Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі.
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 90
Перейти на страницу:

— Цікава! — не схаваў я захаплення. — А чаму Цмок не любіць солі?

— Солі не любяць усе, хто жыве ў пазасвеце. ну, не сярод людзей. Соль. яна як абярэг. Прыкмета ж вось ёсць: рассыплеш соль — да сваркі ў сям’і. Таму, што соль у тыя часы была вельмі рэдкая, каштоўная, яе ашчаджалі, бераглі. Таму ў яе і такія якасці абярэга.

Нейкі час я маўчаў, раздумваючы над тым, што з пачутага можа прыдасца практычна. Ведаць, безумоўна, цікава, але ж Насця Грыцук не была чорным пеўнем. Я ўсміхнуўся сваім думкам і спытаў:

— А хіба не недарэчна гучыць умова нараджэння Цмока: напачатку певень павінен знесці яйка?

— Ты таму і пасміхаўся? — трошкі раўніва спытала Надзея.

— Ды ўспомніў дзіцячую загадку: знёс певень яйка на кітайска-савецкай мяжы. Каму дастанецца: кітайцам ці савецкім?

— Ага, помню і я, — пасур’ёзнела Надзея. — А знаеш… пустое доўга не жыве.

— У сэнсе?

— У тым сэнсе, калі нешта мае пад сабой доўгую гісторыю жыцця ў казцы, міфе, то там заўсёды схаваны глыбокі сэнс, зашыфраваныя веды, сапраўдная гісторыя.

— Ты перакананая, што за кожнай небыліцай нешта хаваецца?

— А ты зменшыш свой скепсіс, калі я нагадаю табе, як была раскапана Троя? Да Шлімана нават ніхто і не сумняваўся: выдумка, казка, легенда, міф! А лабірынты Мінатаўра? Яшчэ прыклады хочаш?

Якой прыгожай стала Надзея ў сваім узбуджэнні! Яна падалася наперад, прымружаныя вочы ззялі, нават невялікая складка на лбе не псавала твару, а надавала яму энергіі. Трапяткія ноздры вострага носа ўздрыгвалі. Я ўпершыню бачыў Надзею такой: сапраўды ўзрушанай, зацікаўленай, крышку нават агрэсіўнай, якая казала пра сваё, роднае і блізкае, бараніла яго. Міжволі ўсміхнуўся.

— Чаго ты смяешся? — разгублена спыніла сябе Надзея, неяк адразу асела, быццам птушка крылы склала.

— Прабач, калі ласка, — я прыгарнуў Надзею да сябе, пальцы правай рукі запусціў у яе валасы — ад скроні далей, нібы расчэсваў. Ведаў — яна любіла, калі я так рабіў. — Ты зараз мне так нагадала нашу сакратарку ў адзін дзень. Да яе прыйшла сяброўка, нешта пачалі гаварыць пра дзяцей. У сакратаркі двое, звычайныя дзеці, без асаблівых талентаў. І вось сяброўка неяк няўклюдна ўпікнула нашу Зіначку, маўляў, дзеці твае ні ў музычнай школе, ні ў мастацкай. О, як усхапілася Зіначка! Яна так бараніла сваіх, у тры сказы даказала, што яе дзеці — найлепшыя! Вось. І ты так бараніла сваё. свайго Цмока.

Крануўся вуснамі лба Надзеі. Удыхнуў пах яе валасоў. І нечакана Надзея застыла напружаная. Упершыню я адчуў такую незразумелую нерухомасць Надзеі, і мяне трывожна казытнула: нешта здарылася?

— Васіль. Можна я нараджу ад цябе дзіця?

Надзея вымавіла сваё пытанне, асцярожна, просячыся, вызвалілася з маіх рук, нейкае імгненне сядзела, схіліўшы галаву, потым узняла на мяне вочы.

Я пацягнуўся па цыгарэты.

Калі ў нас здарылася блізкасць, у той самы першы раз, неяк адным словам Надзея дала мне зразумець: мне не трэба непакоіцца пра наступствы. І мы ўвесь час не засцерагаліся.

— Я не разумею, як так атрымалася. — крыху нервова прагаварыў я, мнучы цыгарэту.

Унутры мяне пачынала дробна трэсці. Раптоўна я зразумеў, як жыццё, тое, якое ёсць сёння, можа абрынуцца, і замест яго ўзнікне нешта новае, пакуль чужое для мяне, а галоўнае — без майго жадання. Як жа так? Чаму яна вырашыла падмануць мяне?

— Вой, дурненькі! — весела-адчайна ўсклікнула Надзея. Саслізнула на калені перада мною, абхапіла мае ногі, паклала на іх галаву і зноў зірнула на мяне, знізу наверх, але з неверагоднай пяшчотнай перавагай.

— Дурненькі, — паўтарыла яна з усмешкай. — Нічога не здарылася. І не магло здарыцца. А ты падумаў? Падумаў?

І стаў тухнуць, знікаць цёплы агеньчык у яе вачах. Яна зразумела: я падумаў менавіта так, больш за тое, яна адчула, што ў мяне такая навіна выклікала ніяк не радасць.

Надзея не стала чакаць ад мяне нейкіх словаў. Яна зразумела? Зразумела, што я разгубіўся, спалохаўся? Зразумела, як у мяне маланкай пранеслася думка: вось, заляцела — нікуды не дзенешся, мусіш ажаніцца?

Зрэшты, усё было няважна. Бо Надзея зноў пачала казаць ціха, вінавацячыся:

— Я хачу нарадзіць дзіця. Вельмі хачу. Мне ўжо наўрад ці замуж выйсці. А ад абы-каго нараджаць не хачу. Васіль. няхай яно народзіцца ад цябе. Хочаш, я напішу і падпішу паперу, што не буду мець ніякіх прэтэнзій да цябе?

Я быў не разгублены — мяне літаральна аглушыла. Мноства думак, пачуццяў узарвалі свядомасць. Не было магчымасці за нешта зачапіцца. І толькі адна, самая недарэчная думка, пульсавала ў скронях: вось Насця Грыцук — для некага нараджала, а ты — будзеш такім жа сурагатным бацькам.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)