На лініі перасячэння
- Автор: Шамякіна Таццяна
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Критика
Электронная книга - «На лініі перасячэння». Краткое содержание книги:
Вельмі псіхалагічна дакладнымі і пераканаўчымі з'яўляюцца ў творы мясціны, звязаныя з інтымным жыццём героя: яго ўспаміны пра Верку, пра сваё партызанскае жыццё, думкі пра Валюту, з якой нечакана зблізіўся. Пташнікаў знаходзіць цікавы псіхалагічны падыход да свайго героя: успаміны пра нябожчыцу астаюцца ўвесь час маркотна-пяшчотнымі, яму не проста забыць жонку, вельмі многае звязвала іх, але жывое цягнецца да жывога, адна прыгожая і адзінокая душа да другой. Адносіны Вялічкі з жанчынамі паказваюцца вельмі тактоўна, нават паэтычна: «Балюта маўчала, і яны доўга сядзелі ціха: абапёршыся адно аб аднаго, ён падумаў пра сябе, што вунь як намарыўся па гэтай гарачыні — ныюць рукі і балючае плячо. Пасля падумаў, што намарыўся, відаць, не сёння — ад самай вясны, калі пахаваў Верку і адляжаў у бальніцы, што зморана абапёрся на чужое плячо, якому самому няма ў жыцці апірышча... Яму закарцела тады адсунуцца на возе ўперад... Зрабілася няёмка, што ён глядзіць на яе шыю і плечы, мокрыя ад поту і зацярушаныя патрухой». Вялічку з Веркай, а потым з Валютай у многім звязвала сумесная праца дома, на полі. Паказваючы любоў героя да сялянскай працы, пісьменнік зноў і зноў падкрэслівае думку — Вялічка ніколі не пакіне родных мясцін. Гэта было б для яго парушэннем усіх жыццёвых сувязяў, якія толькі і маюць для яго сэнс.
Дзеянне рамана ўвесь час перабіваецца ўспамінамі, што стварае карціну інтэнсіўнага духоўнага жыцця героя, але размывае кампазіцыю. Яшчэ раз падкрэслім, што Андрэй Вялічка — не актыўны, а хутчэй сузіральны па тэмпераменту чалавек. Аднак такім яго і імкнуўся зрабіць аўтар. Значыць, аб'ектыўныя недахопы канфлікту тлумачацца не несупадзеннем ідэі з яе мастацкім увасабленнем, а тояцца ў самой аўтарскай задуме, у мэце пісьменніка. Ствараючы вобразы Вялічкі, Валюты, Веркі, пісьменнік задумваецца пра духоўную культуру народа, імкнецца зразумець яго нацыянальныя асаблівасці. У кожнага народа, як і ў кожнага чалавека, ёсць рысы, так сказаць, глыбінныя, а ёсць часовыя, наносныя. Здаецца, пісьменнік разважаў так: праблемы вёскі ўвесь час змяняюцца, адны ў хуткім часе перакрэсліваюцца другімі, але ж нешта застаецца і павінна заставацца нязменным. Таму эканамічны, сацыяльны бок сялянскага жыцця для Пташнікава — як знешняя абалонка, пад якой — глыбіні маральных пошукаў і спрадвечныя перажыванні людзей. Для пісьменніка важней паказаць непераходзячыя каштоўнасці народнага жыцця.
Для І. Пташнікава, як і для пісьменнікаў так званай «вясковай прозы», маральныя каштоўнасці становяцца нібы алгебрай жыцця наогул. З дапамогай яе «формул», па думцы пісьменніка, лягчэй вырашаюцца і задачы, што ставіць сучаснае жыццё. Вось чаму Іван Пташнікаў захоўвае вернасць тэме, свайму эстэтычнаму ідэалу. У стылі яго — жыццёвая ўстаноўка, філасофская канцэпцыя.
Раман «Мсціжы», падкрэслім, каштоўны перш за ўсё філасофскімі, маральна-этычнымі пошукамі аўтара, стварэннем яркага народнага характару, і недахопы сюжэта, кампазіцыі — на наш погляд, вынік свядомай аўтарскай устаноўкі: засяродзіць увагу на адным, самым важным для пісьменніка. Пташнікаў сцвярджае паэзію самага будзённага, звычайнага жыцця нічым не прыкметнага чалавека. На вырашэнні гэтай ідэі — каштоўнасці жыцця ва ўсіх яго праяўленнях — канцэнтруюцца ўсе рэсурсы стылю.
Народны пункт гледжання на жыццё ў Пташнікава з'явіўся асноўным стылеўтваральным пачаткам, які дапамог сінтэзаваць суб'ектыўны аўтарскі падыход да матэрыялу, сюжэтна-кампазіцыйную структуру твораў і моўныя формы выяўлення.