Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– У мяне ёсць ты. І толькі ты... У цябе ж ніколі не было да гэтага страху. Адкуль ён?
Зноў маўчыць, прыплюшчыла салёныя вейкі. З яе знікае адзенне, растае, як прырэчны туман.
– Не глядзі на мяне – сорамна.
– Я ўжо не бачу цябе...
– Антон, пацалуй мяне. Моцна. Мне сапраўды страшна. Страх такі, як быў там, пад Полацакам. Мо тое і яшчэ сядзіць ува мне. Чаму ж так доўга?
– Мо паклічам лекара?
Яніна кісла ўсміхнулася:
– Мы ж не на зямлі. У нас тут такога няма. Мы самі сабе лекары...
І зноў прыйшоў вечар. Каханне з яшчэ большай сілай разгаралася ў нашых сэрцах. Зноў ноч. Пад раніцу Яніна заснула.
Трывожныя думкі павялі яе зноў пад Полацак, у крывавае калатнечу. Але я не пусціў яе туды, стаў папярок дарогі, паказаў на іншую сцежку і прагнаў яе адтуль. Можа, і груба тое зрабіў. Каб паслухалася. А потым дагнаў, усміхнуўся прыветна, узяў за руку і павёў надпрыпяцкімі абалонамі, дзе гулі сярод процьмы кветак пчолы і чмялі... Загадаў:
– Вось тут і збірай рамонкі. Вянкі пляці. І не думай пра благое.
– Добра, не буду... – пачуў у адказ і цяпер ведаў, што яна паслухаецца. Так таго хацеў я.
Заснуў разам з ёю. Прачнуўся першы. Яніна ляжала, адвярнуўшыся ад мяне. Спала моцна і спакойна. Роўным і сцішаным было дыханне. Падняўся, прыкрыў коўдрай.Дастаў з тумбачкі касету. Пайшоў у апаратную – круглы пакой з белымі сценамі. Там Яніна і спісвала са сваёй памяці падарожжа ў Полацкае княства. Як толькі пераступіў парог, мяне ахапіла ледзь прыкметнае хваляванне. У скроні з лёгкім паколваннем упіліся нябачныя іголачкі. Неймавернымі намаганнямі адсунуў ад сябе трывогу. Усеўся ў крэсла, але не спяшаўся нырнуць у падарожжа Яніны...
Сядзеў у цэнтры правільнага круга. Кругам была сцяна – і не было ёй ні пачатку, ні канца. Тысячы і тысячы аб’ектываў былі ўманціраваны ў тую сцяну. Ведаў, што аб’ектывы высвецяць сапраўднае жыццё і сапраўдных герояў. Мяне чакала не відэасповедзь Яніны. Мяне праз колькі хвілін завіхурыць натуральнае жыццё. Мне прыйдзецца прайсці шляхам Яніны. Ці вытрымаю псіхалагічную нагрузку? Нездарма ж мяне не пусцілі на прагляд...
У адтуліну ўвайшла маленькая, з запалкавы карабок, касета. Засвяціліся тры зялёненькія лямпачкі-светлячкі. На суседнім табло з аднолькавым інтэрвалам замігала блакітная палоска – знак гатоўнасці. Напомнілі пра сябе тысячы аб’ектываў – чакалі маіх дзеянняў, каб прапусціць праз сябе пакуты Яніны Альшанскай. Нечага марудзіў, не націскаў галоўную кнопку. Настройваў сябе на цяжкія выпрабаванні, прасіў у Валадара духоўнай падтрымкі і моцы.
Лёгенька крануўся зялёнага квадрата…Адразу стала ціха і цёмна. Павеяла прахалодай. Глыбокая ноч – на небе зыркія зоры і месячык. І я ўжо быў не я, а яна Яніна, бо дзіця яшчэ... Пераўвасобіцца ў дзяўчыну, напэўна, было лёгка – мы ж былі адно цэлае, і сэрца напалову ў мяне зрабілася жаночае... На мне спадніца. На нагах ці то лапці, ці то пасталы, на галаве старая, зношаная хустка...
І мне, дзяўчынцы, шаснаццаць з паловай гадоў... Не прыкмеціў, як пачалося іншае для мяне жыццё, як пачаў жыць я ў іншым вымярэнні, у іншым часе – закружыла мяне, завіхурыла, прымусіла наліцца страхам і імкненнем перамагчы нечалавечыя пакуты і выжыць...
З маіх грудзей вырваўся слабы дзявочы крык здзіўлення...
– Парасачка, го Парасачка! Куды ты падзелася, дачушка? – гукае мяне бацька з двара.
– Я тут, татусь, – адказала з гарышча, каб ён не хваляваўся за мяне, – ведама ж, трывожна вакол, ходзяць чуткі, што маскалі паляць вёскі і гарады, забіраюць у палон жанчын і дзяцей, мужчын і нават дзядоў, якія маюць талент у будаўнічай справе. Астатніх забіваюць, садзяць на кол.
– Татачка, можна, я пайду да таварышак, пагуляю трошкі з імі?
– Добра, схадзі! Толькі ж не баўся доўга.
– Не забаўлюся!
Бацька яшчэ нешта бурчыць сам сабе, грукае дзвярыма, ідзе ў хату.
Татачка, добры мой татачка! Ён так любіць мяне, малодшую, што баіцца штохвілінна – перажывае надта, калі не бачыць мяне побач. Мне смешна нават ад такой залішняй увагі – што ж са мною можа здарыцца?
Тата мой – званар. Кожны дзень ён падымаецца на вільчык царквы Еўфрасінні і размаўляе з Богам – і тады перамовы званоў чуе не толькі ўвесь Полацак, а і людзі блізкіх і далёкіх паселішчаў, што раскінуліся вакол магутнага горада. Паабяцаў мне татусь, што раніцай возьме з сабою ў сабор Еўфрасінні: дасць і мне патузаць за вяроўчыны, якія трымаюць «сэрца» звона... А лезці туды, высака, мне страшна, але пра тое я бацьку не прызнаюся – не возьме тады з сабою.