Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Чалавек вучыўся ў прыроды і жыў з ёю ў згодзе і адзінстве. Калі што ў яе забіраў, то і аддаваў абавязкова. Вяртаў як мага больш, каб не ўгнявіць яе.
Чатыры «кіты» былі ў чалавека, на якіх ён трымаўся, якія давалі яму сілы і даўгалецце. Першая ўмова – здаровы лад жыцця. Другая – чалавек абавязкова павінен дыхаць чыстым паветрам і ўмець дыхаць пад вадой. Трэцяе – харчаванне натуральнымі стравамі.
І – апошняя ўмова: чалавек заўсёды павінен не толькі думаць пра добрае, а і рабіць яго, жадаць не толькі самому сабе доўгага жыцця і здароўя, а і ўсім людзям. Чалавек не павінен нічога баяцца, ні пра што трывожыцца.
Гэтыя прынцыпы ніколі не браліся пад сумненне. Гэтыя прынцыпы дыктаваў нам Валадар у Кнізе Жыцця – Бібліі. Там жа сказана пра тое, што ў чалавека дом пастаянна пры ім – дзе б ён ні быў: у лесе, у полі, у паветры, пад вадой. І нават дома ён у доме. У сваім асабістым доме.
Як малявалі іканапісцы абразы?
І Хрыстос, і Божая Маці, і Будда – усе яны маюць над галавой кольца, залатое свячэнне, абарончы панцыр. Гэта наша аўра. Альбо наша біяполе.
Бацька ў сям’і мае сваё біяполе. Жонка з дзецьмі – таксама. А над імі ўсімі – агульнае поле, агульнае свячэнне, якім і злучыў іх усіх Валадар. Дзіця, калі вырастае, убіраецца ў біялагічную і фізічную сілу, «уцякае» з біяполя сваіх бацькоў і нараджае новую супольнасць, новае асяроддзе. А пасля сустракаюцца дзве душы, аб’ядноўваюць свае аўры ў адну і потым ужо бяруць сваіх дзяцей пад яе апеку. І яны, дзеці, знаходзяцца абароненыя пад тым жа «каўпаком» – нябачным, але самым надзейным і неабходным, самым устойлівым і самым... безабаронным...
Самае страшнае, калі нехта з бацькоў пакідае агульную аўру – пры разводзе. Пасля гэтага пачынаюцца хваробы і неўладкаванасці. І дарослых, і дзяцей... Мяне слухалі, здалося мне, з цікавасцю. Напачатку не перабівалі. А потым удакладнялі, папраўлялі, падказвалі. А то падсоўвалі і мудрагелістыя пытанні, правяраючы мяне на моц ведаў у розных галінах. І я не збіўся, падхопліваў іх думку і развіваў яе далей...
У мяне дапытваліся, хто павінен памагчы чалавеку, які страціў сваё аблічча, забыўся пра сваё прызначэнне на зямлі? Адказваў, што яму памочнікі не трэба - ён сам сабе і павінен памагчы. Далёкія прашчуры вельмі добра валодалі такім дарам...
«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова быў Бог. У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не паглынула яго...»
«Ісус, выдаўжыўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, ачысціся!» І ён у той жа момант ачысціўся ад праказы».
Хрыстос дэманстраваў не фокус, тым больш не цуд.
Ён паказваў магчымасці чалавека і завяшчаў нам тое ўменне.
«І Слова стала плоццю і жыло з намі, поўнае жыватворнасці і ісціны; і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Бацькі...»
– Зажмурце вочы, а я вам падам крынічнай вады, перад гэтым скажу строга і папераджальна: «Шклянку кіпеню вам даў!» Упэўнены: шкло тут жа апячэ вам пальцы. Калі ж кіну ў вашыя далоні патухлыя вугельчыкі і крыкну: «Жару сыпнуў вам!» – перакананы: апякуцца вашыя далоні.
Але не дзеяннем я апёк вас і не агнём, а словам.
«На пачатку было Слова...»
Чалавек стаў чалавекам толькі тады, калі навучыўся гаварыць і разумець слова. Яно нараджала думку, а думка – у сваю чаргу – дзеянне. Тады можна смела сцвярджаць: слова – не пусты гук, які не зловіш, не адчуеш, не дакранешся да яго. А яно, слова, як і ўсё жывое ў свеце, мае форму і глыбіню, магутную энергію думкі. Гэтая ж энергія можа ўступіць у змаганне са злом, перамагчы і ўліць у арганізм яшчэ большую моц...
У зале ўсталявалася цішыня.
Яніна была задаволена тым, як я трымаў экзамен. Ліцвінія глядзела на мяне спагадліва і прыхільна, спытала прысутных:
– У каго яшчэ ёсць пытанні да Антона Клімовіча?
– Дазвольце мне, – падняў руку сівы дзядок – мо і Кірыла Тураўскі, сядзеў воддалеч ад Яніны. – Раскажыце, шаноўны, як вы разумееце сённяшні стан чалавека на зямлі.
– Чалавек - гэта біялагічная форма існавання. Таму яму Бог выдзеліў і такое харчаванне – арганічнае: клятчатка, садавіна, гародніна, сокі, мёд, семкі ды арэхі, пастаянна – салаты... Але чалавека губіць, і даўно, прамысловасць. Тыя харчы, што яна вырабляе, трошкі слабей за цыяністы калій. Тое, што спажывае чалавек, яно ўсё неператраўнае – шлакі і таксіны. Таму атручваюцца мозг, кроў і само цела. Чалавек забіў жывёліну і зрабіў з яе біфштэкс. А тое, што з крыві, улівае ў сасуды насілле і смерць. Чалавек забівае сябе самога. Жывёлінай авалодвае страх перад смерцю, у сасуды выкідваецца вялікая колькасць адрэналіну. Калі ж ён спажывае такое мяса, то ён праглынае дынаміт. Ён разбурае свой асабісты будынак, сябе самога – Чалавека Разумнага.