Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Не піхайцеся, не нервуйцеся – тары сёння дастаткова, хопіць на ўсіх, – пастараўся супакоіць натоўп, настройваючыся на рабочы рытм, адчуваў, што дастанецца мне па самую завязачку.
Так, як і даставалася Змітраку, калі я адсутнічаў...
… Вечарам ледзьве дапоўз да сваёй раскладушкі – спіну не разагнуць. Падэшвы ног гарэлі, як цэлы дзень хадзіў па гарачым вуголлі, а рук, здавалася, і зусім не адчуваў – як анямелі. Я нічым не аблегчваў свой лёс. Працаваў, як і Зміцер, гэтак жа мацюкаўся, гэтак жа і агрызаўся, калі «сіняносік» настойліва ўпрошваў прыняць бітую бутэльку... І зусім забыўся, што адарваўся ад душ людзей, ад Яніны. Ляжаў і думаў: вось-вось збяруся з сіламі і ўключуся на антэну Сусвету і часу, абавязкова злаўлю Планету Яніны, і тады мяне перастануць турбаваць неспакой і трывога.
Але працягваў ляжаць, збіраў сілы.
Во выбраў сабе месцейка працы! То ж не пасада галоўнага інжынера буйнога завода, калі толькі і ведаў тое, што даваць рабочым накачку за кепскую працу...
А падумаўшы, то і невялікі мёд быў на той пасадзе – кожны дзень як на Галгофе. Нездарма і жонка неўзлюбіла мяне, цельпука, – што з мяне ўжо можна было патрабаваць пасля работы, калі я падаў на ложак без задніх ног...
Абрыдла тады ўсё.
Прахапіўся ад дотыку цёплай і знаёмай рукі.
– Ты?! – не расплюшчваю вачэй і тут жа адзначаю, як радасць тоненькімі іголачкамі пабегла па ўсім целе. – Даўно каля мяне?
– З паўгадзіны. Назірала за табой. Я люблю глядзець, як ты спіш. Ты падобны тады на маленькага дзіцёнка. І такі ж смешны тады робішся.
– Калі вярнулася?
– Заўчора. Суткі адпачывала. Засумавала па табе.
Калі расплюшчыў вочы, убачыў зблізку яе зрэнкі. У іх убачыў сябе. Яна была стомленая, але ж нейкая памаладзелая. Стала больш спакойнай і, здаецца, мудрэйшай. Больш прыгожай. Усмешка выпраменьвала пяшчоту і дабрыню, нявыказанае каханне.
– Раскажаш? – не адрываю ад яе вачэй, адчуваю, як гарачыня і жаданне пранізваюць мяне. Яе вусны, бы магніт, засланілі ўсё на свеце. Яны ледзь-ледзь уздрыгвалі, як клікалі мяне, прыспешвалі...
– Тое не перадаецца словамі. Нездарма ж летапісцы падбіралі ёмкія і кароткія словы, каб было магчымым дадумваць і ўяўляць яскрава той час...
– Мне цікава ведаць, што там адбылося, што табе прыйшлося перажыць?
– Тое ж, што і Княства Ліцвінія, – і здзек, і жах, і жорсткасць. Яшчэ – бяспраўе і безабароннасць. Але не будзем цяпер пра тое, пазней. Тады ты ўсё ўбачыш і зразумееш...
– Што – убачу і зразумею?
Да мяне пачало пакрысе вяртацца ўсведамленне таго, дзе ўсё ж была Яніна.
– Тое, дзеля чаго мы існуем на гэтай зямлі.
Яніна дакранулася да маіх губ і апякла гарачым полымем. Усё захісталася перад вачыма. Здавалася, яна ніколі мяне так не цалавала. Жанчына злівалася зноў са мною, і я рабіўся бязважкі і бязвольны, наліваўся лёгкасцю і пяшчотаю да яе, жаданнем адчуць зліццё на вяршыні Гары Шчасця і Суладнасці, каб разам згарэць на кастры Апантанасці і ўваскрэснуць на беразе акіяна Задавальнення...
І адно, і дзесяць, і сорак доўгіх імгненняў доўжылася нашае злучэнне вуснамі. Нам не хапіла дыхання, нам не хапала сіл трываць. Скроні, здавалася, разрываліся ад незвычайнай пульсацыі хмельнай крыві...
– Паляцім да мяне? – шэпча мне на вуха Альшанская, задыхаючыся ў маім дыханні.
– Мг...
– Заплюшчы вочы! Дай руку. Паўтарай за мной – Ахутавана! Ахутавана!
– Ахутавана!
Мяне нешта прыўзняло ад падлогі, правільней, ад раскладушкі – і панесла некуды ўвысь. Барабанную перапонку сціснуў лёгкі боль – як падняліся на самалёце на вялікую вышыню. Злёгку закружылася галава, потым нас апусцілі на нешта мяккае – ці не на ложак?
- Цяпер расплюшчы вочы.
Альшанская смяецца, сядзіць побач:
– Ахутавана! Мы на месцы.
Так, я ляжаў у прасторным ложку. І мы знаходзіліся ў нейкай шыкоўнай, як не князёўскай, святліцы-патаемніцы. На вокнах зялёныя фіранкі – з пералівам блакітнага, празрыстыя, як неба. Святло выпраменьвалася ад сцен.
Усё адбылося так нечакана і проста, як у дзівоснай казцы. Але ў казкі я перастаў верыць даўно. Наша жыццё было як суцэльная казка, а мы ігралі ў ёй галоўныя ролі.
– Яніна, мне здаецца, што я тут ужо некалі быў, ці не так?
– Так, любы, так... Мы ўжо прыляталі сюды. З тэлефоннай будкі.
– Тады гэта – не казка? Не сон?
– Правільна, не казка і не сон. Хаця, калі паглядзець, і тое, і другое. Так, гэта ява.
Голас яе ліўся пяшчотнай музыкай, празрыстай, як крынічка, мелодыяй.
– Ты толькі не здзіўляйся, спадар Антон, навучыся глядзець на ўсё, як на звычайныя рэчы. Цяпер усё падпарадкавана тваёй волі. Калі б ты меў духоўныя заганы, калі б ты не належаў да абраных Богам людзей пятай расы, то ты не падняўся б сюды і той раз, і гэты... Першае тваё з’яўленне сюды лічылася пропускам у Вярхоўную Раду Ліцвініі. Касмічную Раду...