Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Недзе ў небе заліваўся жаўрук. Лазовыя кусты звесілі свае галіны ў возера. Патыхала спелай вясной, квеценню садоў... Толькі цяпер заўважыў: былі мы ў нейкіх незвычайных касцюмах – светла-зялёных, накшталт камбінезонаў – з кішэнямі. На грудзях раз-пораз міргала ледзь прыкметная блакітная кропачка. На галаве ў Яніны вянок з васількоў – калі толькі і паспела сплесці?
З ранішняга мроіва туману, як здані, пачалі выходзіць невядомыя людзі. Шмат людзей. Яны гаманілі, спрачаліся, смяяліся, і ўсё наваколле абудзілася ад іх усхваляванасці і энергічных рухаў. На нас жа яны не звярталі аніякай увагі.
За спінай у нас раслі ці то хвоі, ці то піхты. Бярозы і клёны прызнаў адразу.
«І тут ёсць прырода і жывёльны свет?»
«Ён ёсць усюды, Антон. Усё падуладна Богу».
Людзі дзіўна апрануты. Уражанне такое, што мы прысутнічаем на здымках нейкага гістарычнага фільма.
«Не, гэта не акцёры. І адзенне ў іх натуральнае, не антуражнае. Гэта прадстаўнікі розных стагоддзяў. Толькі сабраліся яны ў адным часе, хаця ведалі адзін пра аднаго ўсё дасканала...»
Я пачынаў пазнаваць іх. Ці не Еўфрасіння Полацкая і Францішак Скарына стаялі неўзадалёк ад нас? Пра што раіліся-дамаўляліся? У яго руках «Біблія», а ў святой князёўны таксама кніга, але значна меншая. На кнізе шыкоўны крыж... Той самы, што змайстраваў Лазар Богша? Цуд... Хто ж побач з імі? Калі не памыляюся, то гэта вялікі гетман Вялікага Княства Януш Радзівіл. Ён хворы, увесь час кашляе, але горда трымае галаву. Далей – князь Міхал Іванавіч, кіеўскі намеснік, які ў 1422 годзе падпісваў дамову Княства з Ордэнам, князь Андрэй Іванавіч Вязынскі – і дзеці ягоныя стаялі, нават Васіліса, Бельская князёўна, Соф’я, каралева Польшчы, і Марыя, жонка гаспадара Валахіі. Васіліса Андрэеўна, якая пабралася шлюбам з князем Іванам Уладзіміравічам Альгердавічам (Бельскім) перад лютым 1422 года. Соф’я Андрэеўна (можа, тая ж Сонька вядомая?!).
«Тая, Антон, тая... Аказваецца, ты выдатна ўсіх ведаеш. Прыемна адкрываць цябе такога!»
«Другая дачка пашлюбавалася ў лютым таго ж года з Уладзімірам Ягайлам, каралём Польшчы, – каранаваная ў Кракаве 12 лютага ў 1424 годзе... Ага, вунь жа і князь Юры Сямёнавіч, князь Гальшанскі, – у 14З6 годзе ў Берасці падпісаў дамову з Ордэнам...
А гэта хто, што трымае «Мужыцкую праўду»? Кастусь Каліноўскі? Так... А з ім поруч – Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, за імі – Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі... Божа, якое суквецце! Колькі светлых імёнаў! І кожнае з іх мае права быць залічаным у святыя... Кожны з іх жадаў і зычыў шчасця свайму Княству, жыў дзеля яго будучыні...
– Вас чакаюць, шаноўныя спадары! – дакрануўся да майго і пляча Яніны невысокі, сярэдніх гадоў чалавек, з белымі, як выгаралая на сонцы пшаніца, валасамі.
– Добра, дзякую, найсвяцейшы ўладыка Васіль, – адказала Яніна, падала мне знак, каб ішоў побач з ёю.
«То вуніяцкі архіепіскап Васіль Лужынскі, які перайшоў потым у праваслаўе. Зрабіў з крыжам святой Еўфрасінні падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург...»
Яніна падышла да клёна, выдаўжыла руку. Перад намі зноў узніклі дзверы – толькі ўжо іншыя, другога памеру і колеру. Мы стаім у калідоры з вокнамі і дзвярыма па абодва бакі. Яніна, мусіць жа, ведала, куды ідзём, бо, прайшоўшы крокаў колькі, спынілася зноў ля дзвярэй. Націснула квадратную ружовую кнопачку. І мы ўжо рухаемся па зале з высокімі вокнамі. У дальнім канцы стаяў доўгі стол. За ім сядзелі людзі – мужчыны і жанчыны, маладыя і старэйшага ўзросту. А вакол нас, на ўзвышшы, круга сядзелі тыя, каго мы бачылі ля возера.
«Яны прысутнічаюць заўсёды, калі адбываецца чыя-небудзь справаздача перад Касмічнай Радай Ліцвініі. Яны пацвярджаюць праўдзівасць тых падзей, у якіх апынуўся сведка і зафіксаваў іх...»
Пачэснае месца займала прыгожая жанчына – маці свайго Княства князёўна Ліцвінія. Блакітныя, бы азёры, вочы. Светлыя косы. На галаве, як і ў Яніны, вянок з васількоў. Веку і не старога, але ж і не маладзёнка. Адчуваў, як маё сэрца поўнілася шчаслівым прадчуваннем нечага незвычайнага і адметнага, прадчуваннем таго, што ў маім жыцці адбываецца, можа, самая значная падзея...
Мы спыніліся непадалёк ад стала. Яніна прамовіла з паклонам:
– Добры дзень, шаноўныя сябры Касмічнай Рады Ліцвініі! Добры дзень, мая князёўна! – Яніна глядзела ўжо Ліцвініі ў вочы.
– Дзень добры, любая! Як пачуваешся пасля падарожжа?
– Дзякую, ужо добра.
– Бачу, прыйшла да нас са сваім сябрам?