Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 90
Перейти на страницу:

— Надзюш. — хрыпата пачаў я, так і не прыпаліўшы цыгарэту. — А ты. Чаму ты не хочаш вярнуцца ў школу?

Яна зноў села побач, але не прыхіналася, усміхнулася, як павінілася:

— Табе прыкра, бо ты, следчы пракуратуры, інтэлігент, спіш з гандляркай з рынку?

Так, яна не абвінавачвала мяне, а менавіта прасіла прабачэння, быццам сама адчувала сябе чалавекам другога гатунку, жанчынай, якая прыдатная для мяне хіба як палюбоўніца, але не як. Не як жонка, не як маці маіх дзяцей.

Я не ведаў, што адказаць. Я не ведаў, што рабіць далей, як выйсці з сітуацыі, чым завяршыць размову. Не ведаў, наўпрост не ведаў.

У пакоі зайграў тэлефон, як сапраўдны паратунак для мяне. Я падхапіўся з невыказнай палёгкай, нават не здзівіўшыся такому позняму званку. Абы толькі не памыліліся нумарам. Няхай любое надзвычайнае здарэнне, няхай хоць што, абы толькі.. Абы толькі не працягваць размову. Мне трэба час, мне трэба пабыць аднаму.

— Васіль? — вінавата спытаўся голас пракурора. — Выбачай, разумею, на які момант магла патрапіць. Праз дзесяць хвілінаў будзем у цябе, апранайся.

— Апранаюся, — адказаў я, выдыхнуўшы. — У двух словах можна даведацца, што здарылася, Тамара Сяргееўна?

— Можна, — пагадзілася Тамара. — На трасе, на выездзе з Ляўдка — ДТЗ: фура збіла легкавы аўтамабіль. Пакуль там даішнікі разбіраюцца. У багажніку легкавіка знойдзена скрыня. Дакладней, невялікая труна. У ёй труп нядаўна народжанага дзіцяці.

— Кіроўца, пасажыры легкавіка?

— Пасажыраў не было. Кіроўца мёртвы.

— Зразумела. Чакаю.

Я апрануўся хвілінаў за пяць, выйшаў на веранду, прысеў, каб нарэшце закурыць. Усе хваляванні ад прапановы Надзеі зніклі. Пасля, усё пасля.

Надзея выйшла на веранду, трымаючы ў руцэ кубак з кавай.

— Папі. Ноч будзе доўгай?

— Ага, дзякуй табе, — шчыра адказаў я, крануты яе клапатлівай здагадлівасцю — вельмі добра зараз кубак кавы. І час ёсць. — Не ведаю, наўрад ці занадта доўга. Хочаш пачакаць? — прымусіў сябе жартам спытаць я.

— Калі табе будзе прыемна — пачакаю, — адказала Надзея з усмешкай на куточках вуснаў.

— Тады тут чакай! — паставіў я ўмову быццам усур’ёз, бо не мог іначай у гэтыя хвіліны, і вось такая гульня ў сур’ёзнасць была маёй выратавальнай кладкай між упэўненым у сабе чалавекам і цалкам разгубленым мужчынам.

— Тады буду тут чакаць, — пакорліва згадзілася Надзея ці то насамрэч, ці то жартам.

На верандзе заставалася гарэць нязыркае святло, калі я выходзіў з веснічак. Тамара ні пра што не пыталася, моўчкі кіўнула, калі я ўсеўся. Мы паехалі, і я думаў пра тое, як нязвыкла, калі мужчыну жанчына прапаноўвае стаць бацькам яе дзіцяці. А можа, у будучым гэта будзе заместа прапановы ажаніцца?

7.

Добра, што ёсць ночы — у іх пачварнасць і жах выглядаюць цалкам натуральнымі.

— Божа, не дай Бог маці такое нарадзіць і пабачыць. — голас Тамары быў зусім не пракурорскім, яна казала, як звычайная кабета, уражаная відовішчам.

У невялікай драўлянай труне, якая была зроблена з абрэзкаў «вагонкі», хоць і груба, але дастаткова акуратна, ляжала мёртвае немаўля з вялізнай, выцягнутай даверху, амаль у свае паўроста, галавой. Гідрацэфал…

Я дастаў скарчанелае цельца. Нечакана цяжкое, яно падалося мне жалезнай лялькай, абцягнутай тоўстым латэксам. Цалкам разгарнуў вялікую мяккую пялюшку. Хлопчык…

— Пупавіна адпала. Некалькі дзён, — Тамара не кранулася мёртвага дзіцяці. — Вось і ўсе адгадкі.

— Не думаю, што ўсе, — неахвотна запярэчыў я.

Мне насамрэч не хацелася ні спрачацца, ні думаць пра нешта. Так недарэчна супала — просьба Надзеі нарадзіць ад мяне дзіця і мёртвае немаўля. І такое ж можа нарадзіцца. Мы так мала бачым на вуліцах хворых людзей, што думаем, быццам усе нараджаюцца здаровымі, фізічна беззаганнымі.

— Больш нам наўрад ці трэба, — настойліва працягнула Тамара. — Ніякага заказу на дзіця не было. Быў мужчына, выпадковая цяжарнасць, нараджэнне хворага дзіцяці. У мужыкоў заўсёды хапае розуму абвінаваціць у такім няшчасці жанчыну. Відавочна, быў канфлікт. Раніцай пашукаем на дачы кіроўцы. Знойдзем і тое, на што напаролася Насця.

— Напаролася? — здзівіўся я.

— Напаролася, — упэўнена кіўнула Тамара. — Не шукай таго, чаго не было. Магла бегчы, спатыкнуцца, упасці…

Накрапваў дождж. Мігалка машыны даішнікаў рэзала вочы, я раздражнёна думаў над тым, чаму яны не выключаюць яе, чаму Тамара не загадае тое зрабіць. Пад’ехалі нарэшце выратавальнікі на сваёй «газелі» з абсталяваннем. З блытанага аповеду кіроўцы фуры вынікала, што сутыкненне адбылося адразу пасля таго, як ён размінуўся з сустрэчнай. Кіроўца аўто, якое выязджала з павароту на Ляўдок, прапусціў гэтую сустрэчную і адразу выехаў на шашу. Ад удару машыну адкінула на металічны слуп і літаральна абгарнула вакол яго.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)