Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Жанчыны марылі пра дужых і здаровых мужчын, пра бяссонныя ночы ў іх абдымках, пра салодкія словы, ад якіх млела душа і маладзела сэрца, абнаўлялася ў венах, як не закіпала, кроў. І ў той жа момант чуў, як іх добрыя памкненні раз’ядала рэўнасць. Кожнай здавалася, што яе не так кахаюць, не ўсё аддаюць, што ёй належыць...
Мне прыйшлося адключыцца ад іх хвалі, бо пачаў чырванець ад іх жаданняў і мрояў. Чуўся ўжо плёскат хваль Мора Спакою і пошум палескага бору... Падумалася: «Дык, пэўна ж, і Яніна думае гэтак жа – і яна ж Жанчына!..»
Вочы ў мяне заплюшчаны. Адчуваю, як да мяне падсеў хлопец. Яго зацікавіў мой партфель, што стаяў побач са мной. Рашыў паджартаваць над злодзеем. Захроп яшчэ мацней. Хлопец радасна хапіў партфель і спакойнай хадой пашыбаваў да выхаду. Не ўтрымаўся, на хаду раскрыў яго... Раскрыў, зазірнуў туды і нема закрычаў, выпусціўшы яго з рук, адкінуўшы нагой ад сябе...
– Гадзюкі! Там поўна гадзюк! – крычаў і бег ён далей ад гэтага страшнага месца.
Людзі глядзелі ў раскрыты партфель і нічога не бачылі – ён быў пусты.
Двое юнакоў заспрачаліся між сабою пра жыццё ў Ліцвініі. Пра мову гэтай дзяржавы заспрачаліся. Адзін гаварыў на ліцвінскай, другі – на мове суседняй дзяржавы, якая стала радней за родную.
– Ты ж у ярме чужынца! – даводзіў Лявон Казыра, здзіўляўся бязладнасці думак спадарожніка.
– Чушь несешь, в каком это еще ярме? – не разумеў настаўнік матэматыкі вясковай школы Сямён Казлоў.
- Даўно ліцвінам мроіліся Спакой і Воля, у іх уздымаўся нацыянальны Дух і прага Незалежнасці ад прыгнятальніка, ад ненавіснага пана. Адзіным панам, зноў жа, над усімі можа быць толькі Бог.
– Ну и что?
– Але сатана загадаў адрынуць людзей ад Госпада. А Бог казаў: «Да волі закліканы вы, браты, толькі б воля (вашая) не была прычынай улагоджвання плоці, але любоўю вы служыце адзін аднаму. Бо і ўвесь закон у слове заключаецца: “...любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Калі ж адзін аднаго згрызаеце і з’ядаеце, беражыцеся, каб вы не былі знішчаны адзін адным...»
– К чему клонишь? Я сам себя истребляю?
– Ты сам і адказаў сабе на сваё ж пытанне... Падумай у вольны час пра сваё жыццё. Што незразумела, знойдзеш у Бібліі...
Калі ж аб’явілі пасадку на цягнік – дызель, які кіраваўся на Мазыр, падаўся і я разам з людскім натоўпам на перон. А ў вагоне, дзе ўсе сядзелі, было гэтак жа суладна і добра. Чамусьці падумалася – а калі яны бутэлькі здаюць у прыёмных пунктах, таксама такія добрыя і лагодныя?
Мне добра пачувалася ў людскім віры, у чалавечай неўладкаванасці, маўклівай крыўдзе на ўвесь свет. Яны не пратэставалі ўжо, а пакорліва, як статак, неслі на худых плячах сваіх адвечную крыўду.
То быў дзівосны асяродак, востраў, над якім пагрозліва стагнаў, напамінаў, хто галоўны над людзьмі, Сусвет.
Як сустрэне мяне, незнаёмага чалавека, мая жонка? Ці адчуе мяне, ці не западозрыць чаго? І што, цікава, скажа пра мяне, былога мужа? Якія словы знойдзе - крыўдныя, злыя ці, наадварот, ухвальныя?
Сам не ведаў, чаго ехаў да яе.
Ці ведае пра тое Яніна? Не, раўнаваць яна не будзе, тое выключана. Адно хіба непакоіла –- ці не парушу гэтым запавет дазволенага, закон раўнавагі і суладнасці жыцця чалавека? Супакойваў хіба сябе – я ж не прызнавацца еду, а высветліць думкі і адносіны да самога сябе. Я ж не ведаў пра сябе анічагуські. Ды каму тое ўдавалася зрабіць? Хіба што душы нябожчыкаў калі-нікалі прыходзяць да родных, каб памагчы, аберагчы ад гора ці няшчасця, пачуўшы іх покліч...
Яшчэ – зразумець хачу: хто ж я ў гэтым Сусвеце?
Ды і цікава пачуць пра сябе меркаванне некалі блізкага чалавека – жонкі. Каму, як не ёй, бачны ўсе мае недахопы ці добрыя бакі... А я ж ёй столькі прынёс пакут і няшчасцяў! І не прабачэння за ўсё прасіць еду, хаця, мажліва, тое і трэба было б зрабіць...
Непакоіла яшчэ адно: ці не параню сваім прыездам яе душу, ці не апалю сэрца неасцярожна сказаным словам-напамінкам? Бо тады мне ўжо ніхто не даруе, тое сабе не дарую і сам...
Памажы, Божа, і мне, і ёй!..
Доўга блукаў я вакол нашага дома, у якім пражыў не адзін год. Стараўся ўтаймаваць хваляванне і неспакой, каб на вочы Людміле Герасімаўне паказацца чалавекам прыстойным і каб не выклікаць ніякага падазрэння. Мусіў прызнацца, што ніяк не мог прыдумаць паданне, каб не выклікаць у яе хаця б іскрынкі насцярожанасці, нават і намёку на яе.
Дом-«хрушчоўка» стаяў над саменькай Прыпяццю – паўз дарогу на Кімбараўку. Хоць вудачкі з балкона ў рэчку закідвай і цягай падлешчыкаў і шчупакоў...У акне – нашым акне – гарэла святло. Бачыў, хадзіла жанчына па кухні. Мо рыхтавала гарбату ці каву. Навучыліся мы гатаваць адмыслова – ляснік паляшуцкі, дзядзька Язэп, навучыў, калі ездзілі да яго ў госці. А запарваў ён кіпень на сваіх зёлках – лясных і лугавых...