НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Палітыка беларусізацыі БССР змяніла таксама стаўленне да гэтай дзяржавы палітыкаў, якія ўваходзілі ў састаў эміграцыйных структур Беларускай Народнай Рэспублікі і беларускіх дзеячаў у Польшчы. На савецкія пазіцыі перайшлі амаль усе айчынныя інтэлектуалы, якія раней удзельнічалі ў стварэнні БНР. Атрымалі яны прэстыжныя пасады — загадчыкаў кафедраў Белджяржуніверсітэта, Акадэміі навук, навуковых, выдавецкіх і літаратурных інстытутаў. Стваралі яны беларускую нацыянальную рэчаіснасць, рабілі тое, аб чым марылі, засноўваючы Беларускую сацыялістычную грамаду і іншыя партыі да 1920 г. Тыя, што засталіся ў эміграцыі ў Нямеччыне, Чэхаславакіі і Літве мелі толькі кіраўнічыя пасады ў неіснуючай дэфакта дзяржаўнасці і ніякіх перспектыў уздзеяння на сітуацыю ў краіне. Беларускія дзеячы, якія апынуліся на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, хутка пераканаліся, што атрыманне ад польскіх урадаў якіх-небудзь канцэсій на карысць беларускай культуры — немагчымае. У палітыкаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады былі істотныя аргументы для таго, каб сваю партыю ўчыніць рухам на карысць аб’яднання беларускіх зямель у рамках савецкай дзяржаўнасці.
Беларускія камуністы дазвалялі эміграцыйным дзеячам, вядомым сваімі антысавецкімі поглядамі, публікаваць на старонках сваіх выданняў. У Мінску друкаваліся артыкулы аб здарэннях 1917–1920 гадоў, у якіх факты і іх інтэрпрэтацыя не супадалі з бальшавіцкім асвятленнем гэтых падзей. Улады БССР сістэматычна і ў рознай форме заахвочвалі эмігрантаў вярнуцца ў Беларусь і ўключыцца ў дзеянні на карысць айчыны і нацыянальнай культуры. Згаданы з’езд БПСР ад 1924 г., які прыняў рашэнне аб самароспуску партыі, быў таксама прапагандысцкім мерапрыемствам, якое мела пераканаць беларусаў у замежжы ў тым, што няма лепшай дарогі да ажыццяўлення нацыянальных мэтаў як цераз шэрагі бальшавіцкай партыі.
Сярод прыхільнікаў ліквідацыі структур БНР і далучэння да будовы беларускай савецкай дзяржавы апынуўся Аляксандр Цвікевіч, які з красавіка 1923 г. выконваў абавязкі прэм’ерміністра эміграцыйнага ўрада ў Коўне. Падчас Усебеларускай канферэнцыі, якая адбылася ў Берліне 12–16 кастрычніка 1925 г. з удзелам прадстаўніка беларускага савецкага ўрада Зміцера Жылуновіча, Цвікевіч выступіў з тэзісам аб неабходнасці трывалага замацавання Беларусі ў структурах СССР. Сітуацыя беларусаў, якія апынуліся ў межах Польшчы — гаварыў Цвікевіч — указвала, што для савецкай арыентацыі няма ніякай альтэрнатывы. А існаванне структур БНР аслабляла і падрывала аўтарытэт беларускага савецкага ўрада. Цвікевіч, разам з некалькімі прадстаўнікамі эміграцыйнага ўрада падаліся ў адстаўку і пераехалі ў Мінск. Экспрэм’ер быў прызначаны старшынёю Таварыства культурных сувязей Савецкай Беларусі з заграніцай.
Год пазней на навуковую канферэнцыю ў Мінск прыбыў Вацлаў Ластоўскі, які ў эміграцыйных асяроддзях карыстаўся велізарным аўтарытэтам. Улады БССР падрыхтавалі яму спецыяльную праграму пабыўкі на радзіме. Пад уражаннем перамен, якія здзяйсняліся ў краіне, Ластоўскі рашыў застацца на пастаяннае жыхарства ў Мінску. Спачатку быў ён прызначаны дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, а пасля працаваў неадменным сакратаром Беларускай Акадэміі навук. Прыклад Цвікевіча і Ластоўскага заахвоціў многіх беларускіх эмігрантаў вярнуцца на радзіму. Некалькі гадоў пазней, калі памянялася нацыянальная палітыка Сталіна, яны першымі былі абвінавачаны ў нацыяналізме, варожасці да народа і савецкай улады.
Барацьба супраць «нацыянал-дэмакратаў»
У 1925 г. з’явіліся першыя спробы замарудзіць працэс нацыянальнага адраджэння. У кастрычніку гэтага ж года на пленуме ЦК КП(б)Б была прынята пастанова «Аб нацыянальнай палітыцы», у якой далейшае працягванне палітыкі НЭПа і звязанае з гэтым развіццё капіталізму ў гаспадарцы прызнавалася немэтазгодным, паколькі ўмацоўвае яно буржуазную ідэалогію, якая ў Беларусі выяўлялася ростам нацыянал-дэмакратычных настрояў. Гэтая з’ява — сцвярджалася ў пастанове — ахапіла не толькі дробную буржуазію, інтэлігентаў і сялян, але і частку камуністаў. Пленум заклікаў партыю на барацьбу дзеля забеспячэння выканання «бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі». У 1925 г. больш за палову партыйнага апарату складалі бальшавікі, якія прыбылі сюды з Расіі. Да гэтай пары, пакуль не было выразных указанняў з Масквы, яны самі не мелі магчымасці прынцыпова памяняць палітыку партыі ў нацыянальных пытаннях.