Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Малодшаму фон Ноліку не пашанцавала.
“Барона” і “баранэсу” адвезьлі ў Менск на машыне начальніка мясцовай адміністрацыі. Ці суцішацца пасьля іхняга візіту выбрыкі памерлых фон Нолікаў — пакуль невядома.
Макс пасьля сьпісаўся з сапраўднай уладальніцай тытулу — шаноўнай дамай з Уроцлава. Дык тая нават расплакалася, даведаўшыся, што яе паважаныя прадзеды так непрыгожа паводзяць сябе пасьля сьмерці.
Карацей, нават дачка Далілы, малалетняя Віка, дражніла цяпер дзядзьку Макса “Фон-барон”. Яго ж не баялася — дзядзька вясёлы, добры, на руках пагушкае, шакаладку дасьць, цікавую казку раскажа… Шкада, не іграе на гітары, як дзядзька Эдзік, і не дае пагуляць у незвычайныя кампутарныя гульні, як дзядзька Генусь.
І, вядома, Макс быў супраць таго, каб Даліла пайшла Туды. Што ты за маці? Асіраціць дзіця хочаш? У цябе і так тры паддосьледныя трусікі мужчынскага полу маюцца. Можа, досыць іхніх пакутаў? Генусь з ложку нешта запярэчыў… А Даліла — вось дзіва! — ня ўгневалася, а хутчэй разьнервавалася. Яшчэ крыху — і ўсе пабачылі б цуд у выглядзе сьлязінкі на зялёным воку. Але цуды на грэшнай зямлі здараюцца рэдка. Найбольш — у выглядзе старасьвецкай чорнай сукенкі, якую наша сяброўка апранула замест заўсёдных нагавіцаў, рыхтуючыся да падарожжа. Таму Даліла толькі прагаварыла перарывістым голасам, што сябры — гэта не паддосьледныя трусікі. І калі каму ў голаў зайшло падобнае, тым больш трэба давесьці, што яны нароўні. Рызыкаваць чужым жыцьцём, не рызыкуючы сваім — несумленна.
І бегма, адпіхнуўшы Макса, кінулася Туды.
…Пятро Замоцкі моўчкі глядзеў у адну кропку. Дакладней, на драпінку ў падлозе з шэрых гранітных плітаў. Нават на погляд падлога была халоднай. Але яму давялося адчуць гэты холад навобмацак. І не адзін раз. А разоў гэтак трыста.
І кожны раз спадзявацца — што гэтае выратавальнае халоднае дакрананьне падоўжыцца. Што не падымуць, пакінуць ляжаць… І новая сустрэча з болем адцягнецца… Ну хоць на пяць хвілінаў.
Дарэмна спадзяваўся. Тыя, хто працаваў тут, ведалі сваю нялюдскую працу дыхтоўна. Калі ім трэба спыніцца, даць вязню крыху надзеі, каб потым яшчэ нясьцерпней падаліся зьдзекі, а калі трэба не аслабляць націск ні на хвілю, толькі мяняючы яго накірунак. Як ламаюць лазовы прут.
Цяпер ён на той стадыі, калі яму даюць надзею. Што ж, яны не памыліліся. Ён даўно гатовы падпісаць усё, што ім хочацца. Здаецца, нешта ўжо падпісваў… Выкрыкваў разам з крывёй прозьвішчы. А яны казалі: “Ня тыя! Мала! Яшчэ!”
Калі ласка… Міцкевіч, Луцэвіч, Кудзелька, Астрэйка, Дудар, Кадура… Магу назваць Напалеона Банапарта… Магу Маці Боскую Вострабрамскую… Толькі дайце-дайце заснуць… Перастаньце біць… І хоць кроплю вады…
Пятро глядзіць на свае босыя ногі. Божа мой, гэта — яго ногі? Чорныя ад сьмярдзючага бруду і запеклай крыві… Пазногці, як кіпцюры.
Замоцкі ўспамінае, як паўтара дзесяткі гадоў таму гэтак жа зьдзіўлена глядзеў на свае ногі, праўда, зусім з іншым пачуцьцём — першы раз у жыцьці абуў лакавыя чорныя чаравікі. Пазычыў іх маладому настаўніку педтэхнікуму прафесар Доўнар-Запольскі, які нядаўна прыехаў з Расіі і стаў суседам па доме. Няёмка, вядома, паважанага акадэміка пасьвячаць у свае побытавыя праблемы… Але нельга ж было ісьці сустракаць вялікага пісьменьніка Якуба Коласа, які прыязджаў з Курскай губерні на радзіму, у падраных чаравіках! Жонка ўжо і атрамантам замазвала драпіны, і суровымі ніткамі сшывала…
А якая гэта была сустрэча! Білеты распаўсюджваліся па сьпісах Саўнаркаму, па некалькі — на кожны тэхнікум, школу, прытулак. Ён ухапіў усяго адзін — але жонка сказала: “Ня возьмеш з сабою — лепей дамоў не вяртайся.”
Прабіліся… Усё-ткі Гандзя была сакратаркай у Наркампродзе, а значыць, звыкла мець справу з напорыстымі асобамі, што вымагалі падвышанага пайка. Загартавалася ў бойках з натоўпам. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч прыязджаў у сьпецыяльна вылучаным дзеля яго вагоне, у суправаджэньні “сьвіты”… А зусім нядаўна працаваў сьціплым настаўнікам у вясковой школе ў Абаяні Курскай губерніі. Яшчэ і адпускаць “губнаробраз” каштоўнага кадра не хацеў. Беларускі саўнаркам абураную перапіску завязаў: вярніце нам нашага паэта!