Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:

Аўтар разглядае гісторыю беларускай нацыі ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Ён сцісла перадае асаблівасці кожнага з этапаў гістарычнага шляху, які прайшлі беларусы за гэты час, шукае адказ на пытанне, чаму лес народа стаўся менавіта такім, а не інакшым.
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 110
Перейти на страницу:

Разам з ходам калектывізацыі нарастала супраціўленне сялян, якія стараліся абараніць сваю маёмасць. Многія земляробы мелі ўжо нагоду спазнаць умовы жыцця і працы калгаснікаў. Таму бараніліся яны ад лёсу, да якога прыгаварыла іх савецкая ўлада. У 1932 г., нягледзячы на безупынны націск улад, плошчы калгаснай і саўгаснай зямлі не павялічыліся. Для ажыццяўлення планаў бальшавіцкай партыі былі патрэбны іншыя меры. З 1933 года пачаліся праследаванні аднаасобнікаў. Падвяргаліся яны штрафаванням па розных выдуманых прычынах, вобыскам кватэр, арыштам без прад’яўляння прычын. Гэтыя метады, праўду кажучы, прымусілі частку сялян уступіць у калгасы або ўцячы ў горад, але былі заслабым стымулам каб гэтыя з’явы ўчыніць масавымі.

Разам з ходам калектывізацыі хутка падала прадукцыйнасць сельскагаспадарчай вытворчасці як у галіне вырошчвання збожжавых культур, так і ў жывёлагадоўлі. Дзяржава, ажыццяўляючы план развіцця машынабудаўнічай прамысловасці, патрабавала дарэмных харчоў. Часта з калгасаў забіралі нават тое зерне, якое было прызначана на пасяўны матэрыял. Зарплата калгаснікаў, якая пераважна выдавалася натурай, не дазваляла нават на біялагічнае праіснаванне сялянскай сям’і, пазбаўленай кавалка сваёй зямлі. Таму крадзеж харчоў стаў масавай з’явай. Каб прадухіліць празмернае змяншэнне нацыяналізаванай маёмасці, 7 жніўня 1932 г. Савет Народных Камісараў СССР прыняў пастанову «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці», якую падпісаў Сталін. Згодна з пастановай савецкага ўрада, за крадзеж калгаснай уласнасці суды павінны былі абвінавачаных прыгаворваць да расстрэлу з канфіскацыяй усёй маёмасці. У паасобных выпадках кара магла быць змякчана, але мінімальны прысуд не павінен быў быць ніжэй за 10 гадоў турэмнага зняволення. Паколькі прыгаворы да вышэйшай меры пакарання выносіліся за крадзеж некалькіх каласкоў збожжа на дзяржаўным полі, пастанова бальшавіцкіх камісараў паўсюдна называлася «законам пяці каласкоў». У адпаведнасці з гэтым законам у Беларусі ў 1933–1934 гадах засуджаных было амаль 11 тыс. чалавек.

Паралельна з уступленнем у сілу «закона пяці каласкоў» павялічаны былі кантынгенты харчоў з калгасаў і ад аднаасобнікаў. Грамадскі кошт сталінскай аграрнай рэформы ў Беларусі быў папраўдзе меншы чым у Расіі і Украіне, дзе ад голаду памерла некалькі мільёнаў людзей, аднак і тут пацярпела некалькі тысяч ахвяр, а метады калектывізацыі шматлікіх яшчэ ўпорных сялянскіх аднаасобных гаспадарак сталі больш жорсткімі. Згодна з указаннямі бальшавіцкага кіраўніцтва, для паскарэння калектывізацыі ў вёскі былі накіраваны найбольш фанатычныя партыйныя работнікі і камсамольцы — прадстаўнікі рабочага класа. Прызначаліся яны на кіраўнічыя пасады ў калгасах і саўгасах і карысталіся шырокімі кампетэнцыямі, уключна з правам накіроўваць у суд іскавыя заявы з патрабаваннем пакараць абвінавачаных у парушэнні савецкага заканадаўства. Іх агратэхнічныя веды былі надта сціплыя, а рашэнні часта супярэчылі прынцыпам рацыянальнага гаспадарання.

Дзеля ўдасканалення калектывізацыйных працэсаў на раённым узроўні былі створаны палітычныя аддзелы КП(б)Б, якія мелі наглядаць за ўсімі ўстановамі, абавязанымі садзейнічаць паўставанню калгасаў. У снежні 1934 г. больш за 72 % зямлі належала калгасам, а год пазней — 85 %. У выніку ўведзеных рэформаў ураджайнасць збожжа з аднаго гектара на калгасным полі ўпала ў 1936 г. да 4,5 цэнтнера. Масавыя рэпрэсіі ахапілі самых багатых і найбольш прадпрымальных сялян. Іх ссылка ў канцэнтрацыйныя лагеры толькі адмоўна паўплывала на харчовы баланс краіны. У 1939 г. усё яшчэ 10 % сельскагаспадарчых угоддзяў знаходзілася ва ўладанні аднаасобных сялянскіх гаспадарак.

У 1937–1938 гадах калгаснікам былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны. Ураджай з гэтых участкаў не раз дазваляў праіснаваць сялянскім сем’ям. Зарплата калгаснікаў у 1928 г. складала 12 рублёў і была ўтрая ніжэйшая за аклад рабочых у прамысловасці.

Калектывізацыя давяла да таго, што юрыдычнае становішча сялян нагадвала сітуацыю да адмены прыгонніцтва ў Расійскай імперыі ў 1861 г. Бальшавікі напрыканцы трыццатых гадоў вярнулі амаль усе элементы расійскага феадальнага права. Сяляне былі пазбаўлены права на зямлю, пашпартоў, права на свабодную змену месцажыхарства. Тысячамі вывозілі іх у назначаныя месцы прымусовай работы. Розніца заключалася толькі ў тым, што распарадчыкамі іхнага лёсу былі не феадалы, а толькі партыйныя суды, якія аб’яўлялі прыгаворы «ад імя працоўнага народа гарадоў і вёсак».

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 110
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)