Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Больш гадзіны стаяў пад маладзіком. Пасля адправіўся ў прыбудоўку.
Доўга ляжу на раскладушцы, аж пакуль не зморвае сон. Перад гэтым паспяваю яшчэ адаслаць сябе ў самую харошую для маёй душы мясцінку – у чарнічны бор з пракаветных высозных сосен. Потым доўга буду блукаць між стромкіх дзеравін і дыхаць напоўніцу гаючым паветрам, аж пакуль не стамлюся і не ўпаду пад шаты магутнага дуба. А яму пад шэсць стагоддзяў.
Буду тады доўга ўслухоўвацца ў яго дыханне і чуць яго думкі-шэпты, і ён абавязкова падзеліцца са мною пра тое, што ўтрымлівае яго памяць і розум за сівыя стагоддзі, раскажа, што чуў і што ўбачыў... І тое таксама прыдасць мне сілы і яснасць думкі, мудрасць і прасвятленне – з усіх дрэваў ён для мяне самы родны, самы блізкі...
Гудуць пчолы. Шэпчуцца патаемна вяршыні дрэў. Плыве па лесе мройная цішыня. А я плыву ў чоўне свайго задавальнення і радасці. Адчуваю, як вырастаюць у мяне нябачныя крылы, святлее розум, і я не адчуваю пад нагамі зямлі. Я зноў раблюся чалавекам Космасу.
Раніцай катурхае мяне пад бок Змітро, сіпла гаворыць, адвярнуўшыся:
– Дабраніцы, Антон! Добра, што ты прыехаў.
– Здароў быў!
– Не буду... Не памочнік я табе сёння – занядужаў, здаецца. Баюся цябе заразіць... Адчуваю, што надоўга захварэў. Без памочніка будзеш...
У яго чырвоныя вочы, слабы голас, працінае калатун – холадна, ніяк не можа сагрэцца.
– А ты сваё адрабіў... Цяпер я на змену. Можаш лячыцца і адпачываць хоць тыдзень, хоць месяц... З лазняй я ўладжу, падменяць.
– У паліклініку мне трэба – пайду на бальнічны.
– Правільна, схадзі. Я табе і раней казаў, каб праверыўся. Не падабаўся ты мне сваім здароўем.
– Ну то цяпер пайду. Прыйшла, значыць, пара. Вось адляжуся трошкі і падамся. Як з’ездзілася?
– Нармальна. Справіўся з клопатамі. Мо не так, як жадалася, але ўсё ж...
– Ну то і добра. Абы справіўся.
Занядужаў ды і вельмі сур’ёзна Змітрок. У вачах патух агонь, у паглядзе адсутнічалі жвавасць і жаданне. Нават сплыла на другі план Вераніка – ён ужо не думаў пра яе, не клікаў да сябе. Саромеўся свайго нягеглага выгляду і стану. Баяўся, што, убачыўшы такога, яшчэ расчаруецца ў ім...
– Згатаваць табе гарбаты, Змітро? У нас жа файная ёсць заварачка. Лекавая.
Сябрук маўчаў, прыплюшчыўшы вочы. Не было сіл адказваць. На ілбе пот, у руках дрыготка. Яго пакідалі сілы. Тэмпература падымалася да самай высокай сваёй рыскі... Ускакваю з лежбішча, хапаю чайнік і наліваю ў яго вады, стаўлю на электраплітку. Я не лячыў яго, хаця мог тое зрабіць за адну секунду – толькі дакрануўшыся даланёй да лба. Я стараўся толькі аблегчыць яму пакуты – проста праяўляў сяброўскія клопаты. І ён тое зрабіў бы, калі б я захварэў. Не было, здаецца, у маіх паводзінах і дзеяннях нічога падазронага і дзіўнага...
Але дзіўнае было вось у чым – Змітрок сябе таксама мог бы вылечыць. Калі б паклаў на сваю грудзіну растапыраную далонь правай рукі. Але пра тое ён не ведаў... У кіпень ўкінуў святаяннік і мяту, чабор і багун, дадаў яшчэ маладыя лісты малінніку і парэчак.
– Каўцяні, Змітрок, мо палягчэе...
Ён абдымае далоньмі слоік, апякае рукі, але робіць некалькі глыткоў. Уздыхае, пераводзіць дыханне. Вялікі боль сыходзіў ад яго – як і трываў толькі.
– Дзякую, Антон! Добрая гарбата. Умееш гатаваць... Лугам пахне. Здаецца, трошкі лепей стала. Дадалося сіл.
– Толькі каб дайсці да паліклінікі.
– Ды дайду ўжо...
– Мо я «хуткую» выклічу, га? Ты ж гарыш увесь.
– Ды што я – маленькі? Не смяшы...
– Ну то глядзі сам, – не настойваў, паслухаўся яго, хаця ведаў, што раблю глупства.
Ён зрабіў няспешна яшчэ колькі глыткоў і зняможана апусціў на падушку галаву. Увесь мокры. Яго блажыць. Змітрок аддыхваецца, як пасля цяжкай працы, не расплюшчвае вачэй. Здаецца, пачаў засынаць... Праз колькі хвілін падымаецца, апранаецца моўчкі, накідвае на плечы плашч.
– Мацуйся тут. Не сумуй. Поспехаў.
– А табе – хуткай папраўкі.
Ён паціснуў мне руку, і я адчуў, – яго далонь гарачая, бы агонь. Ды ён сам гарэў на тым агні. Праводзіць не дазволіў.
Быў чацвер. Праз нейкі час я адчыніў наш ППШ. Адкрыўся на дзве гадзіны пазней – па графіку ў такі дзень павінна была ісці пагрузка-разгрузка тары. І людзі, згодна прачытанай аб’яўкі, маўкліва стаялі на вуліцы, чакалі. І рушылі потым з сумкамі і мяшкамі. Загаманілі, загулі на ўсе лады. Тут жыццё дыктавала свае прынцыпы і законы, і іх ніхто адмяніць не мог. Нават указ прэзідэнта.