Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Раз-пораз спыняемся, аддыхваемся – найбольш бацька. Апошнім часам ён хварэў – хадзіў на дзікоў і застудзіўся. А ён жа ніколі не баяўся холаду – босы па лёдзе хадзіў, у мароз у палонцы купаўся. У яго ад цяжкай хады сіпела ў грудзях, узмакрэў лоб. Вось і апошняя прыступка. Мы падымаемся наверх – па лесвіцы з тоўстымі дубовымі маснічынамі. Бацька прапускае мяне наперад:
– Табе першай ісці. Да Бога бліжэй будзеш.
Я падымаюся да праёміны, і ў твар дыхнуў жорсткі, са снегам, вецер, пранізаў усю – з ног да галавы.
Полацак – як на далоні. Хаця ж яшчэ і прыцемак, але ўгадваюцца хаты, цэркаўкі, рамесніцкія майстэрні. Тата мяне прытульвае да сябе, да свайго худога цёплага цела, хавае ад холаду, пытаецца:
– Прыгожы наш Полацак, дачушка?
– Надта прыгожы, татачка! Мо і ў свеце прыгажэй за яго няма.
– Так, дачушка, так, праўду гаворыш... Святая Еўфрасіння праславіла яго на ўвесь свет. І сябе ўзнесла на вялікі нябесны прастол. Бог упадабаў яе за добрыя святыя клопаты. Бо шмат дабра людзям зрабіла. Не холадна табе, Парасачка?
– Не. То напачатку было холадна, а цяпер сагрэлася ўжо. Горача нават стала.
Яшчэ нейкі момант стаім, углядаемся ў засмужаную далеч, маўчым. Бацька парушае маўчанне:
– Пара, дачка! Цяпер – пара!
Ён адвязвае ад праслаў вяроўчыны, дае мне:
– Пачынай, дачка! І запомні: з першым звонам на Сафійцы ты становішся іншым чалавекам... Цябе чакаюць вялікія выпрабаванні. І ты іх пераадолееш, бо тваёй заступніцай заўсёды будзе Прадслава – святая Еўфрасіння. Звані!..
Ледзьве стрымлівала дрыготку ў руках. Не ад холаду яна да мяне прычапілася, а ад хвалявання, узбуджанасці, ад урачыстасці святога моманту. Сапраўды, я гэтым ранкам пераступіла нейкую нябачную, але вельмі важную мяжу...
Падымалася наверх дзіцем, назад жа, дадому, вярнуся дарослай палачанкай, з разуменнем адказнасці і свайго прызначэння. Разуменне ўсяго гэтага прыйшло нечакана – і назаўсёды.
– Звані, Парасачка, звані! Скажы толькі святой Багародзіцы і Госпаду нашаму, што мы чуем іх і верым ім, дзякуем, што маем з Божае ласкі такую прыгожую зямельку!
Я ўзяла вяроўчыну, накручваю, як вучыў бацька, на руку, цягну на сябе важкую “булаву”, што вісіць у звоне. Яна пакрысе гайдаецца, марудна разгойдваецца, і тады мне памагае бацька – раз тузануў, другі... Я амаль і не адчуваю, як ён памагае мне...
– Бум-ммм! Бум-ммм!.. ммм! – панеслася слабое напачатку, як бы нясмелы, але настойлівы гул.
– Бум-ммм!.. Бу-ууумм! – і другі, і трэці раз – ужо мацней, упэўненей і гучней – цяпер ужо чуўся працяжны і магутны ўладарны звон, які чулі не толькі ў далёкім Кіеве, а і ў небе.
Мой слабейшы звон уплятаўся ў басавіты бацькаў, што быў побач, аздабляў яго, узмацняў, і гэтае суладдзе гукаў даносілася да кожнага праваслаўнага верніка, усяляла ў яго святую веру, давала сілу, спадзяванне на лепшыя часіны – жыве Сафійка, то будзе жыць і народ! Ніколі ў мяне ні да гэтага, ні пасля не было такой урачыста-лёгкай узнёсласці, яднання з Богам, разумення Сусвету, свайго месца сярод людзей. Ніколі мяне потым не наведвала такая шчымлівая, што даходзіла да слёз, радасць. Мне здавалася, што з кожным уздыхам звона, чароўнага звона, ляцела ў паднябессе і мая душа.
Я – птушка з магутнымі крыламі. Абдымаю нашую зямлю і ратую яе ад няшчасцяў і гора.
Першы раз у жыцці перажыла ў сваёй душы вялікае свята. Свята яднання з Богам. І тады ж адчула, як стогне полацкая зямля і просіць у Неба паратунку і заступніцтва. Пачула яшчэ крыкі людзей і жывёлы – кароў і свіней, якія больш за людзей адчувалі трывогу і гора, і тое перадавалася іх гаспадарам...
Данесліся смярдзючыя пахі пажараў, пахі попелу і вуголля, што заставаўся замест хацін...
Далятаў крык адчаю.
Мяне пранізваў усю крык аб дапамозе.
Я яшчэ адчувала кроў. Шмат крыві.
– Татачка, чуеш – зямля гарыць! – крычу яму на вуха. Ён усміхаецца, аж прыжмурваецца, але, мусіць, не чуе, хаця трывога, што пасялілася ў ім звечара, не знікла. Яна вырасла яшчэ больш. І мае словы перасцярогі толькі больш яшчэ пераканалі, што з гэтым звонам, які абудзіў раніцу, пачаўся адлік новага часу, крывавага часу – новай жорсткай і крывавай эры...
Мы пра тое ў тую раніцу толькі здагадваліся...
І тады бацька пачаў званіць ужо неяк інакш. Не так, як заўсёды. Я тое адразу заўважыла. У звона з’явіліся душа, боль і трывога. І ён разлягаўся па ўсім наваколлі, абуджаючы ў людзей памяць волі, папярэджваў, крычаў пра гора і жах, што абрынуліся на Полацкую зямлю... Адчула тое сэрцам, бо яно пачало сціскацца і шчымець – як яго нехта прымушаў браць на сябе неабдымны боль усяго княства...