Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Толькі мне неабходна аддаць непасрэдна Антону, – прамовіў спакойна і хлебтануў з кубка ўжо не гарачую гарбату. – Дарэчы, а дзе ж ён? На працы затрымаўся?
– Антону... Антону... – Людміла моршчыць лоб, паправіла на грудзях бэзавую кофту і кулон, што я падараваў на дваццаціпяцігоддзе, адкінула рукой за спіну косы.
На вачах у Людмілы слёзы. І толькі цяпер я заўважыў, што на стале, побач з тэлевізарам, стаіць маё фота ў чорнай рамцы. Памятае пра мяне?
– Віктар, у мяне вялікае гора. Антона няма... Ляцеў самалётам з Кіева і... Адзін пашпарт і застаўся ад яго – знайшлі ў абломках. Пад Нароўляй разбіўся. Магілу паставіла ўмоўную. Як і ўсе людзі, у якіх разбіліся родзічы і блізкія.
Я падышоў да яе ззаду, паклаў рукі на плечы.
– І мне ніхто не паведаміў... Я прыляцеў бы. Сніўся нейкі дурны сон пра яго, ды не надаў значэння. А яно вунь што, аказваецца, азначае... Гора, якое гора ў вас, Людміла! Прыміце мае спачуванні...
Яна ўздрыгвала – шчыра плакала ці толькі перад госцем?
«А дзе ён сёння спаць будзе? Няўжо папросіцца на ноч? Не хапала мне яшчэ незнаёмага госця... А грошы як – пакіне? Ці забярэ назад? Ды пра што я, дурніца, якое гэта мае значэнне?»
Хударлявыя знаёмыя плечы, косы, якія кожны раз абразала Людміла – ніколі не любіла доўгіх. Як толькі датыкаліся да плячэй, адразу бегла ў цырульню. Усё тое навявала нейкія далёкія, як у дзіцячым сне, успаміны, але якія ўжо не выклікалі ў мяне ні шкадавання, ні жалю, ні горычы...
– Ніколі не ведала, што так цяжка будзе адной...
– Я разумею вас. Я вельмі вас разумею.
«Хрэна лысага ты разумееш... Такі ж змей, як і Антон. Сэрцам адчуваю. Чаму я адразу неўзлюбіла цябе, не ведаю...»
У калідорчыку зазваніў меладычна тэлефон.
– Даруйце, – паднялася Людміла і пайшла ў калідорчык: – Ало, слухаю...
«Добры дзень, Людачка! Ці можна праз паўгадзінкі заскочыць да цябе? Які ў цябе, дарэчы, настрой? На якой ты цяпер хвалі – хвалі жадання ці смагі?»
– Ведаеце, сёння не трэба, Рэгіна Пятроўна! Да мяне прыехаў Антонаў сябра з Растова – мы з ім тут гаворым... Мо заўтра тады прынясіце, я буду дома...
«Сапраўды, Людка, не падманваеш?»
– Ну, во і дамовіліся. Усё будзе добра, не хвалюйцеся. Да заўтра...
Яна прыйшла і села ў крэсла, адпіла гарбаты, здзівілася, што яна астыла, ахвотна прапанавала:
– Я нагатую свежай – ахалодала...
– Дзякую.
«Хаця б не здагадаўся, што мне ён пазваніў... Мо і пачуў, калі слых добры – голас у слухаўцы зычны. Ну і хрэн з ім, калі і здагадаўся. Што з таго? Справаздачу перад ім трымаць? Хіба не маю права на асабістае жыццё? Сумленне ў мяне чыстае...»
Эх, Людка, Людка, ніхто цябе ўжо не пераробіць, не перайначыць... Як жыў у табе недавер да ўсіх і зло на ўсіх, так і жыве, з гэтым ты і памрэш... І як цябе твой дырэктар кахае – за што толькі, хацеў бы я ведаць? Ты ж – як той лёд, як айсберг у акіяне... Падманваеш усіх і сябе ў першую чаргу, кожны дзень жывеш з хлуснёю. Я ж памятаю, як ты на дарогу мне істэрыку закаціла: «Каб ты дадому не вярнуўся, каб ты ў самалёце тым разбіўся! Як ты мне абрыд за жыццё!..»
Мілка-Людка маўчала. Чамусьці не пасылала ніякіх сігналаў – як усё роўна ўмела адключацца ад майго поля. Што мяне ў нейкай меры і здзіўляла.
– Можа, вас пакарміць з дарогі? – стала яна на парозе кухні, паглядала на мяне, як адчувала нейкую віну. – А то гарбатай голад не прагоніце...
– Не, не, дзякую, не хачу, – паспяшаўся адмовіцца і не глядзеў на яе, задумліва ўперыўся ў паліраваную паверхню журнальнага століка.
– Тады мы зробім інакш, – прыняла рашэнне мая былая жонка. – Ёсць праваслаўны звычай – памянуць нябожчыка... А вы чалавек веруючы, нават не веруючы, а той, хто жыве неаддзельна ад Бога і Божага вучэння, таму вы не павінны адмовіцца...
Мне нічога не заставалася рабіць, як згадзіцца. Мілка злавіла мяне на маім жа полі. О, тое яна ўмела добра рабіць! Загаворыць, прытушыць пільнасць, а потым нечакана пытаннечка ў лоб...
«Трэба хоць чарку наліць, а то падумае, што я злая ведзьма... Не ведаю, як і паводзіць сябе з ім, нейкі незразумелы тып. Каб не прынёс грошы, то падумала б, што абрабаваць мяне збіраецца... Здаецца, што ён бачыць мяне наскрозь і думкі мае нават чытае...»
«Адкуль гэта ў яе? Няўжо я праколваюся на дробязях?..»
– Людміла, я не сказаў у пачатку, што ў мяне вельмі мала часу. Я ж праездам – праз Калінкавічы, зрабіў супынак. Закампасціраваў квіток на менскі цягнік. Так што ў мяне ў запасе, – зірнуў на гадзіннік, – хвілін сорак-пяцьдзесят. Я думаю, што не багата адыму ў вас часу...