяляне і партыйны апарат у глыбінцы ўспрынялі яе як згоду на выхад з калгасаў і саўгасаў. У красавіку і маі больш за 370 тыс. раней калектывізаваных гаспадарак вярнулася ва ўладанне сялян. У чэрвені дзяржаве або сельскагаспадарчым камунам належала толькі 11 % угоддзяў у Беларусі. Аднак немагчыма было ў хуткім часе аднавіць пагалоўе свойскай жывёлы.

Савецкія ўлады аднак не адмовіліся ад калектывізацыі і рашылі яе ажыццявіць метадамі, якія не руйнавалі ўсёй гаспадаркі. Летам зноў сталі заганяць сялян у калгасы. Спачатку састаўляўся спіс інвентара, які потым рэквізаваўся разам з зямлёй. У снежні 1930 г. адсотак калектывізаванай зямлі павялічыўся да 15 %, галоўным чынам за кошт найбольшых і самых прадукцыйных гаспадарак, а ў наступным годзе — да 50 %. У ліпені 1931 г. ЦК КП(б)Б назначыў канчатковы тэрмін завяршэння калектывізацыі беларускай вёскі на снежань 1932 г. IV З’езд партыі бальшавікоў Беларусі назваў калгаснікаў галоўнай апорай савецкай улады.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 110
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)