Мясцовы час
- Автор: Аркуш Алесь
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мясцовы час». Краткое содержание книги:
З другога боку, пасьля зьняцьця палітычных забаронаў па ўсёй рэспубліцы шырыцца і набірае моц беларускае кнігадрукаваньне, не абцяжаранае адзнакамі Саюза пісьменьнікаў. З назапашваньнем вопыту і зьяўленьнем багатых фундатараў павышаецца паліграфічная якасьць кніг. Новыя літаратурныя сілы гуртуюцца ў выдавецкія суполкі, бо сёньня толькі разам можна процівапаставіць дзікаму рынку беларускую кнігу.
Працэс натуральны, відаць, як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, дзе пісьменьнік свабодны, але затое дбае ня столькі пра тое, як напісаць новую кнігу, колькі пра тое, як яе потым выдаць. І вось тут трэба адказаць на пытаньне, якое літаральна лунае ў паветры: дык ці можа быць, ці патрэбная ў такіх умовах альтэрнатыва ці некалькі альтэрнатываў Саюзу пісьменьнікаў? Яшчэ ў 1989 годзе Васіль Быкаў на гэтае пытаньне адказаў так: "Калі мы сапраўды імкнемся пакончыць з тым, што перажылі, і стаць дэмакратычным грамадзтвам, то СП у тым выглядзе, у якім ён знаходзіцца сёньня, пісьменьнікам не патрэбны. І я лічу, што ў будучым на зьмену яму, відаць, прыйдуць добраахвотныя аб’яднаньні пісьменьнікаў на аснове агульнасьці мастацкіх поглядаў, этнічнай агульнасьці або проста чалавечых схільнасьцяў. Як гэта было часткова ў 20-я гады ў нас або як гэта мае месца зараз у заходняй літаратуры".
Бясспрэчна адно — стварэньне Таварыства адлюстроўвае прадказаныя Быкавым працэсы, якія ў суседзяў ідуць ужо вельмі бурна, а ў нас пачынаюць першымі ручаямі падточваць сумёты заледзянелых яшчэ сталінскіх утварэньняў».
* * *
21 чэрвеня большасьць тэвээлаўцаў сабралася ў Менску ў студыі тэлецэнтра. Паэт Леанід Галубовіч, які ў той час працаваў на тэлебачаньні, задумаў зрабіць адмысловую перадачу, прысьвечаную ўтварэньню ТВЛ. Прычым перадача павінна трансьлявацца ня ў запісе, а ў прамым этэры. Акрамя мяне ў ёй узялі ўдзел Юры Гумянюк, Славамір Адамовіч, Ігар Сідарук, Лявон Вольскі, Юрась Пацюпа, Анэля Дабравольская. Разам зь Леанідам Галубовічам вядоўцам перадачы быў малады крытык Сяргей Кавалёў.
Перад пачаткам этэру я пагутарыў зь Лявонам Вольскім.
— Ну ня соладка будзе. Розныя чуткі ходзяць. Той-сёй падтруньвае, што тэвээлаўцы будуць вольныя ад літаратуры, — сказаў Вольскі.
— Пабачым. Усё будзе залежыць ад нас саміх.
У гэты ж дзень дамовіўся зь Лявонам, што ён
дашле ў «Полацкую ляду» рукапіс свайго зборніка вершаў. Вольскі апэратыўна выканаў сваё абяцаньне і неўзабаве ў Наваполацку выйшаў ягоны зборнічак «Калідор».
Падчас тэлеперадачы гучалі развагі пра тое, што прыйшоў час разьняволіць беларускую літаратуру, якая захрасла ў двух тэмах — жыцьцё вёскі і Вялікая Айчынная вайна. Што варта ствараць новую ўрбаністычную літаратуру, а таксама пашыраць жанравыя і эстэтычныя далягляды беларускага прыгожага пісьменства.
Пасьля тэлевізійнага этэру пайшлі адзначыць падзею на кватэру да Галубовіча. Размаўлялі і спрачаліся да ночы. Раніцай наступнага дня я вярнуўся ў Полацак.
* * *
Лявон Вольскі, на жаль, не памыліўся ў сваіх прагнозах. Першым адчуў непрыхаваную варожасьць да ТВЛ у літаратурных колах Юры Гумянюк.
Дарагі Алесь!
Дзякуй табе за больш-менш грунтоўны ліст, за тое, што «разьвеяў» маю заклапочанасьць. А яна вырасла не на пустой глебе. Надта ж я хвалююся за лёс ТВЛ і «Калосься», бо пасьля лімаўскай публікацыі зьявілася шмат незадаволеных нашай дзейнасьцю, у тым ліку і ў неафіцыйных колах. Ня буду згадваць пра Менск, а ў нас у Гародні сытуацыя была заўсёды напружанай. Хаця мне гэта, так бы мовіць, «да сярэнявай зьвязды», бо я адстойваю пазыцыі ТВЛ. Многія нашы ўнівэрсытэцкія выкладчыкі лічаць, што стварэньне ТВЛ спрыяе расколу «беларускага руху», маўляў, зараз патрэбна адзінства і г.д. Гэта, канешне, наіўныя аргумэнты, яны ў прынцыпе не перашкаджаюць працаваць.
Ладна, ня буду распускаць «буклі». Усяго найлепшага. Віншую (крыху запозьнена) з узростам Хрыста!
Заўсёды твой Юра
3.06.1993
Гародня
* * *
14 ліпеня ў менскім Доме літаратараў мы правялі Другую ўстаноўчую нараду ТВЛ. Гэта была хутчэй тэхнічная нарада дзеля падрыхтоўкі дакумэнтаў для рэгістрацыі ў мін’юсьце. Юры Гумянюк на яе прыехаць ня здолеў. Акрамя мяне прысутнічалі Славамір Адамовіч, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа, Сяржук Мінскевіч, Алесь Туровіч і некаторыя іншыя маладыя сталічныя літаратары. З навічкоў запрасілі Сяргея Патаранскага. Рэй на гэтай сустрэчы вёў Адамовіч, якому «кангрэс» даручыў афіцыйнай рэгістраваць Таварыства. Славамір правёў папярэднія кансультацыі, юрысты знайшлі ў нашым статуце недакладнасьці, якія трэба было выправіць. Таму на Другой нарадзе абмяркоўвалі толькі статут і шляхі рэгістрацыі ТВЛ. У гэты ж дзень мы зь Ігарам Сідаруком у інтэрнацкім пакоі Славаміра перадрукавалі нанова статут ТВЛ.