Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:
— Я не виду...
— Вижу, — раздражнёна сказала Жэня.
— ...не вижу беларуски нация... я вижу чу-чуть люди... который... ммм... хотеть она называться...
Но это не есть нация... Я думать что беларусы... терьять своё сафтра...,— гэта ён сказаў з салодкім садысцкім задаволеннем, — Но конечно... я понимать... ви иметь... плёхое история... Unglucklische Volk... О, я просить просчения...
Зморшчыны вярнуліся на мейсца.
— Вы не понимаете, — з гарачай перакананасцю загаварыў Пятрусь Аборка. — Вот в Великом Княжестве Литовском беларуский был языком справаводства... а военные победы! Князь Альгерд... а Витаўт! А кто книгопечатание в Москву привёз?
— Честное слово, не я, — сур'ёзна сказала Жэня.
— ...А этот мудак задушил наше Адраджэнне... и в Россию тянет...
— Я тошэ чу-чуть знать... история... — усміхнуўся Гюнтэр. — Народ... который іметь Ренессанс раз в пятьдесят лет..., — Гюнтэр зьняў руку з успацелай Жэнінай спіны, — и так и не родить... простите, не возродить... себья... это... это странно.
Гюнтэр пазяхнуў проста ў твар Петрусю.
— Und noch. В Европа мало снать про Беларус и про этот фаш... Большое Латышское Княжество... Простите.
— Вы поймёте, — пляснула зь Петруся жарсьцю. — Вы ведь в провинцию едете? Там беларусы живут. Вы увидите своими глазами... Вы услышите..
— Вы услышите своими ушами, вы попробуете на язык, вы унюхаете своим носом, — насмешліва сказала Жэня. — Петрусь, не спорьте с ним, он всё равно не понял половины ваших словоизлияний. Блин, едем так долго, а ещё даже до Молодечно не доехали...
...У Вілейцы йшоў дождж — ягоны транспарт абагнаў аўтобус недзе на шашы. Гюнтэр і Жэня прасядзелі ўсе пятнаццаць хвілінаў стаянкі ў аўтобусе... кіроўца якраз пад іхнімі вокнамі разьмінаўся й бессаромна, засяроджана часаў сябе паміж ног. „Scheise,” — сказаў Гюнтэр і завесіў фіранку. Пасьля ўпартага супраціву сарака хвілінаў яны саскочылі на ўзбочыну ў змрочным бязьлюдным мейсцы. (сцяжынка, галінка, мурашнік, паляны, вершаліны дрэваў, птушыныя галасы — некалькі хвілінаў яны моўчкі йшлі праз сапсаваны беларускай літаратурай лес, які гэтак прагнуў закінуць ім за каўнер пару кропляў, цяжкіх, сцюдзёных. Жэня ажыла, набрала падасінавікаў і кабылак, якія выкінула пад бліжэйшай сасной, забегла далёка наперад і раптоўна вылецела з хмызьняку: „Партизанен!». Хутка яна абтрасала са спадніцы ўчэпістыя іголкі, пакуль Гюнтэр зашпільваў нагавіцы зь вялікаю плямаю на левам калене, пасярэдзіне якой уладкавалася нешта васьмілапае... Але ў іх чамусьці нічога не атрымалася... Жэню гэта не засмуціла. Нарэшце забялела, затарахцела — да вёскі заставалася зусім нічога. Насустрач ім рыпела на ровары кабета ў сіняй мужчынскай куртцы і ў гумовых ботах. Параўняўшыся зь імі, кабета лёгка саскочыла на зямлю й сказала, шырока разяваючы рот:
— Во, мінскія прыехалі! Здраўствуй, Жэня, саўсем бальшая стала, можа й замуж ужо, га? Не? А бацька прыехаў?
— Здрасьте, тётка Ванда. Я с Гюнтером, он немец, везу к деду знакомить...
— Здрасьці, — засаромелася цётка Ванда. — Ну, я паехала, мне яшчэ ў магазін трэба, наш трэйці дзень не работае. Захадзіце ў госьці, не забыла, дзе мая хата?
Кабета паехала далей, а яны ўвайшлі ў вёску, дзе амаль адразу ж — Смотри! — іх сустрэла жоўтая хаціна, ля якой, нібы зьбіраючыся фатаграфавацца, стаялі дзед з бабаю. На грудзёх дзеда ўспыхвала й гасла гронка мэдалёў і ордэнскіх плянак. Бабка, зрэшты, ніякага дачынення да Жэнінай фаміліі ня мела і адразу ж адплыла, цяжка перакульваючы на бок свае капусныя клубы. Дзед жа, пусты рукаў якога, запраўлены ў нагрудную кішэню, быццам шукаў там чагосьці — акуляры, папяросы альбо іншых якіх маленькіх сяброў, нічога не сказаў на гюнтэрава прывітанне. Ён толькі паглядзеў на госьця ўважліва, але памяць выдавала дзеду ня тыя, ня тыя фота: Гюнтэр быў на іх, але або сьпіною, альбо схіліўшы твар, альбо ў цені...
Ля брамкі суседзкія дзеці эксгумавалі нешта ў пяску, і цьвёрдае „ч”, як камякі гліны, шмякала па слыху. Гюнтэр усьлед за Жэняю прайшоў праз досыць дагледжаны двор і пад радаснае гаўканьне ўвайшоў у хату.
Жэня адразу ж, нібы ў яе вырасьлі дадатковыя рукі, бурліва пачала распакоўваць рэчы — „Во, деда, будешь первый модник на деревне!” Гюнтэраў кейс стаяў ля качаргі, як канцлер Шродэр з Алаізай Пашкевіч ля алтара. На прасьцюжанай трасянцы загаманіў тэлефон — дзед асірацелай рукой зьняў слухаўку.
— Здраўствуй, сыночак... Прыехалі, прыехалі... А, патроху... Ну зараз будзем. Бліноў во, смятаны. Ты ж... А... Ты б сам там меньша піў... Ну ўсё, усё, добра... Алене скажы, каб Зоі пазваніла, не забудзь... Ну ўсё... Усё..
— ...Немец, значыць, — за сталом дзед урэшце зьвярнуўся да Гюнтэра. — Многа пра вас гавораць...