На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Прыгажосць кожнага канкрэтнага вобраза ў Пташнікава абумоўлена тым, што ён увасабляе думкі і пачуцці адначасова і аўтара, і герояў. Адсюль — далёкая асацыятыўнасць, сімвалічнасць асобных вобразаў.
Іван Пташнікаў — пісьменнік складаны, не пазбаўлены напружанасці творчага развіцця. Сфарміраваўся ён пад прыкметным уздзеяннем чорнаўскага апалітызму з яго канкрэтыкай, тонкім псіхалагізмам і драматызмам. Калі перафразіраваць словы К. Чорнага, то можна сказаць у дачыненні да Пташнікава, што ён добра «адчувае ў вобразах беларускі матэрыял». Нацыянальная насычанасць вобраза ў Пташнікава вельмі высокая. На ёй грунтуецца ўся мастацкая структура яго твораў. Акрамя таго, у Пташнікава вока жывапісца: каб апісаць з'яву, факт, прадмет, ён павінен раз'яднаць іх на асобныя мікраструктуры, кожная з якіх кладзецца асобным штрыхом. Своеасаблівасць пташнікаўскага светабачання, яго ўменне адчуваць і запамінаць свет у зрокавых, слыхавых, абаняльных вобразах і з'яўляецца ўмовай апалітычнасці яго стылю.
Як у пісьменніка-аналітыка ў Пташнікава своеасаблівыя адносіны з часам. Гэта можна заўважыць перш за ўсё па прывязанасці аўтара да «вось гэтага» дадзенага моманту, які ён таксама расчапляе на асобныя перыяды. Мы не бачым у творах Пташнікава развіцця характараў, затое можам паслядоўна прасачыць перажыванне герояў у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. І тут важнае месца займае рэтраспекцыя, суаднесенасць цяперашняга перажывання героя з тым, што перажываў ён некалі раней.
Талент І. Пташнікава своеасаблівы. Часам бывае цяжка прасачыць усе згібы, усе рухі яго стылю. Але стыль яго, наследуючы лепшыя якасці беларускага эпічнага, аналітычнага стылёвага напрамку, вельмі цікавая з'ява сучаснай беларускай прозы.
Праўда і чалавечнасць
Іван Чыгрынаў належыць да таго ж пісьменніцкага пакалення, што і Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Дамашэвіч, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў і інш. Як пісьменнік ён складваецца ў 60-я гады, вельмі цікавы час у развіцці савецкай шматнацыянальнай літаратуры, калі з'явілася многа новых імён, паявіліся новыя напрамкі, надзвычайна пашырыўся стылёвы дыяпазон. Адну з важных роляў у выспяванні першага рамана Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» адыграла сама атмасфера 60-х гадоў. Многія даследчыкі літаратуры і мастацтва, філосафы, сацыёлагі лічаць 60-я гады XX стагоддзя гадамі абагульненняў і роздуму. Ул. Гусеў, напрыклад, піша: «Да сярэдзіны 60-х гадоў выкрышталізаваліся праблемы, характэрныя для грамадства з вялікім гістарычным вопытам».
Час, калі пісаўся другі раман Івана Чыгрынава — «Апраўданне крыві»,— 70-я гады, для літаратуры быў, па-першае, часам паглыблення гістарызму, па-другое, імкненнем да адлюстравання чалавечай асобы, раскрыцця яе складанага сацыяльнага і духоўнага свету. Гэтыя дзве тэндэнцыі, узаемна перакрыжоўваючыся, нараджаюць новыя і новыя формы мастацкай творчасці.
Натуральна, што сацыяльныя катаклізмы, праблемы захавання міру на планеце, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, выбух інфармацыі, клопат аб прыродзе і выхаванні гарманічна развітога чалавека — усе гэтыя велічныя праблемы паставілі мастацтва перад неабходнасцю выбару новых прыёмаў і сродкаў адлюстравання. Узрасла тэндэнцыя да сінтэзу, да глыбіні мастацкага бачання, да філасофскіх канцэпцый рэчаіснасці. Літаратура адчувала патрэбу асэнсаваць шлях, пройдзены грамадствам за большую палавіну бурнага XX стагоддзя. Асабліва гэта датычылася нашай краіны, народу якой давялося перажыць значна больш, чым якому іншаму на зямлі. Самай вялікай падзеяй гэтай эпохі побач з Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй была і застаецца Вялікая Айчынная вайна.
Кнігі савецкіх пісьменнікаў пра Вялікую Айчынную вайну найбольш поўна і ярка раскрываюць яе сутнасць і гісторыю. Вайна разглядаецца ў лепшых творах савецкай літаратуры ў кантэксце ўсёй гісторыі нашага стагоддзя. Таму прынцып гістарызму становіцца важнейшай катэгорыяй, не толькі метадалагічнай, але і эстэтычнай літаратуры сацыялістычнага рэалізму.