Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Нейкі час звінела маўчанне, і я падумаў, што між намі парушылася сувязь, але праз колькі доўгіх секундаў пачуўся яе чысты і ўпэўнены голас:
«Калі па часе, то далёка. Па адлегласці – не вельмі. А так, то ля Дзвіны, недалёчка ад ракі. Сафійка добра бачна, сонцам асветлена...»
«Пра які час ты гаварыла? І што там за крыкі ў цябе? Ты нешта не дагаворваеш, Яніна! У нейкім страшным ты часе, у якім?!»
Зноў маўчанне. Потым пачуўся ўздых. Некага папрасіла не замінаць ёй, вымаўленне было не сучаснае, як са мной гаварыла, а старажытнабеларускае. Праз колькі хвілін мне паведаміла кароткімі сказамі:
«Я – у Полацкім княстве. Спалены вёскі і паселішчы. Расейскі грозны цар Пятро Першы забраў беларусаў у рабства, у няволю. Нас вяроўчынамі павязалі і пагналі ў палон – у Масковію... Я ж – палачанка, нявольніца, прыгонная... І я разам з людскім натоўпам брыду босая па мёрзлай зямлі. Гінуць людзі – дзеці, жанчыны, дзяўчаты. Тут – пекла. Тут – жах і смерць...»
«Яніна-ааа! – крычу занепакоена ў прастору, малю Сусвет, каб не абарвалася нашая сувязь. – Янінка! Каханая! Мне можна да цябе? Я выратую і выбаўлю з таго жудаснага царскага палону...»
«Не, не і не! Ні ў якім разе! За мяне не турбуйся – усё будзе добра. Ты ж ведаеш, што я ў тваім часе жывая. Таму і не павінна са мною здарыцца кепскага. То з княствам кепска. Чорныя часы ў гэтым стагоддзі... Гісторыкам не пад сілу апісаць і перадаць тыя пакуты, што выпалі на долю Полаччыны. Адключыся ад мяне на некалькі дзён. Так трэба. Цалую, любы! Набірайся сілаў для будучых сваіх падарожжаў. Наперадзе ў цябе вельмі адказнае і цікавае жыццё. Бывай, каханы, чакай мяне! Хутка пабачымся!..»
«Цалую. Да сустрэчы!..»
Нічога сабе камандзіровачка – на вайну ў Полацкае княства! Ці не ў самы страшны і крывавы час занесла яе? Сама ж, пэўна, і выбрала. Для чаго тое ўсё? Хіба ж мы можам цяпер што-небудзь змяніць, памяняць ход гісторыі, пусціць у другое рэчышча? Ці можа якая больш важная задача стаіць перад ёю і перад тымі, хто паслаў яе туды? Пэўна ж, збірае тыя камяні-сведкі, што і лягуць у агульны падмурак княства Ліцвініі... Зноўку ўсё аціхла. Цяпер выразна было чуваць, як Змітрок пасвістваў носам, нешта мармытаў у сне.
Я прыняў рашэнне. Унутраны стан мой прачнуўся і прагнуў нейкіх дзеянняў. На месцы ўжо заставацца больш не мог.
«Мой харошы і шчыры сябар Змітрок-Кісялёк! – накрэмзаў я на паперы зварот да яго. – Не крыўдуй, але мне трэба адлучыцца па вельмі і вельмі вялікай патрэбе на дзянёк-другі... Згода? Пацярпі мяне ўжо такога. Я адраблю сваю радоўку, усе дні потым вярну табе працай. Буду ўкалваць дні і ночы...»
На вуліцу выйшаў нашым тайным калідорчыкам. Зачыніў на сакрэтны папіхач дзверы і падаўся ноччу на чыгуначны вакзал.
Было ціха і зорна ў небе.
На вакзале процьма народу – з клункамі, кашалямі, сумкамі, чамаданамі... Спалі «працоўныя масы» на сваім законным месцы – на падлозе, сярод пляўкоў і харкаў уперамежку з крывавымі высілкамі; падсцілалі якую газеціну ці світку, а то і зусім нічога – клаліся на халодны, вытаптаны мільёнамі падэшваў, бетон.
Людзі ніколі не абураліся, радаваліся за месца. За доўгія гады быдлячага існавання прыцярпеліся, прызвычаіліся.
Мне можна было пайсці ў вакзальны гатэль. Але мне нельга было тое рабіць. У мяне ж, як і ўва ўсіх астатніх, не было ўдосталь грошай. Ліцвін лепей прасядзіць ноч на падлозе, перадрэмле, перачакае, перацерпіць, чымся заплаціць грошы за выгоды і зручнасці. Заўсёдна думае: «Не, лепей я іх, свае грошыкі, на нешта іншае патрачу, карыснае і значнае, а адпачнём некалі пасля, на тым свеце адаспімся...» Такім ужо нарадзіўся ліцвін. Такім ужо зрабіла яго жыццё.. Прысеў упобачкі з бабуляй у старым паношаным паліто і ў хустцы-канаплянцы, слухаў сны і думкі, смяяўся разам з усімі, радаваўся, перажываў...
Не, тут быў не ППШ, тут іншы пласт і настрой. Той пласт людской дабрача-шчымлівай энергіі, калі выпадковыя людзі, перакінуўшыся словам-другім, адразу пачынаюць цяплець душой і гатовы падзяліцца сваімі нават самымі патаемнымі думкамі і меркаваннямі, планамі і марамі...
Дзіўнае стварэнне чалавек –- непрадказальны! Адкрывай і адкрывай у ім прыгожае і добрае – і дарэшты ніколі не адкрыеш!Што ні чалавек, то новая загадка. Што ні жанчына, то клубок эмоцый і жаданняў... Чаго толькі не жадалася жанчыне! Пра тое яна нікому-нікому не раскажа, якая б ні была балаболка. Ёсць у яе забаронныя тэмы, вядомыя толькі аднаму Богу.