На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Пісьменнікі, што пішуць пра Вялікую Айчынную вайну, імкнуцца асэнсаваць яе народны, вызваленчы характар, яе маральна-этычныя аспекты з вышыні сённяшняга дня. Безумоўна, любы пісьменнік, пра што б ён ні пісаў, перш за ўсё адлюстроўвае сучаснасць, але для мастака, які распрацоўвае ваенную тэму, надзвычай важна ўлічваць сувязь часоў, вопыт і гісторыі, і сучаснасці, «узаемадзеянне паміж вопытам мінулым і вопытам сённяшнім» (У. І. Ленін).
Прынцып гістарызму патрабуе ад мастака аналізу з'яў рэчаіснасці ў іх развіцці, у дыялектычным даследаванні сацыяльна-гістарычных, псіхалагічных і маральна-этычных праблем. Тып мастацкага мыслення, ідэйна-творчая пазіцыя пісьменніка, яснае ўсведамленне законаў грамадскага развіцця — важнейшыя перадумовы гістарызму творчасці.
Гістарызм у лепшых творах аб Айчыннай вайне праяўляецца ва ўменні пісьменнікаў паставіць праблемы вострасучасныя, глабальныя, агульназначныя: чалавек і вайна, чалавек і час.
Ваенная літаратура, апавядаючы пра падзеі ўжо 35-гадовай даўнасці, даследуе ў многім і заканамернасці развіцця сучаснага грамадства. Вырашаць велізарныя сацыяльна-эканамічныя задачы нашага грамадства павінна ідэалагічна і маральна актыўная асоба, і, такім чынам, праблема «чалавек і вайна» набывае ў найбольш таленавітых творах маштаб: чалавек і грамадства ў перыяд велізарных гістарычных зрухаў.
Калі ў творах буржуазнай літаратуры паказваецца адзіноцтва, адчужэнне чалавека, то ў пісьменнікаў сацыялістычнага рэалізму ўсё большая ўвага надаецца сувязі чалавека і грамадства, чалавека і народа, актыўнасці такой сувязі, у якой вялікую ролю адыгрываюць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя фактары.
Усенародны характар Вялікай Айчыннай вайны, складаныя задачы сінтэзу, што стаяць перад пісьменнікамі, вызначылі ўзмацненне эпічнасці як адной з важнейшых асаблівасцей нашай літаратуры. Ствараюцца эпапеі К. Сіманава, А. Чакоўскага, І. Стаднюка, П. Праскурына, кінаэпапеі — «Вызваленне», «Полымя», «Блакада» і інш. Узрастае тэндэнцыя да даследавання тых этапаў вайны, аб якіх да гэтага часу было яшчэ мала напісана. Адчуваецца імкненне пісьменнікаў, і ўдзельнікаў вайны, і прадстаўнікоў малодшага пакалення, да адлюстравання чалавека на вайне ў маладаследаваных ракурсах.
Эпас сацыялістычнага рэалізму зыходзіць з разумення глыбінных, унутраных сувязяў паміж асобай і грамадствам, паміж калектывам і асобным чалавекам. Мастацкае асэнсаванне вялікіх этапаў гісторыі заканамерна прадугледжвае іх эпічнае ўвасабленне, стылёвыя формы талстоўскага тыпу. Шматпланавы раман са складанай кампазіцыйнай структурай, з мноствам дзеючых асоб з'яўляецца дамінуючым у літаратуры 60-70-х гадоў. Проза Івана Чыгрынава арганічна ўвайшла ў рэчышча менавіта такой прозы, што было ў многім абумоўлена і самім характарам таленту пісьменніка.
І. Чыгрынаў — пісьменнік з раманным тыпам мыслення, сёння гэта заўважаеш нават у ранніх апавяданнях пісьменніка, але ён прыступіў да рамана, толькі адчуўшы ў сабе дастаткова вопыту і пісьменніцкага майстэрства.
Першы зборнік апавяданняў І. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю» выйшаў у 1965 годзе. Крытыка прыхільна сустрэла зборнік, адзначыла псіхалагічнае майстэрства маладога пісьменніка, дакладнасць слова, такт. Зараз, праз пятнаццаць год, мы бачым, што асноўная асаблівасць першага этапа творчасці І. Чыгрынава — гэта яго роўнасць. Аўтарская манера спакойная, рытм павольна цякучы, без перабіваў, кампазіцыйная структура адпавядае логіцы развіцця сюжэта. Магчыма, такія асаблівасці стылю былі абумоўлены тым, што ў адрозненне ад іншых пісьменнікаў свайго пакалення — І. Пташнікава, В. Адамчыка, М. Стральцова — у Чыгрынава больш пераважаў разумовы пачатак, гэта значыць, свядомае, лагічнае і аналітычнае: якраз тыя якасці, якія дапамагаюць сінтэтычна ахопліваць факты жыцця, якасці, характэрныя для пісьменніка буйнага эпічнага жанру. Апавяданні І. Чыгрынава не пісаліся пад уладай пэўнага настрою, эмацыянальнага штуршка, як у ранняга І. Пташнікава, М. Стральцова. На творах І. Чыгрынава ляжыць адбітак глыбокай прадуманасці асноўнага сюжэтнага касцяка твора — ён роўнаўзважаны па аб'ёму, па суаднесенасці розных частак і элементаў.
Прыёмы і спосабы стварэння вобраза ў І. Чыгрынава падкрэслена традыцыйныя, праўда, «падпраўленыя» сучаснай лаканічнасцю. За Чыгрынавым стаіць, безумоўна, эпічная шырыня коласаўскай прозы, ёмістасць «Палескай хронікі» І. Мележа, культура пісьма М. Гарэцкага.
Найбольшае значэнне, на наш погляд, маюць у творчасці І. Чыгрынава традыцыі І. Мележа з яго эфектам даставернасці, з яго філасофскім, сацыялагічным і ў той жа час па-сапраўднаму мастацкім даследаваннем гісторыі, з яго ўвагай да ўнутранага свету простага чалавека, у якім быццам перакрыжаваліся важнейшыя сілы, што дзейнічаюць у грамадстве. Традыцыі Я. Коласа ў дачыненні да І. Чыгрынава больш далёкія, лепш сказаць, што яны больш адносяцца да светабачання пісьменніка, чым уласна да стылю.