Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 90
Перейти на страницу:

Моцна завуркатаў рухавік, пасля зароў, потым пасыпаліся іскры пад тонкі вісклівы гук — выратавальнікі разразалі жалеза, каб дастаць труп кіроўцы.

Участак дарогі, асветлены фарамі аўтамабіляў і жоўта-сінімі мігалкамі машын даішнікаў і «хуткай», выглядаў у абсалютнай чарнаце ночы ўрачыста-злавесна. Рэдкія машыны на трасе сцішвалі ход, праязджалі амаль бязгучна. Я адышоў падалей за куст на дарозе на Ляўдок, закурыў, глядзеў на постаці. Ні пра што не хацелася думаць.

У паветры віселі, таўкліся, як жамяра, дробныя кропелькі вільгаці, ліплі да твару і шыі. Быццам нешта нябачнае, вялізаранае, бясформеннае, але жывое хавалася ў цемры, на правах гаспадара бессаромна абмацвала кожнага і ўсё, што трапіла ў яе ўладанні. Яно, мокрае і чорнае, тут гаспадар. І нават калі прыйдзе ранне, яно распаўзецца туманом, прыўзнімецца да нізкіх аблокаў — агромністае, бяздушнае і халоднае.

— Што задумаўся? — Тамара падышла да мяне. — Запальнічку не ўзяла. Трэба ж, колькі ўзнімалі сярод ночы, ніколі нічога не забывала.

— Некалі ўсё здараецца ўпершыню, — я пстрыкнуў, пачакаў, пакуль Тамара дастане з пачка цыгарэту, паднёс у жмені жоўты агеньчык да яе скуластага твару. — Значыць, ніхто нашую Насцю не думаў скарыстоўваць у якасці інкубатара.

— Адказы на большасць пытанняў бываюць вельмі простымі, — нібыта ўсцешваючы, заўважыла Тамара. — Вось разбярэшся заўтра з кіроўцам. Можа, у яго была сапраўдная любоў. Насця магла паспрабаваць — ад адчаю, ад цікавасці — стаць нармальнай жанчынай. Раптам цяжарнасць яе змяніла? Калі мужчына кахае па-сапраўднаму, ён на многае пойдзе. Мог і ўгаварыць Насцю, каб нарадзіла яму.

— А мне вось прапанавалі бацькам стаць. сурагатным.

Словы вырваліся самі сабой. Не збіраўся аніяк, не думаў нават, што скажу Тамары пра тую просьбу, ды яшчэ ў такі момант і такім тонам, быццам прашу парады.

Тамара маўчала, як не пачула маіх слоў. Не перапытвала, не спынялася раз-пораз зацягвацца. Нарэшце яна дакурыла, адышла на ўзбочыну, кінула і прытаптала нагой акурак. Я зрабіў тое ж. Мы моўчкі пайшлі да месца аварыі.

 — І ты адказаў? — нечакана запытала Тамара.

Я ўздрыгнуў.

— Не паспеў.

— Толькі не ўздумай цяпер адказваць, — насмешліва-жорстка папярэдзіла Тамара.

— Чаму? — разгубіўся я, больш ад таго, што Тамара не забылася на мае словы, думала пра іх і вось цяпер вучыць. Як школьніка перад экзаменамі.

— Таму. Такія прапановы — як тэст. Калі задумаўся мужык — ад яго трэба бегчы. Што б ты цяпер ні адказаў — тэст ты праваліў. І ведаеш. — Тамара прыпынілася, бо мы ўжо амаль падышлі да машыны, а ёй, мабыць, неабходна было дадаць колькі словаў. — Вось ты меркаваў, што Насцю скарысталі як інкубатар. Ты лёгка са словам абыходзішся. Скарыстаць — зусім не тое. Скарыстаць — узяць і не аддаць узамен. Вось ты Надзькай карыстаешся месяц. Маўчы. Паехалі.

«А яна мной не карыстаецца!?» — захлынуўся я воклічам, але падпарадкаваўся Тамары, трымаў у глотцы свае словы. Жанчыны заўсёды бароняць жанчын. Бач, я скарыстоўваю. А яна мяне? Хіба Надзея не карыстаецца мной, як мужчынам? Яна хіба мала ад мяне атрымлівае? Гэтулькі гадоў не ведаць элементарнай мужчынскай ласкі і цяпер бярэ напоўніцу ўсё ад мяне! А я ж даю ўсё, што магу! Ці была б яна з некім больш шчаслівай? Сама ж прызнавалася: са мной, менавіта са мной адчула ўпершыню тое, што падалося ёй стратай самой сябе, калі, здавалася, сэрца спынілася ад неспазнанай раней асалоды, пра якую і думаць не магла, у якую не верыла. Хіба яна не захлынулася тады шчаслівымі слязьмі ўдзячнасці, хіба не цалавала мяне апантана, не шаптала бясконца самыя пяшчотныя словы?..

— Дай запальнічку!

Зазвычай Тамара не курыла ў салоне аўтамабіля, а тут павярнулася да мяне, пацягнулася тонкімі вузлаватымі пальцамі.

Я разгублена ляпаў па кішэнях: куды засунуў запальнічку? І нечага баяўся глядзець у вочы пракуроркі. Ды прыйшлося. Як і чакаў: у гэтых вачах застыў папрок. Абвінавачанне нават.

— Не крыўдуй. Сам падумай, — нечакана ціха сказала Тамара.

Ну чаго яна лезе? Якое яна мае права ўвогуле нешта мне ўказваць? Знайшла суб’ект для выхавання? Сумна адной стала?

1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)